10 верасня яхта знаходзілася пад 5°37' шыраты і 31°15' даўгаты. У гэты дзень Гленарван даведаўся пра адну гістарычную дэталь, невядомую для большасці нават самых адукаваных людзей. Паганель расказваў гісторыю адкрыцця Амерыкі. Гаворачы пра вялікіх мораплаўцаў, па маршруту якіх цяпер плыла яхта, ён зазначыў, што
Хрыстафор Калумб памёр, так і не даведаўшыся, што ён адкрыў Новы Свет.
Усе недаверліва ўскрыкнулі і запратэставалі. Але Паганель настойваў на сваім сцвярджэнні.
— Гэта зусім верна,— гаварыў ён. — Я не хачу змяншаць славу Калумба, але гэта бясспрэчны факт. У канцы пятнаццатага стагоддзя ўсе розумы былі заняты адным: палегчыць спосабы гандлёвых зносін з Азіяй, знайсці новую дарогу на Усход,— адным словам, знайсці карацейшы шлях у «краіну пранасцей» — Індыю. Гэту задачу ставіў перад сабой і Калумб. Ён зрабіў чатыры падарожжы і падыходзіў да берагоў Куманы, Гандураса, Маскітнаму берагу, Нікарагуа, Верагуа, Коста Рыкі і Панамы, лічачы іх за берагі Японіі і Кітая, і памёр, так і не заўважыўшы існавання адкрытага ім вялізнага мацерыка.
— Я хачу вам верыць, дарагі Паганель,— сказаў Гленарван. — Тым не менш я не магу супакоіцца ад здзіўлення. Скажыце хаця-б, хто з мораплаўцаў заўважыў памылку Калумба?
— Яго паслядоўнікі: Охеда, які суправаджаў яго ў падарожжах, Вінсент Пінсон, Амерыго Веспучы, Мендоса, Басцідас, Кабраль, Соліс, Бальбоа. Гэтыя мораплаўцы прайшлі ўздоўж усходніх берагоў Амерыкі, з поўначы на поўдзень, унасімыя тою-ж плыняй, якая праз трыста шэсцьдзесят гадоў уносіць нас! Ведайце, сябры мае, мы пераплылі экватар на тым самым месцы, дзе ў апошнім годзе пятнаццатага стагоддзя пераплыў яго Вінсент Пінсон, а цяпер мы набліжаемся да восьмага градуса паўднёвай шыраты, пад якім ён прычаліў да берагоў Бразіліі. На год пазней партугалец Кабраль забраўся яшчэ далей — да цяперашняга порта Сегура. Потым Веспучы, у 1502 годзе, у час трэцяй сваёй экспедыцыі, заплыў яшчэ далей на поўдзень. У 1508 годзе Вінсент Пінсон і Соліс злучыліся для сумеснага даследавання берагоў новага мацерыка. У 1514 годзе Соліс адкрыў вусце Ла-Платы і быў з’едзены тубыльцамі, аддаўшы Магелану славу першым абыйсці мацярык. Гэты вялікі мораплаўца ў 1519 годзе накіраваўся ў плаванне на чале экспедыцыі з пяці караблёў, праплыў уздоўж берагоў Патагоніі, адкрыў порт Жаданы, порт св. Юліяна, адкрыў пад пяцьдзесят другім градусам шыраты праліў Адзінаццаці тысяч дзяўчын, які павінен быў пазней атрымаць яго імя, і ўрэшце 28 лістапада 1520 года апынуўся ў Ціхім акіяне. Падумаць толькі, як павінна было біцца сэрца ў гэтага чалавека, якую радасць павінен быў ён перажыць, убачыўшы гэта новае мора, якое заблішчэла на кругавідзе пад сонечнымі праменнямі!..
— О, пане Паганель,— ускрыкнуў Роберт, захапіўшыся хваляваннем вучонага,— як-бы я хацеў быць там у гэты час!
— І я таксама, мой хлопчык! Я-б не прамінуў такога выпадку, каб меў магчымасць радзіцца на чатыры стагоддзі раней!
— Як нам падзякаваць неба за тое, што вы нарадзіліся ў наш час? — сказала Элен. — Інакш вы не былі-б з намі на палубе «Дункана», і мы-б не даведаліся пра гэтую гісторыю!
— Вам-бы яе расказаў другі які-небудзь безуважлівы географ. І ён дадаў-бы, што даследаванне заходняга ўзбярэжжа мацерыка было здзейснена братамі Пізаро. Гэтыя смелыя авантурысты заснавалі тут шмат гарадоў. Куско, Квітко, Ліма, Сант-Яго, Віла-Рыка, Вальпарайзо і Кансерпсіён, к якому накіроўваецца цяпер «Дункан», былі закладзены імі. Адкрыцці Пізаро і Магелана дазволілі нанесці на карту прыкладны контур новага мацерыка, на вялікую радасць вучоных Старога Свету.
— О, каб я быў на іх месцы, я не задаволіўся-б гэтым,— сказаў Роберт.
— Чаму? — запытала Мэры, мацярынскі гледзячы на малодшага брата, вочкі якога заблішчэлі пры расказе аб адкрыццях.
— Скажы, чаму, мой хлопчык? — у сваю чаргу папрасіў Гленарван, і ўхвальна ўсміхнуўся Роберту.
— Таму што я не супакоіўся-б, пакуль не даведаўся-б, што знаходзіцца далей на поўдзень ад Магеланава праліва!
— Брава, мой хлопчык! — сказаў Паганель. — Я таксама пастараўся-б даведацца, ці ёсць на поўдні яшчэ якія-небудзь землі ці да самага полюса цягнецца адкрытае мора, як меркаваў ваш, сябры мае, зямляк Дрэк. Не сумняваюся, што каб Роберт Грант і Жак Паганель жылі ў семнаццатым стагоддзі, яны-б пайшлі разам з Ван-Схоутэнам і Лемерам, двума галандцамі, якія паставілі сабе за мэту раскрыць гэту геаграфічную загадку.
— Гэта былі вучоныя? — запытала Элен.