Усё гэта было. І перамеценая завеяй вечаровая дарога з густымі ценямі ад сумётаў, і пырханне акрытага гунькаю дэраша, і прыхільнае маўчанне знаёмага мужыка, што няраз падвозіў яго, яшчэ гімназіста, ад станцыі. А потым - сонная, занесеная снегам да самых стрэх вёска, і маёнтак, і дзверы, што дыхнулі прытульным цяплом, і ўсцешана-недаверны ўскрык Юлі.
Пакуль падносілі чарку возніку і хапатліва збіралі на стол у гасцёўні, ён адчыніў валізку з пецярбургскімі гасцінцамі: памаранчамі і рахат-лукумам для ласухі Юлі і скрыначкай гаванскіх цыгар - бацьку. Сястра няўзнак падкралася ззаду і, паклаўшы падбародак яму на плячо, з пералівамі ў голасе спытала:
- Ой, Ігнась, і хто табе так хораша склаў валізку? Напэўна, нейкая панна?
- Так, панна. У мяне шмат добрых паненак ёсць, - жартам адказаў ён.
- Не веру! - тупнула ножкай Юля. - Толькі адна.
Яшчэ перад адыходам цягніка, на сталічным вакзале, няўважліва слухаючы ў купэ суседа, які, задыхаючыся ад патрыятызму, чытаў газетнае паведамленне, што генерал Скобелеў узяў апошні форт тэкінцаў у Закаспійскім стэпе, Ігнат наважыў забыць, што яго чакае, і жыць гэтыя тры дні бестурботна і шчасліва, як тады, калі прыязджаў дахаты з гімназіі. Ён не надта верыў, што з ягонае задумы нешта атрымаецца, але, як ні дзіўна, часам яму сапраўды ўдавалася забыцца на ўсё і пачуць сябе бесклапотным. Відаць, сама душа ведала, што гэтыя тры дні патрэбны яму менавіта такімі, каб потым ён быў даастатку моцны і не зрабіў аніводнае памылкі.
Гэтая шчасная бесклапотнасць агортвала яго ўранні, калі ён прачынаўся на старой, знаёмай з маленства пярыне і сцішана глядзеў на марозныя візэрункі на шыбах. У тыя хвіліны згадвалася нешта светлае і неацэннае - дзяўчынка-падлетак, з якой яны на куццю няўмела і, відаць, абое ўпершыню ў жыцці цалаваліся ў халодных сенцах, вандроўны катрыншчык-паляк, якога бацька прытуліў у маёнтку на цэлы месяц, і ледзь не штовечар яны ўдвух - катрынка і скрыпка - давалі хатнія канцэрты для ўсёй ваколіцы. Ён перагортваў у ложку «Шляхціца Завальню» [55], і схаваныя ў гэтым томіку задаўненыя дзіцячыя страхі, цмок з пеўневага яйка і вядзьмарка Белая Сарока, здаваліся яму больш рэальнымі, чым назіранні за царскімі выездамі або лекцыі аб дынамітных прыладах.
Перад полуднем, паглядаючы на старую кухарку Тэклю, якая слугавала і за сталом, ён весела дэкламаваў на памяць:
Побач з самотнай постаццю ранняга прахожага спыніўся рамізнік. Але чалавек адмоўна махнуў рукой. Ён яшчэ меў часу пабыць сам-насам са сваімі прыгадамі, з самым, можа, дарагім, што ў яго цяпер заставалася.
Юля, улюбёная сястра. Яна так і не здагадалася... Яна раскладвала пасля вячэры пасьянс, а ён маленькімі глыткамі піў завараную на баркуне гарбату.
- Што кажуць карты? - знешне бестурботна, але з нейкай лёгкаю трывогай спытаў ён.
- Што хутка тваё вянчанне, - пачырванеўшы, адказала сястра. - Я ўяўляю, як ты цяпер жывеш там, у Пецярбурзе, - мройліва працягвала яна. - Увесь дзень займаешся навукай, а ўвечары... Увечары вы з ёю едзеце ў тэатр. Напэўна, вы бываеце на балях. Уяўляю, як ты вядзеш яе пад руку цераз залу, абое такія маладыя, прыгожыя...
- Паваражы сабе, - мякка спыніў ён сястру, пазіраючы на тонкія чорныя абадкі сваіх пазногцяў, так і не адмытыя сляды доўгай работы са шрыфтамі. Яна даведаецца пра ўсё, але няхай гэта будзе не цяпер, думаў ён. Ігнат не хацеў, проста не мог разбурыць створаны яе фантазіяй свет, у якім ён нібыта жыў. У гэтым свеце не было месца нелегальнай друкарні, арыштам, пакаранням смерцю на досвітку.
- Паваражы сабе, - паўтарыў ён.
У тыя тры дні ён чуў сябе добра і з бацькам, хоць яны ніколі не былі блізкія. Ігнат змеціў, што пасля матчынай смерці гэты цяжкі, часам нават дэспатычны чалавек хутка ссівеў і страціў усю сваю нядаўнюю ўпэўненасць. Седзячы за сталом, бацька часта кідаў патайны позірк на такі самы, як і ва ўбогім сынавым жытле, авальны партрэт і потым доўга праціраў насоўкаю пенснэ. Гэта кранала Ігната і прымушала дараваць бацьку яго неразуменне, ягоныя былыя папрокі, што сын, найлепшы вучань Беластоцкай рэальнай гімназіі, забіў сабе галаву хімерамі і можа наклікаць бяду на ўсю радзіну Грынявіцкіх. Ігнату хацелася, каб бацька не ведаў, што сын паўгода таму выключаны з інстытута, і ён старанна пераводзіў усе рызыкоўныя размовы на падзеі ў Грынявічах і наваколлі. Бацька нічога не заўважаў, ахвотна і неяк мітусліва адказваў на нішчымныя пытанні і нараджаў у сынавай душы яшчэ большае шкадаванне.
55
«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» - кніга аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага.