— Пайду паслухаю, — рашыў ён, — авось мне сам бог паслаў скрыпача.
Слухаў ён і не мог варухнуцца, пакуль не заціхла музыка. Адчыніў пан варывеньку.
— Гэта ты іграў? — спытаў у бедняка.
— Я, — спалохана адказаў той.
— Ты мне і трэба, — усміхнуўся пан. — Будзеш іграць у мяне на вяселлі…
— Адпусці, паночку, — пачаў прасіцца мужык, — у мяне жонка і дзеці з голаду паміраюць…
— Завезці ім падводу сала, хлеба, дзічыны, — загадаў пан, — а будзеш добра іграць — азалачу.
Што зробіш, давялося іграць. Ён іграў так, што слава аб ім да сталіцы даляцела. Ад прапаноў сыграць вяселле, баль ці радзіны не было адбою. I стаў бядняк такі багаты, як і не снілася яму. Вось як бывае, калі знойдзеш Сваё Шчасце. Шукайце, убрыкні вас качкі, можа, яно ляжыць дзе-небудзь пад кустом і іграе, калі не на скрыпцы, то на гармоніку ці бубне, а можа, пад ензык выпілінгвае, чым чорт не жартуе.
Чортаў сверб
На ўскраі вёскі, за аселіцай жыла-была баба. Жыла без дзеда, без дзяцей. Усяго ў яе хапала: і хлеба, і да хлеба, хоць баба не садзіла агарод, не трымала не тое што каровы, але нават курыцы. Проста яна была незвычайная, адна такая на ўсю акругу. Адным словам, павітуха. Адкуль толькі не прыязджалі людзі, якіх толькі дарункаў не прывозілі, каб баба згадзілася прыняць роды. Ехалі да яе не толькі бедныя мужыкі, але і заможныя гаспадары. I з кожным годам слава гэтай бабы расла.
Неяк раз да дома старой падкаціла панская брычка. Трое коней грызлі цуглі, білі капытамі па зямлі, фурман ледзь стрымліваў іх.
З брычкі сышоў важны пан, фацэтна разадзеты, з пышнымі, доўгімі вусамі.
— Гэ-эй, ёсць хто-небудзь у гэтай хаце?! — закрычаў пан.
— Што загадаеце, паночку? — выбегла на ганак баба.
— Хачу ўзяць цябе за павітуху, — падкруціў вусы пан. — Гавары, ці пойдзеш? А не, дык іншую паеду шукаць.
Баба забегала, замітусілася. Вядома, яно гонар. Такі хвайны пан сам прыехаў па яе. Гэта ж слава якая.
— Не бойся, не пакрыўджу, — стукнуў кулаком па шуле пан, — дом табе пабудую, які не сніўся, шубу лісіную падару, боты казловыя…
— Добра, паеду, паночку, — згадзілася баба.
Яна хуценька пераапранулася, Адзела лепшае, што ў яе было. Села ў брычку, і коні памчалі. Старая і аглянуцца не паспела, як фурман спыніўся каля велічэзнага палаца. Бабу падхапілі пад рукі лёкаі і павялі да пані. Яе вялі праз пакоі, якія аж ззялі ад золата і дарагіх камянёў. На сценах віселі прыгожыя карціны. «Вось дык пашэнціла, — думала баба, — такое і ў сне не прысніцца».
Ну гэтак ці інакш, але баба не падвяла пана. Нарадзіла пані прыгожага хлопчыка. Усе радаваліся, а найбольш пан. Ён загадаў адзець бабу ў самыя дарагія строі. Глянула баба ў люстэрка і не пазнала сябе: памаладзела гадоў на дваццаць, хоць замуж выходзь. А тут у палацы баль пачаўся. Старую пасадзілі на кут, сам пан наліваў ёй дарагое віно, падаваў стравы, якіх яна не толькі што не ела, але ніколі не бачыла.
Зайграла музыка, і паны і паненкі пусціліся ў скокі. Танчылі полькі, мазуркі, ды так хораша, што бабу падбіваў сверб выскачыць з-за стала… Але неяк выцерпела: куды ўжо з маладымі раўняцца.
А паны і паненкі то скачуць, то падбягаюць да сярэбранай міскі з вадою. Памочаць палец, памажуць вочы і зноў вытанцоўваюць.
«Дай і я памажу вока», — рашыла баба.
Неўпрыкмет, калі паны і паненкі былі заняты скокамі, яна сунула палец у міску і памазала вока. Глядзь, а паноў і паненак няма, нейкія рагатыя стварэнні з бычынымі хвастамі крыўляюцца. Спалохалася баба, прыжмурыла памазанае вока, другім глянула. Палац, расфуфыраныя паны і паненкі скачуць. Зірнула памазаным: балота, сядзіць яна не за сталом, а на купіне. «Дык вось да якога пана я трапіла, — змікіціла старая. — Гэта ж чорт прывёз сюды…»
А чэрці зноў паселі за сталы, давай баляваць, песні спяваць. I баба разам з імі п'е, выгляду не падае, што ўсё ведае.
Напіліся, наеліся госці, пачалі разыходзіцца. Бабу пасадзілі ў тую самую брычку, адарылі падарункамі. Дзівіліся суседзі, калі яе, як пані, на тройцы да самай хаты прывезлі.
Пан, як і абяцаў, дом збудаваў, ды такі высокі і светлы, што людзі дзіву даваліся. Не забываў пан старую, падарункі прывозіў, а як сын падрос, і сын пачаў прыязджаць да бабы: то хустку прыгожую прывязе, то прысмакаў. Жыве старая прыпяваючы. Рада, што яе не забываюць.
А паніч той усё часцей і часцей гасцюе ў бабы. Расце як на дражджах. Ужо на танцы ходзіць, дзяўчат праводзіць.
«Пайду пагляджу, як мой хрэснік скача», — надумала раз баба. Прыбралася, нібыта на вяселле, і пайшла. У куточку стала разам з суседкамі і наглядае. Самых прыгожых дзяўчат выбірае яе паніч. «Хутчэй, хутчэй», — падганяе музыка. Зажмурыла баба непамазанае вока, бачыць рожкі ў паніча з-пад чуба вытыркаюцца, а ў руках палачка. Ён неўпрыкмет ёю па лытках дзяўчат б'е. I тыя стараюцца на ўсю моц, гізуюць, аж пыл курыць з падлогі. Нездарма старыя людзі называюць танцы чортаў сверб.