Але ўсё было, відаць, не так проста.
У апошні вечар ён папрасіў бацьку сыграць на скрыпцы, і той знячэўку зайграў паланез, прысвечаны Касцюшку. Ужо назаўтра, у цягніку, калі за вакном купэ праносіліся аблітыя нежывым месяцавым святлом аснежаныя беларускія лясы і ў ім зноў загучала, паланіўшы душу, урачыстая і журботная мелодыя паланеза, Ігната апякла раптоўная думка: «Няўжо бацька здагадаўся?..»
Тае начы ў яго быў прыступ паняверкі, яму ўявілася, што край ужо немагчыма абудзіць, што ўсе надзеі згарэлі ў полымі апошняга паўстання і застаўся толькі халодны попел. «Ці не паспяшаліся мы назваць гэты люд нацыяй? - думаў ён. - Хочам заявіць аб ягоных правах, назвалі будучы часопіс «Гоманам» [56], але ці загамоніць беларускі люд, ці паўстане? А мо зноў, як пачнецца паўстанне, будзе выдаваць змагароў, вязаць інсургентаў?..»
Ачуўшыся ад успамінаў, Грынявіцкі зразумеў, што ўжо некалькі хвілін стаіць перад патрэбным яму будынкам на Цялежнай. Як і дамоўлена, у вакне быў відзён вазон з геранню. Кішанёвы гадзіннік паказваў без пяці восем.
Ён прыйшоў першы і, хоць раней не верыў у прыкметы, падумаў, што гэта добры знак. Добры не ў звычайным, а ў ягоным, толькі ягоным разуменні.
Услед за Ігнатам па адным з'явіліся і трое астатніх. Павітаўшыся, яны замаўчалі, і, бадай, маўчанне гэтае было больш шчырым, чым нейкая магчымая размова.
Двое засталіся ў вітальні, уладкаваўшыся каля дзвярэй на засланай зялёным аксамітам кушэтцы. Трэці, высокі бландзін з поўным тварам і даўгімі, зачасанымі назад валасамі, якому не набегла яшчэ і дваццаці, прайшоў у другі пакой, да Грынявіцкага, і на Ігнатаву душу адразу лёг ужо звыклы цень. Ён пераконваў сябе, што мусіць насамперш паважаць гэтага хлопца, самага маладога між імі, за згоду ахвяраваць жыццём, пераконваў, што сваімі думкамі абражае яго, аднак быў пэўны, што на месцы Выканаўчага камітэта ён выбраў бы чацвёртым іншага. У паводзінах маладзёна яго штосьці насцярожвала. Нават зараз Ігнат убачыў знарочыстасць у тым, што хлопец гартаў узятую з этажэркі «Ниву». Але гэта была ўсё-ткі не непрыязнасць, а трывога. Кінуць бомбу не так ужо і цяжка, думаў Ігнат. Неймаверна цяжэй да канца застацца чалавекам. Як ён будзе паводзіць сябе, калі трапіць у рукі жандараў? Ці не возьме верх над усім інстынкт самазахавання, ці не захлісне душу жаданне жыць, выжыць любой цаной? А там умеюць зламаць слабага, там умеюць правесці душу праз усе кругі здрады і потым, пакінуўшы ад чалавека адну абалонку, выкінуць яго на сметнік.
Намаганнем волі Грынявіцкі абарваў свае думкі.
Дзесьці, яшчэ схаванае камяніцамі вялізнага горада, узышло сонца. Дзесьці спяшалася сюды Соф'я. Дзесьці чакалі сённяшняга выбуху таварышы. Яны пачуюць яго, пачуюць і ў сталіцы, і ў самых аддаленых кутах імперыі. Выбух будзе напамінкам усім тыранам, будзе помстаю за ягоны абылганы, зняважаны народ.
З нейкай пільнаю ўвагай разглядаючы герань, якая зацвітала на вакне ружовымі кветкамі, Грынявіцкі злавіў сябе на тым, што ў ягонай свядомасці гучаць радкі з ранішняга ліста. Было такое адчуванне, быццам нехта дастаў запавет з кішэні і чытае яго ўголас, і ён, Ігнат, прагна слухае.
«Што будзе далей?.. Я баюся... мяне палохае думка, што наперадзе яшчэ шмат дарагіх ахвяр. Апошняя смяротная бітва, я веру, ужо недалёка. Яна залье палі і нівы крывёю, але гісторыя сведчыць, што раскошнае дрэва свабоды патрабуе чалавечых жыццяў. Я не буду жыць ніводнага дня, ніводнае гадзіны ў светлы час перамогі, калі народы імперыі стануць вольныя... Лёс асудзіў мяне, але гэта неабходна. Гэта неабходна дзеля тых, хто прыйдзе пасля нас...»
Ён баяўся пачуць хоць водцень фальшу ці няшчырасці, ды не пачуў іх, і з гэтае хвіліны запавет належаў ужо не яму, а тым, хто застанецца.
Соф'я з'явілася каля дзевяці, калі яны пачалі хвалявацца; ён пазнаў хуткі стукат яе абцасаў у калідоры. Пры сустрэчы ён зазвычай цалаваў ёй руку. Соф'і гэта ніколі не падабалася, але яна кожны раз з грымаскаю незадавальнення ўсё ж цярпела ягоную цырымоннасць і дазваляла крануць вуснамі свае пальцы. Грынявіцкі не збіраўся адступаць ад завядзёнкі і сёння, аднак выгляд Соф'і спыніў яго. Бледная і змарнелая, з хваравітым бляскам у вачах і плямамі нездаровага румянцу на шчоках, яна паставіла важкі клунак на стол і задыхана села.
56
«Гоман» - нелегальны гектаграфічны часопіс, орган беларускай фракцыі таварыства «Народная воля», які пачаў выходзіць праз тры гады пасля апісаных падзей.