— Аднак! — усклікнуў Гленарван.— Вось гэта навіна!.. Ці чулі вы пра гэта, маёр?
— Не,— адказаў Мак-Набс,— але я не даў-бы меднага граша, каб даведацца пра гэта.
— І тым не менш вы даведаецеся, роўнадушны вы чалавек!— сказаў Паганель.—Магелан назваў тубыльцаў «патагонцамі», гэта верна; але фіджыйцы завуць іх «цірэменеі», чылійцы — «каукалу», каланісты Кармена — «цегуельхі», арауканцы — «уіліхі»; Бугенвіль дае ім імя «чаухі», а самі сябе яны называюць «іпакен». Дазвольце запытаць у вас, якім-жа імем называць іх і наогул ці можа існаваць народ, у якога столькі імён?
— Вось гэта сур’ёзны доказ,— засмяялася Элен.
— Прымаю яго,— сказаў Гленарван,— але я спадзяюся наш агульны друг Паганель прызнае, што калі існуе сумненне наконт імя патагонцаў, то ў адносіне іх росту няма разыходжання?
— Ніколі я не пацверджу гэтай страшэннай недарэчнасці! —жвава адказаў географ.
— Яны велізарнага росту? — настойваў Гленарван.
— Не ведаю.
— Яны нізкія? — падказала Элен.
— Гэта нікому невядома.
— Сярэдняга росту? — запытаў Мак-Набс, каб усіх памірыць.
— Не магу вам сказаць.
— Ну, гэта ўжо занадта! — усклікнуў Гленарван.— Падарожнікі, якія бачылі іх...
— Гэтыя падарожнікі надта пярэчаць адзін аднаму,— перапыніў яго Паганель. — Магелан, напрыклад, сцвярджаў, што яго галава ледзь даходзіла ім да пояса.
— Вось бачыце!
— Бачу. Але Дрэк гаворыць, што самы высокі патагонец ніжэй сярэдняга англічаніна.
— Ну, наконт англічан я сумняваюся,— пагардліва зморшчыўся маёр. — Вось каб ён гаварыў пра шатландцаў, тады была-б іншая справа.
— Кэвендыш запэўняе, што яны моцныя і высокія людзі! — прадаўжаў Паганель. — Гаукінс называе іх веліканамі. Лемер і Ван-Схоутэн сцвярджаюць, што яны адзінаццаці футаў ростам.
— Вось гэта сведчанні, якія варты веры,— сказаў Гленарван.
— У такой-жа ступені, як сведчанні Вуда, Нарборо і Фалькнера аб тым, што патагонцы людзі сярэдняга росту.
З другога боку, Байран, Ла-Жыродэ, Бугенвіль, Уэльс і Картрэ вызначаюць іх рост у шэсць футаў шэсць дзюймаў, а д’Орбін’і вучоны, які як быццам лепш за ўсіх ведае гэтую краіну, за сярэдні рост патагонца лічыць пяць футаў чатыры дзюймы.
— Але-ж як вызначыць, якое з гэтых супярэчлівых сведчанняў — праўда? — запытала Элен.
— Вы пытаецеся, дзе праўда? — адказаў Паганель. — Праўда ў тым, што ў патагонцаў доўгае тулава і кароткія ногі. Усе супярэчнасці можна змірыць, калі прызнаць, што патагонцы ростам у шэсць футаў, калі сядзяць, і ў пяць футаў, калі стаяць.
— Брава! вось гэта дасціпна сказана! — крыкнуў Гленарван.
— Але гэта будзе праўдай у тым выпадку, калі яны сапраўды існуюць; калі-ж гэты народ не існуе, супярэчнасці самі па сабе адпадаюць. Дарэчы, сябры мае, Магеланаў праліў цудоўны і без патагонцаў!
У гэты час «Дункан» абыходзіў выступ поўвострава Брунсвік. З абодвух бакоў яхты разгортваліся цудоўныя панарамы. У сямідзесяці мілях ад мыса Грэгоры яхта пакінула за штырбортам папраўчую турму Пунта-Арэна. Чылійскі флаг і шпіль званіцы мільганулі між дрэваў і зніклі. Праліў выгінаўся цяпер між унушальнага выгляду гранітнымі масівамі. Падножжы гор былі захованы ў нетрах густых лясоў, а верхавіны іх, упрыгожаныя шапкамі вечнага снегу, былі ахутаны пялёнкай воблакаў. На паўднёвым захадзе ўзнімалася на шэсць з паловай тысяч футаў верхавіна гары Тарн.
Пасля доўгага змроку настала ноч: дзённае святло павольна раставала, афарбоўваючы мясцовасць у невыразныя поўтоны. Неба ўкрылася трапяткімі зоркамі. Яркае сузор’е Паўднёвага Крыжа паказвала напрамак паўднёвага полюса.
Сярод гэтай ззяючай цемры, пры святле зорак, якія замяняюць тут маякі цывілізаваных краін, яхта смела ішла па свайму шляху, не жадаючы перачакаць ноч, на адной з выгодных якарных стаянак, якіх даволі многа ёсць у Магеланавым праліве. Часам верхавіны яе мачт чапляліся за галінкі антарктычных букаў, схіленых над вадой з высокага берагу; часта вінт яхты бударажыў спакойную ваду вусцяў вялікіх рэк, абуджаючы качак, гусей, бекасаў, чыркоў і ўсё астатняе пярнатае насельніцтва гэтых мясцін. Нечакана з цемры выплылі няясныя абрысы каменных глыб, якія рабілі велічнае і грандыёзнае ўражанне. Гэта былі сумныя руіны пакінутай калоніі. «Дункан» праплываў міма порта Голада.
Тут у 1581 годзе пасяліўся з чатырмястамі эмігрантаў іспанец Сарміенто. Пасяленцы заснавалі тут горад Сант-Феліпе. Суровая зіма спустошыла колонію, а неўраджай і голад даканалі тых, каго памілаваў холад. Карсар Кэвендыш, наведаўшы калонію ў 1587 годзе, застаў жывым апошняга з чатырохсот няшчасных эмігрантаў, які паміраў ад голаду на руінах горада, што праіснаваўшы каля шасці гадоў, выглядаў шасцівяковым.