Выбрать главу

— І я так думаю,— дадаў маёр.

— Другога радка ў нямецкай запісцы зусім няма,— гаварыў далей капітан,— але затое трэці мае два важных словы: zwei, што азначае два, і atrosen — няпоўнае Matrosen — матроса.

— Значыць,— сказала Элен,— гутарка ідзе аб капітане і двух матросах?

— Магчыма,— пацвердзіў Гленарван.

— Прызнаюся,— гаварыў далей капітан,— што наступнае слова — graus — мяне здзіўляе. Не ведаю, як яго перакласці.

Магчыма яно будзе больш зразумелым пасля азнаямлення з трэцім дакументам? Што датычыць двух апошніх слоў — bringt ihnen,— то растлумачыць іх можна лёгка. Даслоўна яны азначаюць: «прынясіце ім», у спалучэнні-ж са словам assistance з англійскага дакумента, змешчаным таксама, як і яны, у сёмым радку яны складаюць пэўны сказ: «дапамажыце ім».

— Так, гэта ясна,— сказаў Гленарван: — «дапамажыце ім»! Але дзе знаходзяцца гэтыя няшчасныя? Да гэтага часу мы не сустрэлі ніякага ўказання на месца здарэння. Адкуль мы даведаемся, дзе адбылася катастрофа?

— Будзем спадзявацца, што французскі дакумент будзе больш ясны! — усклікнула Элен.

— Паглядзім французскую запіску,— адказаў Гленарван. — На шчасце, мы ўсе ведаем гэтую мову, так што чытанне яе не затрудніць нас.

Вось дакладная копія французскага дакумента:

— Тут лічбы, панове! — усклікнула Элен. — Глядзіце, тут ёсць лічбы!

— Давайце рабіць усё па парадку,— сказаў Гленарван. — Пачнем спачатку і адно за адным аднавім значэнне кожнага слова. З першага радка зразумела, што справа ідзе аб трохмачтавым судне. Назва яго — «Брытанія»; гэта зразумела з параўнання гэтай запіскі з англійскай. З двух наступных слоў: gonie і austral зразумела толькі апошняе[6].

— Вось гэта ўжо каштоўнае ўказанне,— заўважыў Джон Мангльс. — Крушэнне адбылося ў паўднёвым паўшар’і!

— Даволі няпэўнае ўказанне,— засупярэчыў Мак-Набс.

— Прадаўжаю,— сказаў Гленарван. — Слова abor — корань дзеяслова aborder — прыставаць! Гэтыя няшчасныя прысталі к якому-небудзь берагу. Але к якому? Contin... Ці не к кантыненту? Cruel — люты...

— Тут ёсць слова люты? — запытаў Джон Мангльс. — Тады мне зразумела, што азначае ўрывак слова graus у нямецкім тэксце: гэта — grausam — люты!

— Пойдзем далей! — весела сказаў Гленарван, цікавасць якога вельмі разгарэлася па меры таго, як раскрываўся сэнс гэтых напалавіну сцёртых абарваных слоў. — Indi... як гэта разумець? Ці не трапілі яны ў Індыю? А тут незразумела ongit... Ага, гэта longitude — даўгата! А вось і шырата — 37° 11'. Урэшце ў нас ёсць зусім дакладнае ўказанне!

— Так то так, але даўгаты ў вас няма! — дадаў Мак-Набс.

— Трэба ўмець задавальняцца малым, дарагі маёр,— запярэчыў Гленарван. — Ведаць дакладна шырату — ужо не так кепска! Безумоўна, французскі тэкст самы поўны з усіх. Таксама ясна, што кожная з запісак уяўляе дакладны пераклад двух другіх, бо ва ўсіх трох аднолькавая колькасць радкоў. Таму трэба аб’яднаць усе тры тэксты, перакласці іх на якую-небудзь адну мову і тады ўжо шукаць найбольш лагічнае, яснае і магчымае тлумачэнне.

— На якую-ж мову вы збіраецеся перакласці дакумент: на англійскую ці нямецкую? — запытаў маёр.

— На французскую, бо французская запіска захавала для нас найбольшую колькасць патрэбных слоў,— адказаў Гленарван.

— Вы праўду кажаце, сэр,— заўважыў Джон Мангльс,— дарэчы, мы ўсе валодаем гэтай мовай.

— Значыць, вырашана. Я перапішу гэты дакумент, злучаючы ўрыўкі сказаў дакладна ў тым парадку, у якім яны размешчаны ў арыгіналах, і, пакідаючы прабелы, дапішу тыя няпоўныя словы, сэнс якіх ясны і безумоўны, а потым мы паглядзім.

Гленарван узяў пяро і праз некалькі хвілін паказаў сваім сябрам лісток паперы з наступнымі радкамі[7]:

У гэту хвіліну ў каюту ўвайшоў матрос; ён далажыў капітану Мангльсу, што «Дункан» увайшоў у Клайдскую затоку.

— Якія вашы намеры, сэр? — звярнуўся капітан да Гленарвана.

— Як мага хутчэй прыбыць у Думбартон. Адтуль Элен вернецца ў Малькольм-Кэстль, а я паеду ў Лондан, каб уручыць гэты дакумент лордам адміралцейства.

Джон Мангльс аддаў адпаведныя загады, і матрос вышаў, каб перадаць іх памочніку капітана.

— А цяпер, сябры,— сказаў Гленарван, — возьмемся зноў за расшыфроўку. Мы натрапілі на сляды вялікага няшчасця. Ад нашай здагадлівасці залежыць жыццё некалькіх чалавек. Трэба напружыць увесь розум, усю кемлівасць, каб знайсці ключ да гэтай загадкі.

— Мы гарым жаданнем зрабіць гэта, дарагі Эдуард,— адказала Элен.

вернуться

6

Austral — азначае паўднёвы.

вернуться

7

У перакладзе складзенага Гленарванам тэкста ў дужкі ўзяты ўрыўкі слоў, сэнс якіх незразумелы. Заўвага (Рэд.).