Выбрать главу

Як дзед цыганіў

Даўно гэта было, вой даўно. Я тады яшчэ не ўзбіўся на свой хлеб. На чужым полі з раніцы да вечара гнуў спіну. Трохі сабраў грошай. Але што за іх купіш? На хату не хапае. Хіба прыдбаць каня ці карову? Але куды іх паставіш, калі самому няма дзе галаву прытуліць. Думаў, гадаў я і вырашыў у цыганы падацца. Па свеце пахаджу, людзей пагляджу, а там будзе відаць.

Купіў гэта я ў цыганскага барона мядзведзіцу вучоную і давай з ёй хадзіць ад вёскі да вёскі. Хаджу, людзей смяшу, як жывуць, прыглядаюся.

Мядзведзіца прывыкла да мяне. Неяк пан адзін надумаў пасмяяцца з мяне: напаіў і выкінуў, голага, на мароз. Мядзведзіца так раз'юшылася, што выламала дзверы ў панскі пакой, мэблю пераламала, пана пакалечыла… А мяне ўзяла ў лапы і ў стог сена занесла. Раскідала той стог, укрыла і сама побач прымасцілася, каб цяплей было. Але і я шкадаваў яе. Сам лягу галодны, а мядзведзіцу пакармлю. Занаровіцца калі, не б'ю, як той барон цыганскі, а кіну ланцуг на падлогу, адчыню дзверы: «Не хочаш скакаць, — кажу, — не трэба, ідзі, другога гаспадара шукай!»

Пабурчыць мая мядзведзіца, пабурчыць, падыдзе, абдыме лапамі, асцярожна так, каб не зачапіць. Людзі рагочуць. Поўную шапку медзякоў накідаюць і ў торбу сала з хлебам пакладуць. Вось так і цыганіў я. За адзін год зарабіў грошай больш, чым за пяць у пана. А тут яшчэ мядзведзіца парадавала: маленькае медзведзяня прывяла. I такое смешнае, вясёлае: куляецца цераз галаву, скача. А якое разумнае!

— Пакажы, — прашу, — як дзед бабу абдымае.

Медзведзяня залезе на печ і, крэхчучы, злазіць, акурат як дзед. Перавальваецца з лапы на лапу, ідзе да бабы. Ашчаперыць лапамі, языком цмокае. Усе жываты надрываюць ад смеху. А мядзведзіца тым часам шапку па крузе носіць. Тут і самы скупы лезе ў кішэню па манету.

Так і хадзілі мы ўтрох. Я пачарнеў, бараду адгадаваў, нават цыганы за свайго прызнавалі. Адзін барон на сваёй дачцэ хацеў жаніць, ды я не схацеў. Не спадабалася мне, што цыганка тая курыць, крадзе… Каб не гнявіць барона, я ціхенька падняўся ноччу і пайшоў са сваімі мядзведзямі куды вочы глядзяць.

I ноч ішоў і дзень, пакуль не знайшоў начлег у адным сяле. Гаспадар пакарміў нас, паслаў у сенцах нанач…

Толькі гэта я заплюшчыў вочы, чую, мядзведзіца мая стогне, дзверы кіпцюрамі скрабе. I я падняўся, і гаспадар. А мядзведзіца не супакойваецца: то да мяне падыдзе, то да дзвярэй.

— Скажы, чалавеча, — пытаю гаспадара, — ці няма непадалёку ад вас якога-небудзь селішча?

— Ёсць, — кажа, — вярсты за тры адсюль хутар, жыве там чалавек адзін…

— Бяда ў яго вялікая, — кажу, — даруй, браце, але спяшаць трэба.

За мядзведзіцу я, за медзведзяня і бягом да таго хутара. Паперадзе мядзведзіца джгае, за ёй я, не выпускаючы ланцуга з рук, а за намі малое.

Ля самага хутара крык пачуў. Да акна падбег. Глянуў я і ледзь не самлеў ад страху. Здаравенны, за два метры, дзяцюк душыць гаспадара. У таго аж вочы на лоб лезуць, крыкне і замаўчыць. Эх, было не было! Я падскочыў і смальнуў нагою ў раму, яна і вылецела. Акенца маленькае, не ўлезці. Толькі медзведзяня ўскочыла. А мы са старой мядзведзіцай давай дзверы ламаць. Не паддаюцца. Я ўхапіў бервяно, мядзведзіца за канец узялася. Як грукнулі, дзверы і вылецелі. Ускочылі ў хату, а асілак медзведзяня душыць. Мядзведзіца зараўла так, што аж сцены закалаціліся. Кінулася да асілка і давай яго тузаць. Той адкінуў малога і ўхапіў з усёй сілы мядзведзіцу. Не ведаю, хто б каго адолеў, каб я не падаспеў: ланцугом злодзея па галаве, па галаве… Бачу, слабее. А мядзведзіца саўсім азвярэла, за дзіцяня помсціць. Нават мёртвага злодзея душыла, ледзь супакоіў.

— Дзякуй табе, чалавеча, — упаў на калені гаспадар хутара, — усё, што ў мяне ёсць, — тваё. Бяры каня, карову, хочаш — грошы.

А я і не слухаю, па медзведзяняці гарую. I мядзведзіца ад яго не адходзіць. Абхапіла лапамі галаву і ківаецца.

— Бачыш, як шкадуе, — заплакаў гаспадар, — гэта з-за мяне ўсё.

— Ты невінаваты, — кажу, — пахавай яго, а мы пойдзем далей… Нельга нам тут… А грошай не трэба. Навошта нам яны, калі няма малога.

Распілаваў я кальцо на губе мядзведзіцы, адкінуў прэч ланцуг і пайшоў да людзей. Ішоў — не аглядваўся, толькі на прыгорку не вытрымаў, прыпыніўся. Мядзведзіца стаяла ля хаты хутараніна, усё думала, ці даганяць мяне, ці падацца ў лес…

Вось так, дзеці, дзед ваш цыганіў.