Гэты лысаваты дагледжаны чалавек прыпыняецца каля мяне, я на імгненне сустракаюся позіркам з мітуслівымі вачыма за круглымі шкельцамі акуляраў, і гэтага дастаткова, каб кінуць вока ў яго будучыню.
Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусім мала дзён. Але журботна мне з іншае прычыны.
Ну што, скажыце, зменіцца, калі ён даведаецца пра пухліну, якая ўжо расце ў ягоным страўніку? Пачне бегаць, шукаць нейкія лекі...
Я хацеў бы, шаноўныя, каб ён пачуў пра друкароў з нашае друкарні, што стаяла водбліз гарадскога млына да таго страшнага пажару пад час даўняй вайны са шведамі.
Пра худога і цыбатага, нібы птушка жораў, мніха, які ўзімку і ўлетку хадзіў у адной лапленай сутане і які насмельваўся казаць непачцівыя словы самому князю, вінавацячы яго ў адступе ад бацькоўскіх звычаяў і слова. Казалі, мніх той быў заможным шляхціцам, ды змяняў поўны трыбух на друкарскі варштат, каб даць люду паспалітаму духоўную лусту, як запавечыў Францыск Скарына са слаўнага места Полацкага.
Згадаў бы я і другога ў друкарскіх справах майстра, чалавека простай сялянскай крыві, што, ратуючыся ад гневу маскоўскага патрыярха, вярнуўся на Бацькаўшчыну, знайшоўшы прыстанак у княскай друкарні. Не ведаю ягонага аблічча, бо быў ён не рымскае веры і касцёл абмінаў, не перажагнаўшыся, але ведаю, што ў астатні свой дзень друкаваў ён лемантар на роднай мове, калі ворагі былі ўжо на вуліцах места, і астатні раз убачыў сонца, баронячы на парозе друкарні кнігі. Лысаваты ўжо далёка адсюль — спяшаецца кудысьці ў вулічным збоі, а я па-ранейшаму думаю аб ім. Ці патрэбна яму тое, што я памятаю?
Раней я меркаваў, што яна, гэтая памяць, наогул не трэба нікому, апрача некалькіх дзівакоў, бо жыць без яе людзям зручней і ўтульней. Ды апошнім часам да мяне ўсё часцей прыходзяць іншыя думкі. Бо ёсць жа Алена, і той мастак з рудымі вусамі, і фацэтны паэт, што складае пра мяне паэму... А пакуль ёсць сейбіты, будуць і ўсходы. Хіба могуць вякі велічы, перамог і пакутаў пакінуць па сабе толькі тло?
Зрэшты, дбаннем рэстаўратараў, стагоддзяў пяць жыцця мне яшчэ забяспечана.
Так што, шаноўныя, пагледзімо.