Ежы, ужо два разы свой дзень анёла я сустракаў у няволі. Восенню мне споўніцца трыццаць... Прабач, я агаварыўся... Я не ўбачу не толькі восені, але і гэтай вясны.
Трыццаць гадоў... Здаецца, у такім вяку ўзышоў на эшафот смаленскі шляхціц Кахоўскі. Той самы, што на Сенацкай плошчы ці не адзіны з паўстанцаў адважыўся націснуць на курок. Столькі ж было Канарскаму [44] і Францішку Савічу [45]. Спадзяюся, ты ведаеш гэтыя імёны.
Герой - не той, хто зрабіў больш, чым іншыя. Герой - той, хто зрабіў усё, што мог. Таму я не магу назваць сваё жыццё незвычайным. Што я паспеў? Напісаў праект вызвалення сялян і не паспеў даць вольную сваім прыгонным. Склаў план чыну нелегальнага таварыства і не паспеў заснаваць яго. Марыў узяць у рукі зброю, а цяпер ледзьве трымаю пяро...
І ўсё ж, Ежы, я без сораму зірну ў вочы хлопчыку, што прачынаўся сярод ночы ў пансіённай спальні.
Уяўляю, як дзесьці ў салоне паміж дэсертам і вістам узнікае размова пра маю асобу і нехта, прыкрываючы далонню позех, падрахоўвае: «Я не разумею, панове, дзеля чаго пражыта жыццё...» Ежы, я веру, што ты змог бы...
Хлопчык мой, я пішу пасля доўгага перапынку. Тры дні і тры ночы мяне як быццам не існавала. Прадчуваю, што наступны раз магу ўжо не вярнуцца з гэтага чорнага прадоння, а мне яшчэ трэба сказаць табе нешта важнае.
У мяне эйфарыя, але розум мой ясны. Менш за ўсё я хачу, каб ты бачыў у гэтым лісце штосьці ментарскае. Сёння ў мяне зноў быў капелан. Я адмовіўся ад споведзі. Калі хочаш, лічы ўсю нашу размову споведдзю табе.
Ежы, не перапыняй мяне і даруй, калі сёння ў маіх словах не будзе той паслядоўнасці, да якой ты прывык.
Памяць пераносіць мяне ў спякотны паўднёвы дзень. Мы са слугой адпачывалі ў халадку платана каля таверны. Побач спявалі некалькі маладых італьянцаў. Не магу пахваліцца дасканалым веданнем італьянскай, але ўпэўнены, што жандары не ўхвалілі б гэтае песні. Яна была аб падарожніку, які марыць вярнуцца дадому, ды яго зямля ў няволі, і толькі птушкі там свабодныя.
Цяжка вытлумачыць, што адбылося са мною ў той момант. Я пачуў раптам зусім іншую песню. Я ведаў яе, але ніколі не лічыў сваёй. А цяпер мне здавалася, што я не змагу далей жыць, калі не заспяваю яе, гэтую песню, якую пяюць у нас простыя людзі.
- Рыгор, ты ведаеш такую песню? - страшэнна хвалюючыся, я напеў яму першыя словы.
- Анягож, паночку, - уразіўся ён. - У нас яе ўсе ведаюць.
- Спявай, Рыгор!
І мы спявалі, Ежы. Магчыма, гэта былі найлепшыя хвіліны майго жыцця, хвіліны, за якія не шкода аддаць гады.
Я не заўважыў, як італьянцы абступілі нас.
- Grаzіа, - падзякаваў гаспадар таверны. - Мне невядома, якога народа гэта песня, але вы спявалі душой.
Сэрца так часта апярэджвае наш розум... Менавіта тады я ўпершыню засумняваўся: хто я?
Пасля я шмат думаў пра гэта. Я прыгадваў, як у варшаўскім пансіёне сябры кпілі з майго працяжнага вымаўлення, успамінаў, як выкладчык гісторыі заўсёды казаў пра вялікую Польшчу, быццам нашай зямлі проста не існавала. Я ўжо не мог заставацца спакойным, калі на нас глядзелі звысаку, калі гэтыя пыхлівыя паны велягурыста разважалі аб сваёй гістарычнай місіі. У такіх выпадках я пытаўся, а што рабіў бы пад Грунвальдам кароль Ягайла, калі б наш Вітаўт не прывёў свае сорак палкоў?
Мы называем сябе ліцьвінамі, але з вуснаў аднаго чалавека я чуў іншае слова - беларусы. Ты не ўяўляеш, як бы я хацеў пагутарыць з ім цяпер. Калі не памыляюся, яго прозвішча было Марцінкевіч. Тады ён служыў у Менску, а я ў канцылярыі ігуменскага маршалка. Памятаю, на губернскім з'ездзе з пана Марцінкевіча пасміхаліся, што світка яму бліжэй да душы, чым сурдут. Ён пісаў вершы на сялянскай гаворцы. Чамусьці я пэўны, што, калі ён не пакінуў свайго занятку, ты пра гэтага чалавека яшчэ пачуеш.
Памятаю, за сталом ён сказаў тост папросту і была бура рогату.
Следчы Явецкі рабіў мне вочныя стаўкі з фурманам Янкам і слугамі з маёнтка. Якімі вачыма глядзелі яны на мяне, калі я таксама загаварыў на іхняй мове! Відаць, падумалі, што пан крануўся з розуму. А пан проста зразумеў, што ён адной з імі крыві, што ў яго ёсць свой народ, без якога чалавек падобны на матылька, якога нясе вецер...
44
Сымон Канарскі (1808-1839) - чынны ўдзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Расстраляны ў Вільні.
45
Францішак Савіч (1815-1845) - беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст. У Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі арганізаваў «Дэмакратычнае таварыства», якое працягвала ідэі філаматаў. Арыштаваны і высланы ў салдаты на Каўказ.