У гэты дзень, 17-га, каля дзесяці гадзін раніцы, атрад перайшоў праз нейкую дарогу.
Гленарван запытаў у катапацы, што гэта за дарога, і на гэта пытанне, як звычайна, адказаў яму Жак Паганель:
— Гэтая дарога з Юмбеля ў Лос-Анжэлос.
Гленарван зірнуў на катапаца.
— Зусім верна,— сказаў той і, звяртаючыся да географа, дадаў:— вы, відавочна, ужо вандравалі па гэтай мясцовасці?
— Зразумела,— адказаў Паганель.
— На муле?
— Не, седзячы ў крэсле.
Катапац не зразумеў і, паціснуўшы плячыма, вярнуўся на сваё месца на чале атрада.
Каля пяці гадзін папаўдні экспедыцыя прыпынілася ў неглыбокай цясніне ў некалькіх кілометрах ад горада Лоха.
Гэтую ноч падарожнікі начавалі каля падножжа с’ер, першых сходак вялікага хрыбта Кардыльераў.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
12000 футаў над узроўнем мора
Да гэтага часу пераход цераз Чылі быў зусім няцяжкім. Але, пачынаючы з гэтага месца, атрад чакалі ўсе перашкоды і небяспекі, з якімі звязана ўзыходжанне на высокія горы. Тут павінна была пачацца жорсткая барацьба з прыродай.
Перад выхадам далей давялося вырашыць вельмі важнае пытанне: якім перавалам пры пераходу цераз Кардыльеры патрэбна карыстацца, каб як мага менш ухіліцца ад прамога шляху?
Першым чынам гэтае пытанне было пастаўлена перад катапацам.
— Я ведаю толькі два даступных перавалы ў гэтай частцы хрыбта,— адказаў ён.
— Перавал Арыка,— запытаў Паганель,— адкрыты Вальдзівіа Мендасой?
— Правільна.
— І перавал Віярыка, які знаходзіцца крыху на поўдзень?
— Так.
— Дык вось, сябры мае,— прадаўжаў географ,— у абодвух гэтых перавалаў той недахоп, што яны прымусяць нас ухіліцца ад прамога шляху — першы к поўначы, а другі — на поўдзень.
— Ці можаце вы параіць нам трэці праход? — запытаў маёр.
— Вядома,— адказаў Паганель,— перавал Антуко, размешчаны на вулканічным спадзе пад трыццаці сямі градусамі трыццаці мінутамі, гэта значыць ледзь на поўградуса ў баку ад нашага шляху. Ён знаходзіцца на вышыні шасці тысяч футаў і быў адкрыты Замнудзіо з Круца.
— Вельмі добра,— сказаў Гленарван.— Ці ведаеце вы перавал Антуко, катапац?
— Ведаю, сэр. Мне здаралася праходзіць гэтым перавалам. Я не гаварыў аб ім таму, што ім карыстаюцца толькі індзейцы-пастухі для прагону жывёлы з усходняга схілу гор.
— Што-ж, мой дружа,— адказаў Гленарван,—там, дзе могуць прайсці статкі кабыл, авечак і быкоў, мы безумоўна зможам прайсці. Значыцца, калі перавал Антуко дазваляе нам не ўхіляцца ад прамой, выбіраем гэты перавал!
У той момант падалі сігнал к паходу, і атрад паглыбіўся ў лагчыну Лао-Лехас, якая ляжала між двума стромкімі сценамі крысталізаванага вапняку. Пачатага тут уздыму нельга было заўважыць, бо быў адхонны спад. Каля адзінаццаці гадзін атраду давялося абыйсці невялікае вельмі маляўнічае возера, у якім прызначалі адзін аднаму спатканні ўсе навакольныя ручайкі. Яны зліваліся туды з ціхім журчэннем і без следу знікалі ў яго спакойнай празрыстасці. Вакол возера разглядаўся вялікі прастор, заняты льяносамі— густа зарослымі травой раўнінамі, на якіх пасуцца статкі індзейцаў. Пазней атрад трапіў у балота і шчасліва выбраўся з яго толькі дзякуючы інстынкту мулаў.
У гадзіну дня паказаліся руіны форта Баленарэ, які некалі горда ўзвышаўся на грэбені скалы. Атрад не спыняўся каля яго. Уздым станавіўся ўсё страмчэйшы, глеба стала камяністай, і з-пад капытоў мулаў вырываліся і з шумам каціліся ўніз каскады камення. Каля трох гадзін дня, падарожнікі ўбачылі руіны яшчэ аднаго форта, разбуранага ў час паўстання 1770 года.
— Відаць, гор недастаткова, каб падзяліць людзей,— заўважыў Паганель,— патрэбна яшчэ будаваць на горах крэпасці!
З гэтага моманту дарога зрабілася труднай і нават небяспечнай. Вугал уздыму стаў большы; сцежачкі звузіліся, з’явіліся глыбокія прорвы. Мулы асцярожна ступалі, прыгнуўшыся мордай да зямлі, быццам вынюхвалі дарогу. Атрад расцягнуўся ланцугом. Часам мадрыла знікала за раптоўным паваротам, і тады атрад ішоў, кіруючыся ледзь чутным звонам званочкаў. Здаралася, што звіліны ўздыму здвойвалі рады падарожнікаў, і тады катапац, які ішоў наперадзе атрада, мог перагаварыцца з заднімі пеонамі праз непраходнае бяздонне, якое пры шырыні ў тры-чатыры метры цягнулася на дзвесце і болей метраў у глыбіню.
Зеляніна яшчэ паспяхова змагалася тут з наступам камення, але адчувалася, што хутка мінеральнае царства пераможа расліннае. Блізкасць вулкана Антуко выяўлялася тым, што ўсё часцей сталі сустракацца патокі застылай лавы.