Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка Альдона з дачкою на руках.
У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.
Але лютага каня вуздэчка стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.
Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў сваіх паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнай гордасці, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.
У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала жаркім агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх пад час аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.
— Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,— пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.
Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў — невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды вяснушкаваты волат — літоўскі ваяр Рудзіс.
Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. “Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць”,— зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.
У палаце павісла ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.
— Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? — парушыў гэтае маўчанне Валодша.— Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?
Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.
— Не такія мы словы чуць хацелі,— глуха сказаў стары ваяка.
— Не льюць міру духмяную ў паганы посуд.— Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да “Пчалы” і “Ізборнікаў”, любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў.— Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.
— Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.