Непадалёк маладая дама ў сабаліным футэрку карміла галубоў. Каля зграбных санак пачціва стаяў фурман з гаспадынінай муфтаю і пульхным пірагом на срэбным сподзе.
Далей мераючы плошчу няспешнымі крокамі дробнага сталічнага службоўца, які выйшаў на свой нядзельны шпацыр, Ігнат зрабіў выснову, што думаць у гэтыя хвіліны пра цара - раскоша, якую ён ужо не можа сабе дазволіць.
Яму ўзбегла на памяць, як даўно, у гімназічныя гады, яго ўразіла смерць іхняга выкладчыка славеснасці. Той застрэліўся праз няшчаснае каханне, і Ігнату некалькі дзён не давала спакою пытанне: што думае і адчувае чалавек перад смерцю і што такое сама смерць?
Вось ты і маеш магчымасць даць сабе самы поўны адказ, падумаў ён.
Успомнілася, што яшчэ не развітаўся з сябрамі. Праўдзівей, ён увесь час памятаў пра гэта, але ўсё адкладваў і адкладваў, каб быць з імі ў апошнія хвіліны, і цяпер, яшчэ раз зірнуўшы на гадзіннік, зразумеў, што пара.
Першы быў Жалябаў, і ўся Ігнатава істота абурылася супроць думкі, што ён больш не ўбачыць шырокай барады і зусім дзіцячай Андрэевай усмешкі, не пачуе ягонага голасу. Ён з пяшчотай падумаў, што нават цяпер, арыштаваны, Андрэй дапамагае ім. Міністр унутраных спраў ужо, несумненна, далажыў цару, што галоўны змоўшчык схоплены, а значыць, самая вялікая небяспека для яго вялікасці мінулася...
Было паўгадзіны на першую. «Ну давай абдымемся і з табой, дарагі ты наш вынаходнік і філосаф». Ігнат убачыў меланхалічныя вочы Кібальчыча і падумаў, што заўсёдны спакой гэтага маўклівага летуценнага хахла - вынік не толькі ягонай сілы волі, але найперш - сілы думкі. Ён ніколі не пасміхаўся з сябравай мары аб паветранай лодцы. Узгадалася, як Кібальчыч нешта крэсліў дубчыкам на снезе, нават тады, калі яны ездзілі за Смольны манастыр выпрабоўваць бомбы. «Няхай лёс бароніць цябе дзеля навукі...»
Ігнату падумалася, што цяпер ён ведае, што такое смерць: глухая чорная сцяна, якая назаўсёды аддзяляе ад сяброў.
Ён убачыў сябе ў сырнай лаўцы, адкуль вялі падкоп пад Малую Садовую. Яны, зняможаныя так, што рукі і ногі, усё цела рабіліся чужымі і ўжо амаль не падпарадкоўваліся розуму, выпаўзлі з падкопу і паваліліся на скрынкі са свежай зямлёй. Гэта тады адзін з іх, фарсісты флоцкі афіцэр, улюбёнец жанчын, на якога некаторыя з арганізацыі глядзелі з насцярогаю, гаварыў ім: «Я не тэарэтык, я не займаюся разважаннямі. Але я адчуваю, што жыць без барацьбы цяпер проста няварта, занадта брыдка. У Расеі няма чым дыхаць, паветра няма...»
Ужо было каля гадзіны дня. Царскі экіпаж мусіў з'явіцца з хвіліны на хвіліну. Ігнат напята глядзеў усцяж вуліцы, але замест карэты з казацкім эскортам заўважыў Соф'ю. Яна ўзмахнула белай насоўкаю, і гэта быў знак, што іхняе чаканне марнае: цар паехаў па іншых вуліцах і два пуды дынаміту ў падкопе сталі непатрэбныя.
Ігнат быў рады і ўадначас крыху разгублены, што лёс падараваў яму яшчэ нейкую гадзіну, бо не чакаў адтэрміноўкі і не ведаў, чым гэты час запоўніць. Таму ён усцешыўся, калі Соф'я загадала сабрацца ў кандытарскай насупраць Гасцінага двара і чакаць, пакуль скончыцца развод гвардыі. Ён ужо даўно забыўся, што магчымасць заняцца такой простай і звычайнай чалавечаю справай, як яда, можа прынесці такую радасць. Адчуваючы на каленях важкасць бомбы, Ігнат з'еў усю порцыю гарачых піражкоў з гарбатаю і здзівіўся, што таварышы пакінулі свае талеркі некранутымі і пазіраюць на яго з захапленнем. Мусіць, яны, нават Соф'я, зайздросцяць ягонай вытрымцы. «Каб жа вы ведалі, што я проста галодны з учарашняга вечара».
Кандытарская месцілася ў падвальным памяшканні, і, падняўшы вочы ўгору, можна было назіраць у невялікіх запыленых вокнах бясконцую чараду чалавечых ног, што спяшаліся па Неўскім.
На Кацярынінскім канале, куды яны пойдуць цяпер, і ў нядзелю зазвычай пустэльна. Значыць, непатрэбных ахвяр не будзе. Памруць толькі тыя, хто павінен памерці.
Яны выйшлі з кандытарскай па адным і сышліся ўжо на канале. Набліжаючыся да свайго месца, Ігнат сустрэўся з Соф'яй і ўсміхнуўся ёй ледзь прыкметнаю ўсмешкай. «Яна так ніколі і не даведаецца, што я...»
Ён не памыліўся: на набярэжнай было бязлюдна, адно вартаўнікі падмяталі панель каля саду і водбліз Тэатральнага моста маячыла пара постацяў, яўна агенты паліцыі. Пакунак з бомбай быў невялікі і няцяжкі, не болей пяці фунтаў, але яго нельга было схаваць у кішэню, і пільнаму воку шпегаў ён мог здацца падазроным. Таму Грынявіцкі вырашыў не шпацыраваць па набярэжнай і, прыхінуўшыся спінаю да парапета, застаўся на месцы.
Уся ягоная разважнасць паступова некуды знікала, і душу браў у ледзяныя рукі страх. Яму здалося, што бомба, гэтыя шкляныя трубачкі з сернай кіслатой, кнаты, выбуховы жэлацін, ужо сталі часткаю ягонага цела, што кроў па яго жылах гоніць ужо не чалавечае сэрца, а бляшанка са смяротным змесцівам. Розум на момант ператварыўся ў лядачы човен сярод хваляў страху. Але адно на момант.