Выбрать главу

— Вунь туды. Да сьценачкі.

Віктар яшчэ раз азірнуўся. Канца й краю няма гэтаму плоту. «А Бога няма!» было напісана на чарговым шматку, прылепленым да дошкі празрыстым скотчам. Ён паспрабаваў запомніць нумар, запісаны буйнымі лічбамі, некалькі разоў паўтарыў яго ўголас, зразумеў, што няма сэнсу, і сунуў запіску ў кішэню. Зрабіў некалькі крокаў і апынуўся проста перад Словам. Яно зараз жа адбілася ўнутры сьценак чэрапа, націснула на ледзь заўважны рычажок, і нешта ўстала на свае месцы.

Яны патэлефанавалі і сказалі, што гатовыя сустрэцца. Віктар папярэдзіў жонку, што можа быць усякае. Яна села і бязгучна заплакала. Ён надзеў прынесеную некалі вельмі-вельмі даўно са службы бронекамізэльку, жонка выцерла вочы і спыталася, ці трэба нечым дапамагчы.

— Буду ваяваць.

Стрэлку забілі ў «Бoлце». Ён пад'ехаў на паўгадзіны раней, зайшоў у суседні будынак бібліятэкі, падняўся на апошні паверх, дастаў бінокль і агледзеўся. Aдна машына зь дзьвюма гарыламі ўжо на стаянцы. Віктар зірнуў на торбу, там ляжалі докі. Пад'ехала срэбная «паджэра», зь яе выскачыў перамоўнік, увайшоў у бар, адразу ж выбег і пачаў азірацца. Зараз жа зазваніў тэлефон.

— У заторы стаю, — адказаў Віктар. — Яшчэ хвілін трыццаць.

Перамоўнік вярнуўся да машыны і пачаў пра нешта гаварыць з кіроўцам, зрэдку нецярпліва паглядаючы на гадзіньнік. Віктар дастаў з унутранай кішэні пінжака востра заточаную адвёртку з масіўным тронкам і спрытна пакруціў яе пальцамі. Яшчэ раз зірнуў у бінокль, некалькі разоў гучна ўздыхнуў, сунуў адвёртку ў кішэню пінжака і пайшоў уніз.

Побач каля плота валялася бляшанка з рэшткамі засохлай чорнай фарбы. Віктар падчапіў бляшанку. Яна прыліпла да наска чаравіка. Блін! Ён пару разоў трасянуў нагой.

— Значыць, вырашаем так, — сказаў ён, калі ўбачыў, што перамоўнік расплюшчыў вочы. — Твае прыносяць бабло, я аддаю докі, і мы адзін на аднаго ня крыўдзімся.

— Ой, бля… — перамоўнік трымаўся за макушку.

— Ясна? — яшчэ раз спытаўся Віктар. Ён сунуў перамоўніку ў руку тэлефон. Хлопец, усё яшчэ стогнучы, набраў нумар.

— Нясіце валізку, — запатрабаваў ён.

Нарэшце бляшанка адляпілася ад абутку і адкацілася ў траву.

— Зрабі мне выпіць, — Віктар перагнуўся праз стойку.

Бармэнка сядзела на падлозе. Даўгія каштанавыя валасы былі перахопленыя стужкай з выявай вінтоў.

— Я… у мяне… — у яе дрыжалі вусны. — Перапынак. На абед. Казёл.

Віктар паклаў гранату побач з кейсам на стойку:

— Што?

Бармэнка ўстала, схапіла ручнік і пачала нэрвова праціраць келіх.

— Можа, чаго іншага жадаеце? Нажы пакідаць кухонныя? Пастраляць з гарматы?

Келіх лопнуў. Яна кінула яго ў сьметніцу, скоса зірнула на гранату, узяла чарку і наліла дрыготкімі рукамі гарэлкі. Каля чаркі ўтварылася невялічкая лужынка.

Віктар не адказаў, выпіў залпам і жэстам папрасіў яшчэ.

Ён трымаў другую чарку ў руцэ. Бармэнка дастала глыбокую талерку і пачала азартна крышыць туды яркія фрукты. Зьняла з паліцы бутэльку, запячатаную сургучом, са зьмейкай усярэдзіне і чорнымі герогліфамі на этыкетцы, страсянула, перш чым адкаркаваць, выліла зьмесьціва ў талерку і падпаліла.

— Супчык, — яна зачарпнула вадкасьць вялікай лыжкай, наліла ў піялу і паставіла перад ім.

Смак быў прыемны, нядаўкі. Ён выцер вусны сурвэткай, пасьля ўсё закруцілася, бармэнка паплыла, зьявілася пустка і Слова.

Віктар паглядзеў на плот. Слова было зусім побач. Да яго можна было дакрануцца. Яно клікала, вабіла і разам з тым адштурхоўвала і палохала. Ён вагаўся, некалькі разоў азіраўся па баках. Урэшце наважыўся і вымавіў яго ўголас. Гучна і выразна.

— ХУЙ!

Машыны на шашы замерлі, паветра зрабілася шчыльным, шкляным, час заторгаўся і пайшоў зігзагамі. Ён апынуўся ў «Болце», зірнуў на бармэнку, якая церла шклянку, адсунуў піялу ўбок, так і не дакрануўшыся да яе, узяў кейс са стойкі і выйшаў з бару.

Сэйф 

Самотны камар тонка і агідна зьвінеў. Ён заходзіў з тылу, сьпераду, пасьля нечакана зьнік. Гмурман супакоіўся, але раптам адчуў, што яго кусаюць, і ўдарыў па правай скроні. Адзін-нуль, усьміхнуўся стары. Калі ў вуху перастала зьвінець, ён расплюшчыў вочы і паглядзеў у вітрыну.

Ноч, кваканьне жабаў у сажалцы, міліцыянты з аўтаматамі, узламаныя дзьверы ў лямбард…

Колькі іх было? Двое? Трое?

Міця дыхаў брату ў самае вуха. Ігар некалькі разоў адсоўваўся, на нейкі час гэта дапамагала.