Цэлы дзень прагаварыў князь з сынам. Людзі дзівіліся, здарыўся цуд — Маўчановіч загаварыў. I яшчэ больш былі здзіўлены, калі даведаліся, што ганчар адзіны спадчыннік яснавяльможнага князя.
Сваю майстэрню пакінуў княжыч лепшаму вучню Апалінарыю, які пасля ўвесь свет здзівіў: не жалейку змайстраваў, а арган з гліны.
Збаны, гаршкі і вазы раздаў княжыч людзям. Толькі жалейку чарадзейную захапіў з сабою. Праводзілі княжыча ўсім мястэчкам. Шчаслівы князь Ясінскі загадаў выкаціць на вуліцу бочкі з віном, вынесці рыбу і мяса. Хай помняць яго шчодрасць.
Пакланіўся княжыч людзям, ускочыў у карэту, і памчалі сытыя коні… Сёння ў Глінішчах, каласочкі-красачкі, тутэйшыя ганчары ўспамінаюць маўклівага майстра, які, перад тым як сесці за ганчарны круг, іграў на чарадзейнай жалейцы з белай гліны. А ў разбураным Гарадзішчы штогод знаходзяць незвычайныя гаршкі і збаны. Яны такія прыгожыя, моцныя, нібы не падуладныя часу. А ўсё таму, што ёсць у іх жывая душа.
Хітрая музыка
Не было гадзіны на Прывідусе, каб я не ўспамінаў пра свой дом. I бліны ўспамінаў, і печ, і сварлівую бабу. Нічога, здавалася, няма ад іх даражэй. I вось я ў сваёй хаце. З тыдзень не адыходзіў ад бабы, купляў падарункі ўнукам. Ім гэта падабалася, а вось старая коса паглядала на мяне: «Ты, мусіць, Манюкін, грэх за сабой чуеш, надта ўжо ласкавы. Глядзі, калі даведаюся пра твае шашні, то выганю з хаты назад у тую санаторыю!» Што ты возьмеш з цёмнага чалавека? Хіба яна лятала калі-небудзь на чужыя планеты, лекцыі вучоным чытала? Дальбог жа, табліцу множання забылася, хоць і хадзіла тры зімы ў школу.
Эх, усё часцей і часцей згадваў я Прывідус, нават журналіста, які называў мяне варварам, а пасля прапанаваў абраць ганаровым акадэмікам.
Тут, на Зямлі, ніхто пра мяне не піша, ніхто не фатаграфуе, быццам я такі, як і ўсе. Толькі застаўся ўспамін аб далёкай планеце ды яшчэ касета з музыкай. Аднойчы, калі ўнукі пайшлі ў школу, а баба Аўдоля падалася ў краму, дастаў я тую касету, узяў унукаў магнітафон. Акурат падышла.
Уключыў — музыка палілася. Якраз пад мой настрой. Не аглушальная і не траскуча-капрызная, а лёгкая, супакойлівая. Мелодыя светлая, сардэчная. Не заўважыў, як заснуў.
Спаў доўга ці нядоўга, не ведаю. Пабудзіла баба.
— Што з табою, дзед? — пытае. — Ці не захварэў раптам? Магнітафон дзіцячы ўключыў. Спіць пад музыку. Ты лепш вазьмі гармонік ды барыню ці «Лявоніху» ўрэж, а то слухае нейкую нудоту.
Зазлаваў я.
— Гэта не абы-якая музыка, — кажу, — яна ад усіх хвароб лечыць. Нервы супакойвае. Яе вучоныя прыдумалі!..
Глянуў я на бабу і асекся на паўслове. Пазірае на мяне як на блазна. Думае нябось, што здзяцінеў.
— Схадзіў бы ты, дзед, на вуліцу, пагуляў, — параіла баба, — а то сядзіш у чатырох сценах, нейкая хвантазія лезе табе ў галаву. Хоць людзям не мароч галаву пра лячэбную музыку, а то рагатаць будуць.
Махнуў я рукою, накінуў куфайку на плечы, схапіў магнітафон і выскачыў з хаты. Куды ісці? Сусед Тодар (той самы, з якім мы лыка з адной ліпы на лапці дралі) пасвіў за вёскай на лузе кароў.
«Пайду, — думаю, — пасяджу з Тодарам. Усё весялей чалавеку будзе, а то адзін, падпасавічаў у яго няма. Не захацеў нябось адрываць унучку ад школы».
Тодар узрадаваўся, як убачыў мяне. Ледзь не на шыю павесіўся.
— Памажы, братка Манюкін, кароў у кучу сагнаць. З імі штосьці здарылася. Гізуюць, быццам вясной. Адна ўжо ўцякла дадому. Я ўпарыўся, бегаючы.
— Мы ўмомант іх згонім, — паабяцаў я.
I праўда, удвух мы скора збілі кароў у кучу. Расклалі цяпельца, я ўключыў музыку. Праз хвіліну-другую мой Тодар пачаў акунёў вудзіць. Я падаслаў куфайку, і ён паваліўся на яе.
«Во стаміўся, небарака, — думаю. — Як ні кажы — гады!»
Ні вяселая, ні самотная мелодыя і мяне закалыхала. Не заўважыў, як і сам упаў побач з Тодарам. Спалі мы не менш як гадзін пяць, прачнуліся разам. Ужо сцямнела. I што самае дзіўнае, музыка гучала, быццам нейкая нябачная сіла пераварочвала касету.
Каровы не разбегліся, хоць іх ніхто і не пасвіў. Яны стаялі наўкруг нас і, задраўшы ўгару галовы, як мне здалося, слухалі музыку.
— Пара ўжо гнаць дадому, — спахапіўся Тодар. Ён схапіў пугу і кінуўся да статка. Дарэмна крычаў, хвастаў рагуль, ніводная не зрушыла з месца, Тодару аж кепска стала, схапіўся за сэрца. I тут я здагадаўся выключыць магнітафон.
Рагулі апусцілі галовы, усё роўна як пасля сеанса гіпнозу, і спакваля пацягнуліся дадому. Мы з Тодарам моўчкі ішлі ззаду. Ні ён, ні я не маглі зразумець, чаму так доўга спалі. Верасень. На дварэ халаднавата. Можна кімарнуць на паўгадзіны, але каб паўдня… Здэцца, на губу ні кроплі не бралі.