Выбрать главу

— Нічога, — Ігар дастаў з вушэй трубкі фанэндаскопа.

Сэйф аказаўся простым: ручка зь дзяленьнямі, проразь для ключа, бірка з інвэнтарным нумарам на бакавой сьценцы. Вельмі нагадваў канструкцыі зь фільмаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Мужчына з трыбушком у мехаватым гарнітуры з выразам вечнага страху перад рэвізіяй дрыготкімі рукамі дастае ключ з кішэні сьветлага пінжака. Вочы бегаюць, ён ніяк ня можа трапіць у замок, выцірае мокры лоб клятчастай насоўкай. Масіўныя дзьверцы адчыняюцца зь лёгкім рыпам. На паліцах — пячаткі на падушачках, блянкі камандзіровачных пасьведчаньняў, тонкая кардонная тэчка, у якой ляжыць падпісаная заява па ўласным. Часам бутэлька алькаголю. Мужчына пакорліва чакае сваёй долі, вінавата ўцягнуўшы невялікую лысую галаву ў плечы.

Міця ўзяў фанэндаскоп, зьлёгку пстрыкнуў пальцам па мэмбране. Увушшу пачуўся грукат — усё працавала. Брат прыціснуў мэмбрану да дзьверцаў і пакруціў ручку. Міця адмоўна заматляў галавой, забраў мэмбрану і ўзяўся сам прыкладаць яе да розных месцаў сэйфа. Ігар нейкі час сядзеў зь безуважным выглядам, залез у торбу з інструмэнтамі, дастаў ломік і ўдарыў па рабры незгаральнай шафы. Аксамітная цішыня. Па лбе ў Міці паехаў зьдзіўлены гармонік зморшчынаў.

— Хто ж ведаў… — засмучана сказаў ён.

У пакоі пахла пылам. Апрача сэйфа, што стаяў у куце, быў яшчэ пісьмовы стол з тумбай, разнымі ножкамі, масіўнай чарнільнай прыладай і звычайнае, нічым не адметнае крэсла. Праз адчыненыя дзьверы была відаць гандлёвая заля. На сьценах віселі партрэты бравых мужчынаў у расшытых камзолах са шпагамі. Блякла блішчала золата цяжкіх рамаў. Пад імі стаялі паліцы, дзе пад шклом або проста так ляжала ўсялякая дзіўная ўсячына. Вялікія шкляныя шары для аматараў магіі, састараныя намаганьнямі суседняга вайсковага заводу падзорныя трубы, парцалянавыя кітайскія правадыры, музычныя скрыначкі, зь якіх, калі зьлёгку націснуць на сакрэтную кнопку, выскоквалі памежнікі, абардажныя пірацкія шпагі, дуэльныя пісталеты і іншая лухта.

— Курыць хочацца, — Ігар павадзіў галавой з боку ў бок, гучна захрусьцела ў шыйных пазванках.

Залезьці ў лямбард была Міцева ідэя. Яны сядзелі на мелі ўжо чатыры месяцы. Усе заказчыкі маўчалі. Дый каму патрэбны прамысловы шпіянаж, калі навокал крызіс. Акцыі падаюць, банкі лопаюцца, абвесткі аб продажы нерухомасьці клеяць нават у прыбіральнях. Працы не было, і, калі яна зьявіцца, было няясна.

Апошнія грошы Міця патраціў на вузкавокую даўганогую манэкеншчыцу, якую падчапіў у «Новым Бронксе». Рыта аказалася аматаркай «Удавы Кліко» і пасьля дзьвюх бутэлек зацягнула ў лямбард, дзе ён купіў ёй пэрлямутравую пудраніцу майстэрскай работы. Яна цмокнула ў шчаку і шчасьлівая паляцела ў Гамбург на здымкі, абяцаўшы патэлефанаваць.

На другі дзень Міцю адключылі мабілку. Ён прыйшоў да брата, бегаў па кватэры, размахваў рукамі.

— Мы можам гэта зрабіць!

— Каму зьбіраесься здаваць барахло? — паспрабаваў астудзіць запал Ігар. — У іншы лямбард?

Засьвістаў чайнік на кухні.

— Стары трымае ў сэйфе сапраўдныя каштоўнасьці. Ігар уздыхнуў, пакапаўся ў кішэнях і працягнуў некалькі купюраў.

— Уключы тэлефон.

Міця ня гледзячы сунуў грошы ў кішэню.

— Ты ж ведаеш, кім Рыта працуе…

Брат скрывіўся.

— Для здымак быў патрэбны пярсьцёнак са смарагдам, — Міця вырашыў не зьвяртаць увагі на незадаволеныя грымасы, — яго прынесьлі. Рыта пацікавілася, колькі каштуе.

Ігар працягваў стаяць з адсутным выглядам твару.

— Страхавая цана сорак тысячаў, — казаў далей Міця. — Рыта сама езьдзіла вяртаць каштоўнасьць.

Ігар чмыхнуў.

— Што ж тут незразумелага? Прычапілася да фатографа, каб пазнаёміў з уладальнікам…

Ігар зразумела заўсьміхаўся.

— Кавы не прапаную: ты й так па столі бегаеш. Можа, проста бром кіпнем разьвесьці?

Міця пакрыўджана замаўчаў, узяўся дыхаць брату ў патыліцу, назіраючы, як той кідае ў кубачак палачку карыцы, залівае карычневую вадкасьць і нясьпешна дастае цыгарэту.

— Чым ты зьбіраесься запраўляць машыну празь месяц? — урэшце ня вытрымаў ён.

Пстрыкнула запальнічка, брат глыбока зацягнуўся.

— «Удавой Кліко». Хопіць на тысячу кілямэтраў.

Ігар думаў тыдзень. Курыў, глядзеў футбол, гартаў часопісы. Пагадзіўся. Міця яшчэ раз схадзіў у лямбард, папрасіў гаспадара дапамагчы падабраць падарунак для сяброўкі. Стары бліскаў акулярамі, трымаўся за бок, крактаў. Заваліў прылавак таннай мішурой. Давялося сказаць, што ў сродках ён не абмежаваны, абы рэч была вартая. «Хвіліначку, — кажа, — малады чалавек». Праглынуў таблетку і пайшоў у другі пакой.