Не палез я пасля сняданка, як звычайна, на печ. Пацягнула на вуліцу. Мароз трашчыць. Снегу па плот, а на душы цёпла. Нутром адчуваю — папраўлюся. Ёсць косці — і мяса нарасце.
Гадзіны дзве хадзіў. Дапяў да замёрзлай рэчкі, пакоўзаўся з дзецьмі па лёдзе, пагуляў у снежкі. Есці захацелася.
«Пайду дахаты, — думаю, — яшчэ міску сёрбанкі апаражню».
Прыйшоў, распрануўся, зняў вечка з каструлі, а там пуста. Глянуў на бабу — пасміхаецца. Дык вось хто ўтрубіў маю сёрбанку.
Што тут скажаш, давялося зноў кухарыць. Баба ўзялася памагаць, але я адмовіўся ад яе паслуг.
Цэлы тыдзень мы са старою нічога, апрача маёй сёрбанкі, не елі. На сала і каўбасы глядзець не маглі.
Зірнуў я аднойчы ў люстэрка і ахнуў: твар круглы, поўны, нават мой дзюба-нос выпраміўся. Скінуў кашулю — ого-го, спартсмен, не худоба — мужчына ў целе. Мускулы іграюць — прыемна.
Бабу токсама не пазнаць. Дальбог, убавіла пуды на два. Ужо не сапе, а бегае, як маладзіца. Раней не выперці з хаты па ваду, а тут сама хапае вёдры і, расхрыстаная, прэ да калодзежа.
Неяк падлабуньваецца да мяне баба. Ілжэ не падсяваючы: маўляў, я самы прыгожы, самы малады…
«Тут, — думаю, — штосьці не так. Наконт прыгажосці, можа, і праўда, але каб у сто год самы малады… Ой, недарма старая лёстачкі падпускае».
I праўда. Як у ваду я глядзеў.
— Давай, дзед, — кажа, — пляменніцу маю, Клаўку, запросім у госці. Хай пажыве ў нас які тыдзень. Усё весялей нам.
Я, вядома, не супраць. Клаўка працавітая дзяўчына, паважае старэйшых. Толькі вось хлопцы на яе глядзець не хочуць. Раздабрэла, бедная. Саромеецца з хаты выйсці. Не есць па тры дні, а ўсё роўна не худзее.
— Ідзі, старая, кліч дзяўчыну, — кажу. Баба падхапілася, пабегла.
Назад прывяла за руку Клаўку. Тая адразу закасала рукавы і давай шчыраваць: мые падлогу, столь працірае.
— Гатуй, Манюкін, сёрбанку, — шапнула мне баба. Дык вось яно што! Ох, і хітрая мая Аўдоля.
Селі вячэраць — сёрбанка. Назаўтра сняданак — сёрбанка, і на абед — таксама. Можа, і не вытрымала б Клава, уцякла б ад нас ці крадком у кубелец па сала палезла, але баба прыкінулася хворай, стогне, не адпускае ад сябе дзяўчыну. А тая на вачах худзее. Ужо каптан на ёй вісіць — дзве Клаўкі ў яго ўлезуць. Павесялела дзяўчына: смяецца, спявае.
Дома бацькі і сёстры ледзь пазналі яе. Раней з хаты на вуліцу чапялой маці гоніць, а тут сама ў клуб пабегла. Дзіва. Двое хлопцаў з-за Клавы адзін аднаму насы расквасілі. Самыя зайздросныя і багатыя жаніхі цугам ходзяць за дзяўчынай. А яна носом круціць, не можа дараваць, што пасмейваліся раней з яе.
Выскачыла замуж наша Клаўка за моладога камерсанта з Мінска. Кажуць, грошай у таго пудоў пяць.
— Ці помніш ты маю сёрбанку? — спытаў я на іх вяселлі.
— Я, дзеду, — кажа Клаўка, — на ўсё жыццё яе запомню. Вось так, каласочкі-красачкі.
Чэмер-чамярыца
Даўно нам дзед казак не баяў: замучылі тоўстыя і тонкія. Адкуль толькі не едуць. Быў афрыканскі прынц, шэйх з Кувейта, мільярдэр з Амерыкі… Якія ўжо там казкі — люльку няма калі ў зубы ўзяць. I ўсё ж неяк раніцай пасадзіў нас дзед на «кайзера» і папёр у Дубовае балотца. Тут ужо не знойдуць тоўстыя і тонкія.
Селі мы каля дуба-велікана, пыхнуў дзед люлькай і давай распавядаць: — Раскажу вам, каласочкі-красачкі, пра чэмер-чамярыцу — чарадзейную травіцу. Спачатку расла яна на лузе, а пасля вунь на тую паляну перабралася. Высокая — у рост чалавека. Кветачкі жоўта-зялёныя, дробненькія, а лісты шырачэнныя. Не любілі людзі чамярыцы. Атрутная яна. Ведзьмы з яе горкае зелле варылі, людзей губілі. Вось і вырывалі чамярыцу з коранем, выкідалі на сметнік, і ўцякла чэмер-трава ў лес.
Неяк паслала мяне баба па верас. Ей не спалася, і людзі нараілі верасовы чай. Прыйшоў я вось у гэтае Дубовае балотца. Самі бачыце, верас тут ого-го! Крыху прыстаў з дарогі, сеў вунь каля таго дуба. Восень. Маркотна. Птушкі не спяваюць. Пажаўцела лістота. Закурыў. Чую паблізу галасы. Жаночы і мужчынскі.
«I чаго людзі сюды прыперліся? — думаю. — Верасень. Сама работы па гаспадарцы. Грыбы ў балотцы не растуць, моху можна надраць і пазней…»
Чалавек я дасціпны. Прыслухаўся. Дрэнна чуваць. Я пайшоў на голас. Наблізіўся да паляны. Дыхнуў лёгкі вецярок, і ў нос шыбануў смуродны пах. Так пахне толькі вясёлка-грыб. Не проста яго адшукаць: надта ўмее хавацца. I пах чуеш, і ходзіш вакол, а не бачыш. Мой дзед аднойчы памяняў яго на сто баравікоў. I страўнік лечыць грыб-вясёлка, і ад раматусу памагае. Гэтых грыбоў мо з дзесяць на ўвесь лес. Ну і я, вядома, рашыў адшукаць яго. З маім доўгім носам гэта ўжо і не так цяжка. Іду на пах. Смурод усё мацней б'е ў ноздры, а галасы ясней і ясней. Адзін старэчы — шапялява-траскучы; другі маладзейшы — журботна-ласкавы. Тут і гадаць няма чаго — голас бабулі і юнака.