Сядзелі яны пад маладым дубком. Бабуля ў жоўтым каптане, доўгай, да пят, зялёнай спадніцы. Была яна, нягледзячы на старасць, усё яшчэ прыгожай і, мусіць, ганарлівай: гаварыла, як усе роўна рабіла ласку маладому мужчыне.
— Што ты бачыў на сваім жыцці, — казала яна, — нават сонца баішся. Зашыешся ў лісце і галаву не высунеш. Вунь які непрыемны пах ад цябе. Давай памяняемся месцамі, а то вецер на мяне дзьме.
Бабуля ўхапілася кашчавымі пальцамі за нос і перасела на месца хлопца, а той пакорліва сеў на бабуліну купіну.
Юнак быў згорблены, невысокі. Ён тхаравата аглядваўся па баках, нібы чакаў бяды. Відаць, яго пакрыўдзіла бабуля, бо ён папракнуў яе:
— Даруйце, Чамярына Янаўна, але хіба я вінаваты, што людзі аблажылі мяне з усіх бакоў: вынюхваюць, вывіжоўваюць. Хутка знішчаць. Мы размаўляем з вамі, а бяда побач. Ніводзін мой брат не дажыў да старасці. I хаваемся, і галавы не высоўваем, як вы кажаце, а знаходзяць… Усё пах пракляты. Не ад страху ён, мы нараджаемся з ім. Не крыўдуйце, але рэдка ў якой зёлкі гэтулькі атруты, як у вас. Нябось не адну жывую душу загубілі.
Я стаіўся, як нежывы. Няўжо такое можа быць? Няўжо Чамярына Янаўна — трава чамярыца, а малады чалавек — вясёлка, смуродны грыб?
— Хе-хе-хе, — кашлянула Чамярына Янаўна, — кажаш, я душагубка… А ці ведаеш ты, смаркач, што тыя душы гінуць не па маёй віне? Быццам і разумныя людзі, маімі лістамі перакладаюць адзежу, каб моль не патачыла, жывёлу ад матыліц лечаць… а самі меры не ведаюць. Настояць на гарэлцы каранёў, лістоў і жлукцяць шклянкамі… Трэба па чуць-чуць, па лыжачцы піць. Тады ўратую я ад самай страшнай немачы… Куды тым зверабою-святаянніку ці душыцы-мацярдушцы!..
— Затое як пахнуць яны, Чамярына Янаўна!
— Каму што, а дурню ступа. Што твой смурод, іх водар у параўнанні з маёй атрутай! Тысячы людзей косіць рак. Жахлівая пухліна жыўцом з'ядае чалавека. Ад яе няма ратунку. Толькі я магу тую пухліну адолець. Мой яд, я, мая атрута…
— Кіньце хваліцца, — зарагатаў малады чалавек, — я, мой, мая… рак вам не моль і не вусні на капусце. Старая кабета, а брэша, як малое шчаня.
Чамярына Янаўна падскочыла з месца, забегала вакол юнака, размахваючы кулакамі. Твар яе пачырванеў, губы падцяліся…
— Ты чуеш, грыб-смурод, — крычала яна, — ніхто яшчэ мяне так не абражаў, ды я, ды я цябе на парашок сатру, увесь твой род атручу!
Мае сумненні развеяліся, як дым. Чамярыца сварылася з грыбам вясёлкай. Уся аж дрыжыць ад злосці. Шкада, калі разбягуцца, надта ж хочацца паслухаць іх гаворку да канца.
— Во, во, атруціць вы зможаце, — не здаваўся грыб, — а вылечыць — кішка тонкая. Каму вы трэба? Вунь на паляне колькі сясцёр вашых жухне. А я тут адзін. Калі хочаце ведаць, то я ад добрай тузіны хвароб магу вылечыць і чалавека, і звера. Мой настой на гарэлцы куды даражэй за хвалёны жэньшэневы. Ды што гэты жэньшэнь, яго ў агародах разводзяць. Дарэчы, вас таксама ўбачыш і на сметніку, і на лузе, вы непераборлівыя, адным словам, ваш род нешляхетны.
— Ха-ха-ха, шляхціц-смурод! — рагатнула Чамярына Янаўна. Тут ужо грыб ірвануўся з месца, ухапіў бабулю за жоўты каптан, давай яе тузаць, крычаць.
Не люблю я, каласочкі-красачкі, калі старэйшых крыўдзяць. Сам не маладзён. Выйшаў са сваёй хованкі, ступіў да бабулі з хлапцом.
— Кіньце спрачацца, — кажу, — я магу рассудзіць, хто з вас лепшы лекар.
Грыбу вясёлцы і мову адняло. Хуценька схаваўся за бабулю, а тая не спалохалася, не ўпершыню бачыць чалавека.
— I як жа ты рассудзіш нас? — пытае.
— Вельмі проста. У нашай вёсцы адна жанчына пакутуе ад рака. Яе лячылі і ў мястэчку, і ў вялікім горадзе, вазілі да ведзьмароў, шагтгух — не памагае. Цяпер дома ляжыць, чакае смерці. У беднай сямёра дзяцей, усе малыя. Сіротамі застануцца. Людзі шкадуюць яе: рукадзельніца, пявуння. Хто з вас зможа вылечыць гаротную? Вы, Чамярына Янаўна, ці вы, пан Вясёлка?
— Я не вылечу рак, — прашаптаў грыб, высунуўшы галаву з-за спіны Чамярыны. — Вылечу хворыя ногі, рукі, нават жабу грудную, а тут, даруйце, я — бездапаможны.
Чамярына Янаўна пераможна глянула на грыба вясёлку, пэўна, назнарок заціснула доўгімі пальцамі нос, усміхнулася.
— Не раз клялася я не памагаць людзям. Вынішчаюць яны маё племя, плёткі праз яго распускаюць, але так і быць, каб нос падцерці гэтаму шляхціцу-самазванцу, я вылечу вашу рукадзельніцу.
Чамярына Янаўна падышла да высокай расліны з тоўстым сцяблом. Яе лісты пасохлі, галава схілілася долу.