Выбрать главу

Ён паказаў, як стары шаркае.

— Вяртаецца са скрыначкай і кладзе на прылавак. «Тыфані». Пярсьцёнак са смарагдам у срэбры. Той самы. Я сказаў, што гэта верх маіх магчымасьцяў.

Ігар дробна кіўнуў. Міця працягваў думаць пра сваё.

Яны хутка знайшлі плян лямбарду. Замовілі па звычайных каналах у свайго чалавека ў бюро інвэнтарызацыі. Уваходны замок здаўся праз хвіліну, адключыць сыгналізацыю было сэкунднай справай. Другі пакой быў наагул незамкнуты. Міця ўбачыў сэйф і ня мог схаваць сваёй радасьці.

— Курыць хочацца, — паўтарыў Ігар.

— Можа, гэта матэрыял такі спэцыяльны?

Ігар паглядзеў на брата, быццам убачыў яго ўпершыню.

— Гукапаглынальны… — ня надта ўпэўнена дадаў Міця.

Гадзіньнік паказваў чвэрць на першую.

— Што будзем рабіць? — спытаўся Ігар і паглядзеў па баках.

Міця ўсьлед за братам паводзіў галавой.

— Няма сэнсу, — сказаў ён, — карціны падробныя, падзорныя трубы — таксама.

Ігар падышоў да вешака, на якім вісеў сьветлы пінжак. Міця сабраўся ўжо пажартаваць, што гэты фасон увойдзе ў моду ў наступным сэзоне, але Ігар пачаў абмацваць кішэні. Нешта выцягнуў з адной і пачаў круціць перад вачмі.

— Які, кажаш, ювэлірны брэнд быў?

Міця не зразумеў.

— Смарагд…

— «Тыфані», здаецца, — Міця выцягнуў шыю, спрабуючы разгледзець, што ў брата ў руках.

Ігар працягнуў ключык. На ім было напісана «Тыфані». Міця адкрыў маленькі комп і залез у сетку.

— Палома Пікаса, — прачытаў ён, — распрацавала для «Тыфані» лінейку ўпрыгожаньняў, у тым ліку і ключы. Срэбра.

Ігар уставіў ключ у замок. Пачулася гудзеньне, нізкі гук, быццам недзе запрацаваў генэратар. Яны ўздрыгнулі і пераглянуліся. Выцягнулі ключ, і гук прапаў. У іх загарэліся вочы. Ігар паказаў галавой на фанэндаскоп і зноў уставіў ключ у замок. Сэйф загуў, як разварушаны вулей. Ігар пакруціў ручку зь дзяленьнямі.

— Ну? — Міця зноў пачаў дыхаць у патыліцу. — Ёсьць кантакт?

Ігар крыху падаўся наперад.

— Слухай, — пачаў ён незадаволена. Міця адсунуўся. Ігар пачаў павольна паварочваць ключ. Гуд узмацніўся. Міця ўбачыў буйныя кроплі поту на братавым ілбе.

— Што з табой?

— Ня ведаю… — адказаў Ігар. — Не магу.

Міця не зразумеў.

— Што «не магу»?

— Не магу і ўсё.

Ігар пакруціў рукой, быццам адчыняў уяўны замок.

— Не разумею, — ён устаў. — Ніколі такога не было…

З братам рабілася нешта ня тое. Рухі сталіся няўпэўненымі, рукі заўважна дрыжалі. Ігар падышоў да сьцяны, абаперся сьпінай і павольна споўз уніз.

— Зараз…

Міця працягваў сядзець у той самай позе і з трывогай глядзеў на брата.

— Алергія нейкая, — Ігар сядзеў з апушчанымі павекамі, — прыступ, напэўна…

Міця павярнуўся да сэйфа, які ўсё яшчэ нізка гуў, і ўзяўся за ключ. Скрозь пальчатку адчуваўся дзіўны холад. Пачало паколваць у кончыках пальцаў, на лбе выступіў пот. Яго ахапіла гарачка, у галаве запульсавала. Застукалі зубы, мачавы пухір аказаўся перапоўнены, а ў вушы пачалі запіхваць вату. Яе рабілася ўсё болей і болей, яна забіла ўсю галаву, але яе працягвалі пхаць. Скрозь вату стала чуваць, як дробна завібравалі паліцы ў гандлёвай залі, а зусім побач жаласьліва замяўкала котка. Няма тут ніякай коткі. Няма, і ніколі не было. Міця сьціснуў зубы. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў бацьку зь перакошаным тварам, які замахваўся на яго папругай. Пасьля ўбачыў брата, які павіс у бацькі на руцэ. Бацька стрэс Ігара, і той ляжаў бяз руху на падлозе. З вуха выцек тонкі струменьчык крыві. Міця ўскочыў з канапы і кінуўся на бацьку. Павеяла тытунём і перагарам. Узьнятая папруга апусьцілася проста на галаву…

Сэрца працягвала шалёна біцца.

— Гэта не алергія… — зь цяжкасьцю выціснуў Міця.

Унутры сэйфа пстрыкнула.

Гмурману падалося, што ён ведае гэтага мужчыну. Тонкія вусікі, нос, падобны да дзьвярной ручкі, востры кадык, калючы позірк міндальных вачэй. Наведнік уважліва агледзеў памяшканьне, павольна прайшоў уздоўж паліц, затрымаўся каля партрэта рабіна, прыдзірліва ўглядваючыся ў подпіс. Урэшце падышоў да прылаўка, Гмурман адарваўся ад уліковых кніг.

— Слухаю вас.

Тонкія вусікі выклалі на прылавак скрыначку. «Тыфані энд Ко». Гмурман убачыў пярсьцёнак са смарагдам. Ён дастаў са стала вялікую лупу.

— Цудоўная праца, — сказаў ён праз пару хвілінаў.

— Гэтая рэч дасталася мне ад маці.

Гмурман прыгадаў. Маўрыцыё Леанарда. Або Леанарда Маўрыцыё. На афішы было напісана, што гіпнатызэр і ілюзіяніст. У гэтых артыстаў абсалютна немагчыма зразумець, дзе імя, дзе прозьвішча.