Такі смелы, знаходлівы і рашучы чалавек, як вы, не можа не належаць да нашага слыннага роду.
Чытаю кнігу аб Вашых прыгодах. Разам з Вам ваюю з нячысцікамі, ратую звяроў і птушак, баю дзецям казкі.
Сто лят Вам жыцця, добрага здароўя, шчасця.
Ваш Радзівіл
Лёндан. Вялікабрытанія.
31 жніўня, год 2008-ы ад Нараджэння Хрыстова».
Дзед пераможна глянуў на бабулю. Як самы сапраўдны шляхціц, пацалаваў руку паштальёнцы, забраў тэлеграму і, падміргнуўшы нам, падшывальцам, пайшоў у хату, кінуўшы няўзнак: «Нягожа, калі беларускай шляхтай запраўляе драбнарыбіца. Тут на самацёк пускаць нельга… ой, нельга».
Мы моўчкі глядзелі ўслед. Ну і дзед, усіх здзівіў. Гэта ж трэба, сам Радзівіл даў яму тэлеграму. Вунь як горда барадой затрос. Мусіць, і нам з Алёнай не выпадае з кім папала хаўрусаваць. Мы — беларусы!