Палонны сцвярджальна кіўнуў стрыжанай галавой. У ражках яго цвёрдых сціснутых вуснаў нібыта затаілася ўсмешка, але ў паўзмроку леснічоўкі гэта магло проста здавацца.
- Колькі б нягоднікаў ні было сярод якога-небудзь народа, я веру, што сумленных людзей у яго ўсё адно больш, - сказаў паранены. - Я... мы ўсе... хацелі б мець за сумленнага чалавека і вас.
Антановіч, пратэстуючы, махнуў рукой.
- Паберажыце сілы, пане Сокалаў, - з'едліва прамовіў палонны. - Паверце, у вас нічога не атрымаецца. - Ён кпліва ўсміхнуўся. - Хаця, шчыра кажучы, я менш здзівіўся б, убачыўшы паміж інсургентаў сябе, а не вас. Вы, рускі чалавек, дваранін... Што прывяло вас сюды? Таксама капрыз нейкай легкадумніцы?.. - Здавалася, Крыніцкі хацеў прадоўжыць сваю думку, але чамусьці стрымаўся.
- Калі паўстанне пераможа, гэта будзе спрыяць вызваленню і маёй Радзімы, - ломкім голасам сказаў паранены.
- Вы пачынаеце займацца сафістыкай. Ваш народ і ваша Радзіма свабодныя.
- Народ, які пануе над іншымі, не можа быць свабодным. Ён разбэшчваецца і жыве ў духоўным рабстве.
Вузкія вочы Тапара як быццам расплюшчыліся шырэй і глядзелі на Сокалава з усцешлівым здзіўленнем.
- Вы ведаеце, што вас будуць судзіць значна суровей, чым шмат каго з вашых таварышаў? - пасля цяглай пярэрвы спытаў палонны.
- Моn sіegе еst fait [51], - Сокалаў у абладзе хвалявання тузануў параненаю рукой і зморшчыўся ад болю. - Я не ведаю, які лёс нас чакае, але мяне не пакідае адчуванне, што гэтыя некалькі дзён - галоўныя дні майго жыцця. Чалавек павінен нечым апраўдаць свой прыход на зямлю...
З-за спіны ў палоннага Антановіч рабіў аднакашніку знакі, якія выказвалі захапленне.
- Вы яшчэ вельмі малады... - У голасе ў Крыніцкага ўжо не было з'едлівасці, а чулася штосьці іншае: ці то шкадаванне, ці то незразумелы смутак.
- Не ўсё можна вытлумачыць узростам, пане капітан, - адказаў за параненага Тапор.
Сокалаў працягваў моршчыцца і ніяк не мог прымасціцца лацвей. Міткевіч адарваўся ад вакна, кіўком загадаў студэнту заняць ягонае месца і, памацаўшы ў параненага развярэджаную руку, пачаў рабіць перавязку.
- Ніхто ў такі дождж сюды не сунецца. - Антановіч павярнуўся да вакна спінай і сачыў за ўмелымі рухамі ад'ютанта.
- У каго засталася корпія? - спытаў Міткевіч, з асцярогаю адкручваючы рудую ад закарэлай крыві рэшту бінта.
Студэнт падхапіўся і дастаў з паходнае кайстры невялікі пакунак. Словы, якія ён сказаў пры гэтым, былі неабавязковыя, але не сказаць іх ён, відаць, не мог.
- Гэтую корпію шчыпала панна Гелена...
Засяроджанасць на твары ў параненага раптам змянілася разгубленасцю, аднак ён хутка авалодаў сабой. Міткевіч паклаў на рану свежай корпіі і стаў бінтаваць. Скончыўшы, ён разарваў край бінта зубамі і завязаў акуратны вузельчык.
- Баліць? - запытаўся ён і, не чакаючы адказу, прынёс са стала біклажку.
У непаленай хаце было халаднавата, і гэтым разам паранены зрабіў колькі глыткоў. Ён адразу закашляўся, і Міткевіч асцярожліва пастукаў далонню яму па рамёнах. Ад'ютант перадаў біклажку камандзіру. Той адмоўна пакруціў галавой. У вачах у Антановіча, зусім як у хлапчука, што збіраецца выкінуць коніка, заскакалі чорцікі, але не вясёлыя, а змрочныя і зацятыя. Атрымаўшы біклажку, ён баўтануў яе і з выклікам абвясціў:
- За нашу вялікую Айчыну ў межах семдзесят другога года!
- Здаецца, я ўжо тлумачыў вам, што мы не на банкеце. - У спакойным голасе Тапара з'явіліся ноткі ўквеленасці. - У мяне склалася ўражанне, што мы з вамі ваюем за розныя мэты. Я супраць выключных правоў шляхты. Я за тое, каб даць мужыкам зямлю і сапраўдную волю. А без гэтага на адраджэнне Айчыны яны, прабачце, хацелі...
- Як вы... - задыхнуўся Антановіч, - як вы можаце?
- Магу. Хаця б таму, што дзеля гэтага адраджэння зрабіў больш, чым вы, грамадзянін былы камандзір першага плутона. Дарэчы, я спадзяюся, вы не будзеце ўслед за некаторымі пераконваць мяне, што сяляне тых вёсак, праз якія мы праходзілі, належаць да польскага племені?
- Значыцца, вы з паноў сепаратыстаў?! З тых, што знайшлі сабе гэтую Беларусь і ўхапіліся за яе, як тапелец за трэску. Я чуў, нехта з іх нават выдае на сялянскай гаворцы газету.
- А чаму вас так устурбавала, што нехта друкуе газету зразумелаю мужыкам моваю?
- Таму што цяпер, як ніколі, трэба аб'яднацца пад адным сцягам. Сярод нашых былі такія, што хадзілі вучыць па-мужыцку ў патайнай школцы [52]. Я заўсёды казаў, што гэта памылка. Будучыня для гэтага народа толькі ў зліцці з намі. - Студэнт рашуча размахваў біклажкаю.
- Чаму? - У голасе ў Тапара ўжо не чулася раздражнення. Ён быў па-сапраўднаму захоплены спрэчкай.
52
У Горках напярэдадні паўстання існавала нелегальная беларуская школа, дзе выкладалі студэнты земляробчага інстытута.