Выбрать главу

Птушка з кожнай секундай набліжалася. Паганель не памыліўся: гэта сапраўды быў кандор — цар кардыльерскіх птушак. Сіла ў кандора незвычайная. Здараецца, што ён кідае быка ў бяздонне. Ён кідаецца на баранаў, жарабят, маладых бычкоў, што пасуцца на прэрыях, і нясе іх у сваё гняздо, змешчанае на недаступнай вышыні. Часта бывае, што ён падымаецца на вышыню ў дваццаць тысяч футаў, і адтуль, нябачны нават праз лепшы бінокль, аглядае мясцовасць і выбірае сабе афяру. Кандор з такой вышыні можа добра бачыць самых дробных звяроў. Надзвычайная дальназоркасць кандора застаецца нерастлумачанай загадкай для даследчыкаў прыроды.

Што ўбачыў кандор на зямлі? Можа цела Роберта Гранта?

— Хто ведае?..— паўтараў Гленарван, не зводзячы позірку з кандора.

Вялікая птушка набліжалася, то лунаючы ў паветры, то падаючы як камень уніз. Хутка яна пачала кружыцца на вышыні амаль пяцісот метраў над зямлёй. Цяпер можна было добра разгледзець кандора. Магутныя крыллі падтрымлівалі яго ў паветры амаль без руху: вялікія птушкі лётаюць з велічным спакоем, у той час, як мошкі, для таго каб трымацца ў паветры, павінны рабіць у секунду тысячы махаў крылцамі.

Маёр і Вільсон узяліся за карабіны. Гленарван знакам спыніў іх. Кандор кружыўся цяпер над недаступнай скалой у чвэрці мілі ад схілу гары. Ён усё паскараў свой палёт, раскрываючы і закрываючы сваю страшную дзюбу і матляючы храшчаватай галавой.

— Ён там! Там! — закрычаў Гленарван.

Раптам нечаканая думка маланкай бліснула ў яго мазгах.

— Што, калі Роберт жывы! — дзіка закрычаў ён.— Гэта-ж кандор... Страляйце! Страляйце-ж!

Але было ўжо позна. Кандор схаваўся за высокім выступам скалы. Праз секунду, не больш, але гэтая секунда цягнулася цэлае стагоддзе для Гленарвана, і вялікая птушка зноў узнялася ў паветра, але на гэты раз больш павольна, бо яна несла цяжар. Кандор трымаў у кіпцюрах цела Роберта Гранта. Птушка была цяпер над стаянкай падарожнікаў на адлегласці паўтары сотні футаў. Заўважыўшы людзей, кандор пачаў часцей махаць крыллямі, каб схавацца з сваім цяжкім грузам.

— Ах! — крыкнуў Гленарван.— Лепш-бы цела Роберта разбілася аб скалы, чым дасталося...

Не скончыўшы гэтага, ён вырваў з рук Вільсона карабін і пачаў цэліцца, але рука яго дрыжэла, і ў вачах было поўна слёз. Ён не мог узяць на мушку.

— Пусціце мяне! — сказаў маёр.

І цвёрдай рукой ён нацэліўся ў драпежніка, які ўжо быў на вышыні трохсот футаў.

Але не паспеў маёр націснуць на спуск, як аднекуль з даліны пачуўся гук стрэлу. Кандор, ранены ў галаву, пачаў павольна падаць.. Распластаныя крыллі служылі яму парашутам і затрымлівалі падзенне. Ён не выпусціў сваёй здабычы і мякка ўпаў на зямлю ў дзесяці кроках ад берагу ручая.

— Роберт! — крыкнуў Гленарван, бегучы к месцу падзення.

Яго спадарожнікі таксама пабеглі за ім.

Кандор быў нежывы. Цела Роберта не было відаць пад яго распластанымі крыллямі. Гленарван апусціўся на калені і, вызваліўшы хлопчыка з кіпцюроў птушкі, паклаў на траву і прылажыў вуха да яго грудзей.

Ніколі яшчэ крык радасці не быў такім гучньпм у Гленарвана, як гэты:

— Ён жывы! Ён дыхае яшчэ!

Мігам Роберта раздзелі. Яго скроні змачылі вадой. Ён паварушыўся, расплюшчыў вочы і прашаптаў:

— Гэта вы, сэр... мой другі бацька!

Гленарван не мог гаварыць. Хваляванне сціскала горла. Апусціўшыся на калені поруч з хлопчыкам, цудам выратаваным, ён заплакаў.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Іспанская мова Жака Паганеля

Роберту, толькі што выратаванаму ад адной страшнай небяспекі, пагражала другая, не менш страшная — быць замучаным пяшчотамі. Які-б ён не быў слабы, але ні адзін з падарожнікаў не стрымаўся, каб не абняць яго. Аднак, відавочна, ад абдымкаў і пацалункаў хворыя не паміраюць, бо хлопчык ад іх не загінуў.

Пасля таго як мінулі першыя хвіліны ўзрушальнай радасці, што Роберт жывы, падарожнікі ўспомнілі аб выратавальніку. Першым падумаў пра яго маёр. Азірнуўшыся, ён убачыў кроках за пяцьдзесят ад ручая, унізе гары, чалавека вельмі высокага росту, які стаяў нерухома, як статуя, абапіраючыся на доўгую стрэльбу.

Ростам ён быў больш шасці футаў. У яго былі шырокія плечы, на якія звісалі доўгія прамыя валасы, абвязаныя скураным раменьчыкам на ілбе. Лоб яго быў афарбаваны ў белы колер, пераноссе ў чырвоны, а павекі ў чорны. Ён быў апрануты, як пагранічныя патагонцы, у пышны плашч з шаўкавістай поўсцю наверх, з чырвонай аблямоўкай па краях. Плашч гэты быў зроблены са скуры, знятай з шыі і ног гуанака, і сшыты страусавымі жыламі. Пад плашчом відаць было нацельнае адзенне з лісіных скурак, падперазанае па таліі поясам, к якому быў прывязаны мяшочак з фарбамі для твара. Абуткам яму служыла бычыная скура, у якую былі абкручаны ногі і якая падтрымлівалася накрыж пераплеценымі раменьчыкамі.