Выбрать главу

— Чаму?

— Кажа,— збянтэжыўся Барыска,— пуп развяжацца.

— А што, не развяжацца? — засмяяўся князь, трасянуўшы шорсткімі русымі кудзерамі.

— Не! — цвёрда сказаў хлопчык.

— Ладна, загадаю, каб даваў табе меч.

— Тата,— зусім асмялеў Барыска,— а ці хутка мяне на вайну возьмеш?

У князя зашчымела сэрца. Усплыло на памяць, як самога бацька ўпершыню ўзяў у набег, як першы раз пачуў посвіст чужынскай стралы... Ён прыгарнуў малога да грудзей, правёў калянай даланёй па ядвабных сынавых валасах. Дзве макаўкі ў Барыскі на галаве, як і ў яго самога. Кажуць, шчаслівы знак.

— Хутка, сыне. Чатыры леты засталося. Такі ўжо ў князёў крывіцкіх няпісаны закон: у тры гады сына на каня садзіць, у сем аддаваць у навучанне грамаце, а як міне дванаццаць — можна княжыча і на вайну браць.

— Чатыры леты...— расчаравана працягнуў хлопчык.— Тады хоць у пацешную вайну навучы, што з Віславусам гуляеш.

— Ну, на такую вайну табе ўжо можна. Калі хочаш, зараз і паваюем.

— Хачу! — успыхнулі ў княжыча вочы.

Валодша ўзяў з паліцы куфэрак са слановай косці і высыпаў на сталец дзве жмені жаўтлявых касцяных фігурак. Стальніца была не простая — папераменна выкладзеная кавалачкамі светлага і цёмнага дрэва.

— Вось гэта ратнік.— Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках.— Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма.— “Назад яму дарогі няма”,— міжволі паўтарылася ў князевых думках.— А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада...

У святліцу зайшоў ваявода Віславус. Быў ён круглатвары, з кароткай барадой і сінімі вачыма, яшчэ малады, але трымаўся паважна, не раўнуючы як пажылы баярын. З хвіліну ён чакаў, але князь так улёг у гульню, што не чуў ваяводавых крокаў. Тады Віславус керхануў у кулак і, пакланіўшыся, загаварыў:

— Новыя паслы ад чудзі прыйшлі, княжа...

2.

Тры вялікія стругі пад белымі ветразямі прысталі побач з дзядзінцам, акурат там, дзе Дзвіна прымае ў свае берагі павольную Палату. Наладаваныя футрам і воскам караблі прывялі віцебскія купцы, што ўпершыню пасля зімы кіраваліся водным шляхам у Рыгу. Разам з імі сышоў на бераг рослы падхорцісты чалавек у свіце з грубага сукна. Два дні таму ён, не таргуючыся, заплаціў купцам паўгрыўні, каб давезлі да стольнага Полацка. Назваўся аршанскім майстрам-лучніком Богушам. Едзе па навуку да полацкіх майстроў, бо чуў: іхнія самастрэлы за сотню крокаў прабіваюць нямецкую браню, нібы тую кляновую дошчачку.

Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра.

На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў.

Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях [3] і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.

— Прывялі таця ў церам,— апавядаў старэйшы векам дружыннік,— дык на калені заваліўся і якоча: “Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!” А князь рачэ: “А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?”

Воі засмяяліся.

— I піўцом князь пачастуе, і слаўцом.

— А ці ведаеш, рачэ князь,— працягваў старэйшы,— што над табой немцы ўчынілі б? Галавой — у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць.

Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.

— Ага,— згадзіўся малодшы.— Чалавек з леціголы баяў. Рытары [4] ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.

Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.

На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін — таўсматы і вірлавокі, другі — драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.

Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча,— прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.

вернуться

3

Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.

вернуться

4

Рыцары.