Выбрать главу

Аднак асалода спакою пасля такой стомы хутка дала іншы напрамак яго думкам, і страхі змяніліся надзеяй. Ён уяўляў сабе, як заўтра яны будуць ужо на раўнінах каля падножжа Кардыльераў. Толькі там пачнуцца пошукі капітана Гранта, і хутка яны закончацца поспехам. Гленарван уяўляў, як яны выратоўваюць ад пакутнага палону капітана Гранта і яго таварышоў. Самыя рознастайныя малюнкі адзін за адным мільгалі ў яго галаве і знікалі, як толькі ўвага яго адрывалася ўспышкамі іскраў у ачагу, якія асвятлялі твары сонных таварышоў і кідалі мімалётныя цені на сцены казухі. Але следам за тым дрэннае прадчуванне авалодвала ім з большай сілай. Тады Гленарван настарожваўся, імкнуўся ўлавіць нейкія дзіўныя гукі, што даносіліся з-за дзвярэй, невядома адкуль узнікшыя ў гэтых бязлюдных і пустэльных гарах. Раптам яму здалося, што недзе далёка нарастае нейкі грукат, глухі, грозны, як гром, як падземны гул. Гэты шум мог быць толькі водгуллем навальніцы, якая разыгралася дзе-небудзь каля падножжа гор, за некалькі тысяч футаў пад імі, але тым не менш Гленарван захацеў упэўніцца ў гэтым сам і вышаў з хаціны.

Месяц нядаўна выплыў з-за гарызонта. Ні аднаго воблачка не было ні на небе, ні на схілах гор. Колькі Гленарван не ўглядаўся ў цемру, нідзе не было ніякіх прымет навальніцы. Нават бліскавіцы не зыркалі на ясным небе. Толькі адсветы полымя вулкана скакалі на чорных базальтах. У зеніце паблісквалі тысячы тысяч зорак. І тым не менш гул чутны быў вельмі выразна. Здавалася, што ён набліжаецца, ідучы ўздоўж хрыбта Кардыльераў.

Гленарван яшчэ ў большым неспакоі вярнуўся назад у хаціну. Ён запытваў у сябе, якая існуе сувязь між гэтым падземным грукатам і ўцёкамі статка гуанако? Ці не быў гэты грукат прычынай спалоху жывёлы?

Ён зірнуў на гадзіннік. Было дзве гадзіны ночы. Ён не асмеліўся будзіць сваіх таварышоў, якія моцна спалі, і самога яго авалодала цяжкое забыццё.

Аглушаны грукат абудзіў Гленарвана. Здавалася, што тысячы падвод з артылерыйскімі зараднымі скрынкамі імчацца па бруку. Раптам ён адчуў, што падлога ўцякае з-пад яго ног. Хаціна захісталася і трэснула сцяна.

— Уставайце! — крыкнуў ён.

Але яго спадарожнікі і без гэтага прачнуліся. Ды і дзіўна было-б не прачнуцца, калі нешта штурхала іх у кучу і цягнула з вялікай шпаркасцю ўніз па схілу гары.

Ужо развіднівала, і страшэннае відовішча паўстала перад вачыма. Абрысы гор раптоўна зменьвалі форму. Вяршыні іх гойдаліся на сваёй аснове, а потым са страшэнным трэскам кудысьці правальваліся, нібы ў расчынены люк. Цэлы ўчастак хрыбта шырынёй на некалькі міль сарваўся з месца і рушыў уніз ў напрамку да раўніны[28].

— Гэта землетрасенне! — крыкнуў Паганель.

Вучоны-географ не памыляўся. Гэта было сапраўды землетрасенне, частая з’ява ў гарах Чылі, а асабліва ў тым месцы, дзе цяпер былі падарожнікі. Тут за чатырнаццаць гадоў горад Капіяно быў разбураны два разы, а горад Сант-Яго — чатыры разы. Гэтая частка зямной кары закрывае гіганцкі ачаг падземнага агню, і вулканы яе яшчэ маладога горнага ланцуга маюць недастатковыя клапаны для выпускання пары і газаў, якія збіраюцца пад зямлёй. Вынікам гэтага з’яўляюцца бесперапынныя падземныя штуршкі, іх мясцовае насельніцтва называе «трамблорэс».

Між тым адарваная частка гары, на якой знаходзіліся і нашы сем падарожнікаў, усё яшчэ імчалася ўніз з хуткасцю кур’ерскага поезда, гэта значыць пяцідзесяці міль у гадзіну. Ашаломленыя, перапалоханыя людзі чапляліся за зямлю, за мох. Не было чаго і думаць уцякаць куды-небудзь. Немагчыма было нават крычаць: падземны гул, страшэнны грукат абвалаў, шум ад сутычак гранітных і базальтавых каменняў рабілі дарэмнай ўсякую спробу згаварыцца. Часамі глеба пад імі слізгала плаўна і мякка, без штуршкоў; але часам пачыналася гойданне і калыханне, больш моцнае, чым на караблі ў час урагана. Падарожнікі імчаліся ўніз з неймавернай шпаркасцю, з жахам назіраючы, як правальваюцца ў сустрэчныя бяздонні велізарныя глыбы зямлі, як з карэннем вырываюцца з зямлі стагоднія дрэвы, як згладжваюцца, нібы вялікай касой, усе ўзгоркі, усе складкі ўсходняга схілу. Немагчыма ўявіць сабе сілу, якую развівала маса вагой у шмат мільярдаў тон, коцячыся з усё ўзрастаючай хуткасцю па нахілу ў пяцьдзесят градусаў.

Ніхто з падарожнікаў не мог вызначыць, колькі часу прадаўжалася гэта падзенне. Ніхто з іх не адважыўся нават падумаць, у якім бяздонні яно скончыцца. Задыхаючыся ад хуткасці падзення, аслепленыя снегавым віхорам, працятыя рэзкім холадам, трацячы часамі прытомнасць, яны ўсё-такі чапляліся за зямлю, пакараючыся ўсемагутнаму інстынкту самазахавання.

вернуться

28

Такі-ж фенамен быў на Манблане ў 1820 годзе. Пры гэтай страшнай катастрофе загінула тры праваднікі з Шамуні.