Выбрать главу

Ніхто не дадаў ні аднаго слова да прапановы маёра. Шэсць чалавек, узышоўшы на схіл гары, энергічна пачалі аглядаць кожны свой квадрат. Яны нязменна трымаліся правай граніцы абвалу, аглядаючы самыя маленькія складкі глебы, апускаючыся на дно ям, напалавіну закіданых абломкамі горнага масіва, і вылазілі адтуль з акрываўленымі рукамі і нагамі і парваным на шматкі адзеннем. Неаднаразова кожны з іх рызыкаваў жыццём. Усю гэтую частку гары, за выключэннем некалькіх недаступных высокіх пляцовак, самым дакладнейшым чынам агледзелі. На пошукі патрацілі шмат гадзін, але ніхто і не падумаў пра адпачынак. Аднак усе намаганні былі дарэмнымі. Роберт знайшоў у гарах не толькі магілу, але і помнік у выглядзе якога-небудзь велізарнага абломка скалы.

Прыблізна ў гадзіну дня Гленарван і яго спадарожнікі, змучаныя і знясіленыя, зноў сышліся ў даліне. Гленарван быў у вялікай роспачы. Ён ледзьве мог гаварыць. Часамі толькі яго збялелыя губы паціху шапталі:

— Я не пайду адсюль. Не пайду!

Усе разумелі гэтую ўпартасць і ставіліся да яе з павагай.

— Пачакаем, — ціха сказаў Паганель маёру і Тому Аусціну.— Адпачнем крыху і адновім свае сілы. Так ці інакш, ці для далейшых пошукаў, ці для далейшага паходу, але гэта неабходна зрабіць!

— Так,— адказаў Мак-Набс,— але мы застанемся тут, бо гэтага хоча Эдуард. Ён яшчэ мае надзею. На што?..

— Небарака Роберт! — сказаў Том Аусцін.

— Так, бедны Роберт! — паўтарыў Паганель, выціраючы вочы.

У даліне расло мноства Дрэў. Маёр абраў групу высокіх ражковых дрэў і пад імі размясціў часовы лагер. У падарожнікаў засталося яшчэ некалькі коўдраў, стрэльбаў, крыху сушанага мяса і рысу. Паблізу цякла рэчка, у якой яны набралі вады для піцця, яшчэ мутнай ад заваленай у яе лавы. Мюльрэдзі распаліў агонь з сухой травы і згатаваў для Гленарвана кубак гарачага кофе. Але Гленарван адмовіўся піць.

Так мінуў дзень. Ноч настала ціхая і спакойная. Гленарван паследаваў прыкладу сваіх спадарожнікаў і лёг адпачыць на сваё панчо, але не мог заснуць. Сярод ночы ён зноў устаў і пайшоў на гару. Ён забраўся вельмі высока: часта прыпыняючыся, ён то прыслухоўваўся да ледзь чутнага шолаху, стрымліваючы біццё сэрца, то крычаў у роспачы на ўвесь пустэльны схіл.

Усю ноч небарака Гленарван блукаў па гары. Маёр і Паганель па чарзе хадзілі з ім, гатовыя яму дапамагчы на гэтых слізкіх спусках, на краях бяздонняў, да якіх ён неасцярожна падыходзіў. Але ўсе пошукі былі дарэмнымі, і на тысячы разоў кінуты ў паветра вокліч: «Роберт! Роберт!» адказвала толькі рэха...

Пачало развідніваць. Маёру і Паганелю сілком давялося завесці Гленарвана ў лагер. Ён быў у роспачы. Хто адважыўся-б прапанаваць яму ісці далей і пакінуць гэтую сумную даліну?

Аднак запасы прадуктаў канчаліся. Недалёка ад месца стаянкі атрада павінны былі знаходзіцца аргентынскія праваднікі, пра якіх гаварыў катапац. Ісці назад было-б цяпер цяжэй, чым ісці наперад, не кажучы ўжо пра тое, што з «Дунканам» умовіліся спаткацца ў Атлантычным акіяне. Усе гэтыя важныя меркаванні не дазвалялі надоўга затрымлівацца ў даліне; у агульных інтарэсах было не адкладваць выхаду ў дарогу.

Мак-Набс паспрабаваў развесяліць Гленарвана. Ён загаварыў з ім, але той як быццам не чуў яго слоў і толькі ківаў галавой. Але ўрэшце словы маёра, відаць, дайшлі да яго свядомасці.

— Пара выходзіць у дарогу? — паўтарыў ён.

— Так пара! — сказаў маёр.

— Яшчэ хоць адну гадзінку!

— Добра, пачакаем яшчэ гадзіну! — адказаў маёр.

Калі гадзіна мінула, Гленарван выпрасіў яшчэ адну гадзіну. Можна было падумаць, што прыгавораны да кары смерці просіць, каб яму прадоўжылі жыццё. Так адкладвалі выхад прыкладна да поўдня. Урэшце Мак-Набс не вытрымаў і ад імя ўсіх таварышоў заявіў Гленарвану, што далей адкладваць выхад немагчыма, бо ад гэтага залежыць жыццё ўсіх.

— Так, так...— адказаў Гленарван.— Пойдзем... Пойдзем...

Але, адказваючы Мак-Набсу, ён не глядзеў на яго. Позірк яго быў накіраваны на неба, дзе відна была нейкая чорная кропка. Раптам ён падняў руку і застыў так, нібы акамянеўшы.

— Паглядзіце! — закрычаў ён.— Паглядзіце туды!

Усе позіркі былі накіраваны на кропку ў небе, на якую Гленарван так загадна паказваў. Гэтая кропка хутка разрасталася. Гэта была птушка, якая ляцела высока ў небе.

— Гэта кандор,— сказаў Паганель.

— Ага, кандор,— паўтарыў Гленарван.— Хто ведае? Ён набліжаецца! Ён спускаецца! Пачакаем!

На што спадзяваўся Гленарван? Няўжо ён звар’яцеў? Ён сказаў: «Хто ведае?»...