Выбрать главу

Рука яе, цёплая, недзе мякка ляжала ў яго пад пахаю. I твар, як i тады, быў мокры, i слёзы, цёпла-салёныя, смачныя, калi ён цалаваў яе ў вочы, закрыўшы свае, i яму было сорамна i добра, што яна любiць яго, i страшна, што нiколi яму, пэўна, не даруе.

Ён маўчаў... А потым недзе адтуль, здалёк, з невыразнага свету, прыйшла на памяць Аксеня - тая хата з нiзкаю столлю, з глiняным токам, з белаю грубкаю, з парудзелым, нiбы туды зацякла вада, люстэркам, з наклеенымi на сцяну жоўтымi выцвiлымi газетамi, каб не браўся мел. I яна, Аксеня, з распушчанымi квола-мяккiмi валасамi на ложку, прыгожая, ласкавая, як малое дзiця, у той вечар. I ён лавiў яе гарачыя вiльготныя вусны...

Яму стала непрыемна, брыдка за тое далёкае; ён да пякучае цемнаты, да болю заплюшчыў вочы i адкрыў - Аксеня прапала: на сцяне коса калыхалася i дрыжала месячнае святло, нiбы па шыбе сцякала вада. За топкаю перагародкаю ў большай палавiне скрыпнула канапа - там нанач паклалi хлопчыка.

- Iдзi глянь, каб не скiнуўся, - сказала яна, жонка, з тою добраю звычайнаю прастатою, нiбы там спала дачка, але рукi яе доўга не расшчаплялiся ў яго за спiною, мусiць, ад радасцi, што маюць над iм такую ўладу. А потым асцярожна i хутка лавiлi яго, калi ён ссунуўся з ложка i стаў, баючыся так нечакана i раптам адысцiся ад гэтых рук.

Хлопчык спаў, прыцiскаючы да шчакi падушку. I яму, пэўна, снiлася вялiкая i добрая мамiна рука. Коўдра спаўзла на падлогу.

"Няўжо сын?" - нешта перавярнулася ў Ходасавых грудзях: ён нiколi не думаў, што так вырастуць недзе таемна i нязнана яго дзецi. Ходасу стала жаласна i невядома чаму шкада сябе.

"Чаго я стаю, трэба ж накрыць яго", - схамянуўся ён i нагнуўся падняць коўдру; яна была мяккая i цёплая, як мох, той белы, нагрэты на сонцы мох... Даўно i далёка адсюль - пад Моладавам. I з памяцi зноў, як з шэрага густога дажджу, невыразна i мякка выплыў далёкi i светлы Аксенiн твар.

Цяпер Ходасу было сумна i дзiўна, што ён пастарэў, а яна будзе ўсё гэтак прыходзiць да яго, свежая, набрынялая хараством i маладосцю.

I раптам яму да шчымлiвага суму закарцела ведаць, якая яна стала цяпер, i няўжо трывожна-адзiнока, пасля раптоўных светлых слоў, успамiнае яго i ўсё яшчэ любiць. Яму, няведама чаму, хацелася гэтага...

Сярэдзiнаю вулiцы грукацела, падскакваючы заднiмi коламi, фурманка. На парожнiм, разведзеным i без драбiнак возе, укленчыўшы, стаяў малады пругкi цыган з худою нямытаю шыяй. Конь бег трушком, у цыгана за спiною туга надзiмалася чырвоная рубашка.

- А як мацi? - спытаў Ходас, калi фурманка завярнула за востры рог плота i грукат колаў пасыпаўся на плошчу. - Можа ў цябе другi бацька ёсць?

- Не-э, - пакруцiў галавою хлопчык, i на каўнер у яго вылезлi доўгiя валасы.

"Трэба было б падстрыгчы", - падумаў Ходас. I ён уявiў, як там перад светлаю нядзеляю, падмёўшы падворак, Аксеня iдзе ў чужую хату, дзе, шыкуючыся да свята, цэлаю вёскаю падстрыгаюцца хлопцы, i просiць, каб давялi да ладу малога, "бо зарос - i вушэй не вiдаць".

- А як вы цяпер жывяце?

- Лепей, - хлопчык цыркнуў вялаю слiнаю на тратуар. - Мама даяркаю стала. Старшыня казаў, што хату паставiць.

I Ходас успомнiў тую хату, купiны зялёнага моху на страсе i слупок, што падпiраў у хаце старую, выкручаную бэльку. I перад хатаю шэрае ў сухiх лiшаях шула - знак, што некалi быў плот, веснiцы i што ў хаце няма гаспадара. У шуле ў глыбокай шчылiне сядзела газета. Газеты сядзелi ва ўсiх веснiцах, iх выпiсвала ўсiм, пэўна, праўленне. Мусiць, у гэтым слупку сядзела i яго пiсьмо - першае i апошняе, на якое нязграбна i, пэўна, мучачыся куды цяжэй, чым на жнiве, злiваючы два словы ў адно, Аксеня адпiсвала, што ўжо звыклася без яго i нашто варушыць старое. Ад пiсьма, быццам ад нежылое хаты, цягнула адзiнотай, холадам. Аксеня маўчала, што знайшлося дзiця, пэўна, адзiнока, цяжка i трывожна радуючыся, што ўдваiх некалi будзе лягчэй. А цяпер недзе глядзiць на сына, хмялеючы ад шчасця i не верачы, што можна было б жыць без яго.

Ён злавiў хлопчыка за плячо, квола-худое i вострае, - i яно не вырывалася - адчуў нейкую незразумелую для сябе вiнаватасць, якую не адчуваў даўно.

- Дык ты прыязджай i на другую восень, - сказаў ён, не знiмаючы рукi з худога пляча. - Тут у мяне во: груш, яблыкаў. Дома ж няма.

- Чаму, ёсцека. Дзiчка за хатаю.

Светлым нядзельным днём, людскою мешанiнаю панесла iх з-пад белае царквы, з-пад раймага - яны выйшлi на плошчу. I дыхнула асалавелаю гарачынёю позняга прывялага лета. Паколваючы, як iголкамi, суха прыпякала ў плечы. Каля царквы, каля халоднай бочкi з хлебным квасам, калыхалася сапрэлая чарга. Нехта лiў недапiты квас на пухкi гарачы пясок, на сцежку; квас шумеў, збягаючыся, як у прысаку.

- Дык ты прыязджай усё роўна, - сказаў Ходас.

- Прыеду, чаму не, - адказаў хлопчык абыякава i стала.

Была радаснаю гэта шчырая няўмелая дзiцячая сталасць.

"Вялiкi. I, мусiць, вялiкае яму трэба палiтцо, - думаў Ходас. Навырост..."

Ён успомнiў тое, што казала жонка, калi даставала загорнутыя ў старую зношаную хустку грошы, прыхаваныя недзе пад свежаю бялiзнаю ў шафе; ён нават не ведаў, што яна iх там хавае.

Казала i другое, каб хлопчык пабыў, пакуль у школу.

- Можа з палiтом успеецца? Можа зойдзем у сталовую? Мы ж яшчэ i прыезд твой не замачылi. Га?

Хлопчык па-даросламу i цвёрда кiўнуў галавою. I яны пайшлi, мiнаючы белую царкву, раймаг, мiнаючы дробны рынак за раймагам, што таптаўся ў пыле, гаманiў i весела бялеў жаночымi хусткамi. Там, за рынкам, была сталовая: з адчыненых насцеж сенцаў нясло духатою, пiвам, i адтуль выходзiлi чырвона-раздабрэлыя мужчыны, пахнучы смажаным алеем i тушанаю капустаю.

Яны iшлi туды, бацька i сын. На iх нiхто не глядзеў: усё было чалавечае - дзень, сонца, позняе лета i хараство нядзелi.

1965 г.