Хлопец страсянуў галавою, адганяючы няпрошаны і чамусьці надакучлівы голас сябра. Ён адчуў лядзяшны халадок усярэдзіне, дзесьці каля самага пазваночніка, а пальцы левай рукі сцягнула сутаргай, яны непаслухмяна і кручкавата трымалі руль «мерседэса».
Жадаючы прасвятліць галаву, хлопец збавіў і так чарапашы ход машыны і другой, незамлелай, рукой намацаў пачатую гшяшку з моцным напоем і зрабіў два глыткі. Заглыбіўшыся ў сябе, ясна і прыемна адчуў, як лагоднай, сагравальна-цёплай хвалькай пракацілася тэкіла ў грудзях, адагнала халадэчу са спіны, разняволіла пазваночнік...
Перад тым як сысці з вакзала, Вілен хацеў, як гавораць, па-людску развітацца з Нінкай. Усё ж столькі месяцаў прабылі і пражылі разам, грэліся ў завірушна-сцюдзёныя ночы пад адной коўдрай, дзяліліся адубелымі пералечанымі пончыкамі. Адным словам — жылі разам. Якія ні прыводзьце довады, а ганебна і нізка сысці вось так ад чалавека і не сказаць на развітанне хоць некалькі душэўных і цёплых, шчодрых, не падманлівых слоў. Максім сядзеў той раз з новым, толькі што падабраным братам на лаўцы ў невялічкім скверыку. Нешта гаварыў, даходліва пераконваў, а Вілен думаў толькі пра Нінку. Здавалася, што да яго не даходзяць словы, якія вымаўляў гладка паголены малады мужчына. Ён гаварыў і без перадыху курыў цыгарэты з прыемным пахам. Дымок ад іх зносіўся ветрам якраз на Вілена. Вакол кіпела прывычнае для хлопца жыццё, жыццё вакзала: паспешліва крочылі пасажыры на платформы, горбіліся пад цяжарам вялікіх сумак і кардонных скрынь, меладычны голас дыктаркі абвяшчаў пра адпраўленне цягнікоў і іх прыбыццё з розных гарадоў і краін, над галавой шапацелі лістотай тоўстыя і ўгрэтыя сонцам ліпы. Усё гэта, здавалася, было побач і ў той жа час далёка ад Вілена. Ён думаў пра Нінку. 3 самай раніцы яна, нават не папярэдзіўшы хлопца, некуды знікла. Такое здаралася не часта, але бывала. Відаць, што з нейкай вакзальнай таваркай адправілася на промысел, бо, як гаварыла Кірылаўна (самая старая кабеціна з іхняга тутэйшага гурта), калі прасядзіш дзень без турботаў карчом, то ноч прыкрые цябе з пустым жыватом. Вось Нінка і пасунулася шукаць шчасце некуды далей ад вакзала, каб пад вечар была работа не толькі яе зубам, але і Віленавым, каб незадаволена не бурчэлі пустыя і галодныя жываты.
— Так што хадзем разам,— нарэшце даляцеў да слыху голас новага знаёмага.— Пажывеш пакуль у мяне, а там прыгледзішся, падумаеш над маімі ідэямі і тэорыямі, калі яны падыдуць табе — станеш адным з братоў Гурона, будзеш гуронаўцам (Вілен на той час так і не зразумеў гэтых гуронаўцаў і іхтэорыі з ідэямі, але ён не быў супраць таго, каб на дармаўшчыну перакусіць, а калі пашчасціць, то і чарку кульнуць). Ён толькі пабойваўся аднаго: дай божа, каб гэты знаёмы не аказаўся гомасексуалістам. 3 выгляду здаецца, што не надобны, але хто іх разбярэ. Віцька Кудравы — ці не яго, Віленаў, аднагодак — аднойчы патрапіў на такое знаёмства. Пасля таго як ён расказаў ііра той выпадак, уся вакзальная бамжатня з тыдзень рогатам заходзілася. (Знаўцы сцвярджаюць, што дармавы сыр бывае толькі ў мышалоўцы. Вось так яно ў жыцці часта і здараецца.) — А калі падасца табе ўсё тое, што пачуеш і пабачыш — чужым, вернешся на свой вакзал,— неяк проста і даверліва ўталкоўваў знаёмы.
— Прабач, Максім,— усё ж вырашыў Вілен не пакідаць недамоўкі між імі,— калі цябе цікавяць мужчыны, ну, ты ведаеш, у якім сэнсе, то я не падыходжу. У мяне агульнапрыня гая большасцю гетэрасексуальная арыентацыя. Так што тут ты цяпер усё ведаеш.
— Наконт сказанага не хвалюйся,— Максім першы раз за іх даволі-такі даўгаватую размову шчыра і адкрыта ўсміхнуўся. Хвіліну памаўчаў, прыкурваючы новую цыгарэту ад недакурка, натужліва кашлянуў, цвыркнуў слінай праз зубы і загаварыў далей: — Жыццё, відаць, цябе добра пакалечыла, калі ты і ўва мне ўбачыў напачагку гея, а не сапраўдную сутнасць. Ды нічога, я не крыўдую. Прыйдзе час, і ты беспамылкова будзеш пазнаваць людзей, вось гэтых усіх людзей, якія зараз мурашамі снуюць вакол нас. Мы, і ты ў іх ліку, будзем прымаць рашэнні: каму жыць, каму памерці! — Вочы ў Максіма палыхнулі пякельнай бліскавіцай. Вілен ад нечаканасці аж перасмыкнуў плячыма. «Вось табе і на, не адно, дык другое. Мо гэты параноік збег з псіхушкі ў Навінках? Хвіліна ад хвіліны — не лягчэй».
Падкідны, скасавурыўшыся, больш пільна прыгледзеўся да новага знаёмца. Ён па-сапраўднаму здзівіўся: прамільгнула некалькі секунд, і цяпер хлопец бачыў перад сабою звычайнага чалавека са стомленымі вачыма і прыхаванай усмешкай у кутках тонкіх губ. Кучаравы чорны чуб вецер згарнуў на высокі гладкі лоб, на якім не прагледжвалася ані маршчынкі. I толькі пад даўнім ружаватым рубцом на левай скроні пульсавала грапяткая сіняватая жылка.