Выбрать главу

Узяцце Горак было іх першым і апошнім поспехам.

За шэсць дзён, палячы паперы валасных праўленняў, валячы тэлеграфныя слупы і затрымліваючы пошту, атрад прайшоў палявымі і ляснымі дарогамі болей за сотню вёрст. У кожнай вёсцы паўстанцы збіралі сялян і чыталі маніфест аб надзяленні зямлёй і скасаванні паншчыны. Але з дня ў дзень гэты паход усё больш нагадваў кружлянне аточанага лаўцамі звера. Аршанскі і крычаўскі атрады ўжо былі разбітыя, і камандзір аршанцаў Будзіловіч чакаў у фартэцы расстрэлу. Па наваколлі яшчэ насіліся чуткі, што пад рукою ў Тапара ледзьве не паўтысячы ўзброеных да зубоў людзей, з суседняй Смаленшчыны яшчэ ляцелі ў сталіцу панічныя тэлеграмы аб прысылцы дадатковых войскаў, але кінутыя супраць атрада чатыры рэгулярныя роты і два дзесяткі казакоў з гарматаю шчыльней і шчыльней сціскалі сваё кальцо. Каб адрэзаць мяцежнікам шлях за Дняпро, усе паромы і чаўны былі пераведзеныя на правы бераг і пры іх стаялі сялянскія варты. За спайманне паўстанца са зброяй мужыкі атрымлівалі ад бацюхны-цара пяць рублёў, за бяззбройнага - тры.

Учора на світанні, пусціўшы карнікаў па падманным следзе, Тапор пераправіўся цераз Проню і спаліў за сабою паром. Аднак надзея на тое, што атрад прарвецца ў менскія лясы, пагасла ўжо і ў самых адважных сэрцах.

Сёння каля гэтае леснічоўкі Тапор, сапраўднага імя якога не ведаў, пэўна, нават ягоны ад'ютант, звярнуўся да інсургентаў з кароткім словам. Ён гаварыў сечанымі, дарэшты зразумелымі фразамі без усякае патэтыкі. Змагацца цяпер да апошняга - значыць зрабіць паслугу царскім генералам. Паўстанцы мусяць ратаваць сябе дзеля далейшага служэння справе. Выйсці з акружэння можна толькі невялікімі купкамі. Хто не адчувае ў сабе рашучасці працягваць барацьбу, няхай здаецца ўладам. Тыя, што складуць зброю не пазней чым паслязаўтра, трапяць пад абвешчаную ўрадам амністыю. У роўным камандзіравым голасе не было ні разгубленасці, ні паняверкі. Так мог гаварыць чалавек, які даастачы выканаў абавязак перад сваімі людзьмі і можа памерці або жыць далей з чыстым сумленнем.

Пасля роспуску атрада каля леснічоўкі, на якую напаўзала чорная з жаўтлявым падчарэўем навальнічная хмара, разам з Тапаром застаўся ягоны ад'ютант Здзіслаў Міткевіч і яшчэ двое: вольны слухач земляробчага інстытута Сокалаў з прастрэленаю рукой і камандзір ужо няіснага першага плутона [47] студэнт Восіп Антановіч. Яны апынуліся заадно не таму, што сябравалі. Калі не лічыць прыяцельскіх дачыненняў камандзіра і ад'ютанта, гэтыя чацвёра былі проста таварышы па зброі. Іх аб'яднала, можа, і не ўсвядомленая яшчэ на ўсю глыбіню думка, што, пакуль яны разам, працягвае жыць атрад. Была і яшчэ адна прычына - палонны афіцэр, ад якога ні на крок не адыходзіўся Антановіч. Капітана артылерыі Крыніцкага ўзялі ўначы на паштовай станцыі пасля шалёнай перастрэлкі, у якой адзін паўстанец быў забіты напавал, а другому куля трапіла ў жывот, і яго давялося пакінуць у доме станцыйнага наглядчыка. Лёс палоннага, які не атрымаў ані драпіны, дагэтуль заставаўся нявырашаны.

Крануты ржою ківач невядома кім заведзеных ходзікаў няўтомна адкройваў ад неабдымнасці часу імгненне за імгненнем, збіраў іх у цяглыя хвіліны, а дождж і не думаў сціхаць. Ён паліваў саламяныя стрэхі пустога хлява і адрыны, ля якой прыткнулася кінутая паўстанцамі фурманка, мыў чорнае голле пасаджанага пры хаце дубка, што, не даючы веры першаму цяплу, не спяшаўся выпускаць лісце з пупышак, прыпляскваў да зямлі малады дзьмухавіннік. Неба над леснічоўкаю было цяжкое і беспрасветнае. У такія вось хвіліны, пад такім небам, людзей апаноўваюць самыя змрочныя і безнадзейныя думкі. Тым больш калі побач ходзіць смерць, а па аднаго яна можа прыйсці зусім хутка, бо ён біўся супраць чацвярых астатніх і забіў іх паплечніка, а можа, і двух, таму што паранены ў жывот таксама мог памерці.

Маўчанне стала гнятлівым і фізічна адчувальным. Каб парушыць нясцерпную вусціш, нехта павінен быў зараз штосьці зрабіць ці проста прамовіць нейкае слова. Відаць, вастрэй ад усіх адчуў гэтую неабходнасць ад'ютант Міткевіч, прысадзісты гарбаносы чалавек з рудымі бакамі і барадою і нявыспаным тварам. Першыя за паўгадзіны словы сказаў, хоць і быў маўкліўцам, менавіта ён.

- Мне згадаўся мой дзед па кудзелі. Стары любіў паўтараць, што ў любым становішчы найперш трэба пад'есці.

Тапор з лёгкаю ўсмешкай кіўнуў, і ад'ютант адчыніў дарожны куфэрак. Ён раскінуў на краі шчарбатага стала сурвэтку, і на ёй з'явіліся чорныя сухары, кавалак саланіны і аплеценая раменьчыкамі біклажка. Бадай, адно цяпер яны ўспомнілі, што ў іх ад раніцы не было ў роце ні макулінкі. Усе скінулі здранцвенне і неяк пажвавелі, толькі палонны па-ранейшаму абыякава сядзеў на адзіным у хаце крэсле, зробленым з нязграбнаю прэтэнзіяй на панскасць. Але калі Тапор рукою запрасіў яго да стала, палонны таксама нібы ачуўся і без угавораў падсеў бліжэй.

вернуться

47

Узвода.