— Ці не чорт падшуткаваў над намі, — сказаў Тодар, — гэта яго жартачкі, ты хіба, Манюкін, нікому ні слова, а то бабы поедам з'ядуць…
Я ўжо здагадаўся, дарэмна нячысціка прыплёў сусед. Тут музыка віной. Чалавек пад яе засынае, а жывёла супакойваецца.
Прыгналі мы кароў. Баба надаіла не вядро малака, як звычайна, а два. Суседкі прыбеглі на падворак хваліць наперабой Тодара: «Во напасвіў чалавек кароў! Няма куды малака дзяваць…»
Тодар загадкава ўсміхаўся, падміргваў мне. Ён нічога не разумеў, але ад пахвалы было прыемна. Можа, і праўда яго заслуга.
Я ж выняў з магнітафона касету, знайшоў у куфры невялічкі пляменнікаў дыктафон. Уключыў — нармалёва, працуе. Вось і вазьму яго заўтра ў поле. У кішэні памесціцца.
— Можа, разам пагонім кароў? Аднаму цяжка пасвіць, — сказала баба.
— Тодар справіўся, спраўлюся і я!
— Куды табе да Тодара. Ён — герой. Ужо да чаго яго Манька скнара, а пярцоўкі паднесла. Ведама, людзі хваляць!
Назаўтра заняў я статак і пагнаў ажно пад Гарадзішча, далей ад вёскі. Там і трава добрая, і ніхто назаляць не будзе.
Каровы за ноч прагаладаліся. Хапалі траву папоўніцы, а пад'еўшы, пусціліся ў гулі. Адна ў лес прэ, другая ў шкоду. I тут я ўключыў музыку. Мае рагулі сталі рахманымі, як авечкі. Палеглі, задралі галовы і слухаюць. Смешна. Пстрыкнуў кнопкай, выключыў, каровы пагражаюць мне. Уключыў магнітафон — супакоіліся. Зноў апусціліся долу. А мяне, як і ўчора, на дрымоту пацягнула. Пэўна, не тую касету мне брат падсунуў. А можа, на зямлян яна не так дзейнічае, як на прывідусцаў? Хітнуў я галавой раз, другі, і вочы самахоць заплюшчыліся.
Прачнуўся вечарам. Палічыў каровы. Усе як адна. Махаюць галовамі ў такт мелодыі. Звіхнуцца можна.
Выключыў я дыктафон і пагнаў статак дадому.
На гэты раз каровы далі яшчэ больш малака, чым учора. I было яно куды тлусцей.
Вёска гула. Толькі і было гаворкі пра мяне і Тодара.
Мы, вядома, маўчалі. Чарга пасвіць статак выпала крывому Зусю. Пастух ён добры, ды і маладзейшы ад нас з Тодарам. «Тут ужо будзе мора малака, — думалі бабы, — трэба рыхтаваць чысты посуд!»
Рана радаваліся. Куды менш малака далі каровы. Жанчыны лаялі Зуся, маўляў, пастух з яго кепскі: па калена Манюкіну.
Вечарам у нашу хату набілася людзей, як зачыніць дзверы. I мужчыны, і бабы прасілі мяне стаць пастухом. I торбу будуць даваць штодня, а разлік восенню. З кожнага коміна па тры пуды збожжа, па сто рублёў грашыма.
Я ўпарціўся, баба не згаджалася, але людзі не адступалі. Давялося-такі падрадзіцца.
Пасвіўя кароў да «белых мух», Лепшыя каровы давалі малака па бідону. Людзі смятанай свіней кармілі, масла пудамі вазілі на базар.
Я днём спаў пад музыку, а ноччу не ведаў, куды сябе дзець. Кнігі чытаў, сам з сабой у карты гуляў.
Неяк пад раніцу прыбег Тодар. Свіння паросная захварэла. Стогне. Пена з рота капае.
— Памажы, Манюкін, — просіць, — у цябе рука лёгкая.
— Хіба я табе ветэрынар, — кажу, — едзь у цэнтру па доктара…
— Я паеду, а ты паглядзі свінню. Прападзе — з'есць мяне баба.
Я апрануў куфайку, узяў дыктафон і пасунуўся за Тодарам. Свіння пішчала, аж заходзілася. Шкода бедную.
— Едзь хутчэй, — камандую, — тут удвух няма чаго рабіць, Тодар схапіў веласіпед і паджгаў.
Я падышоў да свінні, пачухаў яе, уключыў музыку. Каб не заснуць — адышоўся на паўста метраў, вушы пальцамі заткнуў. З паўгадзіны тупаў па надворку, пасля пайшоў у хлеў. Свіння ачуняла. Рохкае, глядзіць на мяне з удзячнасцю. Выключыў дыктафон, гаспадыню гукнуў: «Нясі свінчу есці!»
Прыперла Тодарыха вядро мяшанкі. Хаўроння хапае папоўніцы. А тут і Тодар вярнуўся. Не ўдалося яму разбудзіць п'янага ветэрынара. Учора парасят пакладаў, ну і пачаставалі. Жонка сказала, што сама менш два дні будзе адлежвацца.
Тодарыха цягнула ў хату, хапала руку, каб пацапаваць. Ледзь вырваўся: кароў пара гнаць у поле.
Думаў я, каласочкі-красачкі, адпачну зімой. Дзе там, з усіх вёсак людзі едуць: то карова жвачку не жуе, то конь на ўсе чатыры нагі кульгае, то свіння не гукае. I не такі ў мяне характар, каб адмовіцца.
Я ўжо не браў з сабой дыктафона. Вывучыў тую музыку на памяць. I на дудцы мелодыю сыграю, і пад язык. Толькі вушы затыкаў ватай і танкашлем на галаву надзяваў, каб не заснуць.
Вясной зноў пагнаў каровы. Сонца прыгравае. Горача. Сяджу без кашулі, у падштаніках, а на галаве танкашлем. Дыктафон, вядома, працуе.
Дзівіліся людзі. Чалавек уключае музыку, а сам, каб не чуць яе, вушы затыкае. Мусіць, кароў да культуры прывучае. Скора намалюе круг, і гавяды будуць выкідваць свае ляпёшкі не дзе папала, а толькі ў адведзеным месцы.