Выбрать главу

— Адыходзім, — сказаў Міця, — сам ісьці здолееш? — Ігар кіўнуў у адказ.

Гмурман убачыў ключ, які валяўся на падлозе.

— Ну што? — пачуўся нецярплівы голас з гандлёвай залі, — нешта прапала?

— Усё цэлае, — адказаў ён міліцыянтам. Пакруціў ключ у руцэ і засунуў у кішэню свайго сьветлага пінжака.

Яму прынесьлі паперы, ён уважліва прачытаў, узяў асадку з чарнільнай прылады, паставіў подпіс і зашаркаў да выхаду.

Трэба абавязкова выкінуць гэты сэйф, падумаў стары. Толькі месца займае.

Ля дзьвярэй лямбарду застаўся вартаўнік з аўтаматам. Ён пазяхаў, вакол цвыркалі насякомыя, недзе ў сажалцы сонна квакалі жабы, было душна...

Вясёлка

Ён прачнуўся і адразу паспрабаваў сесьці. Унутры хруснула, ён пакруціў галавой, прыгадаў, што сёньня чацьвер.

— Мама!

Ніхто не адгукнуўся. Ён падкурчыў калені, суставы скрыпнулі, і паклаў на іх галаву.

Было дзесяць гадзін сорак шэсьць хвілін. Міша пасядзеў бяз руху і роўна ў адзінаццаць зьлез са стала.

— Мама!

Дзьверы ў пакой бясшумна ад'ехалі, і ў праёме зьявілася мама.

— Ты як? — ласкава ўсьміхнулася яна. — Есьці ня хочаш?

Міша падумаў і кіўнуў галавой.

— Хадзем, — паклікала мама.

У кухні было, як заўсёды, стэрыльна. Вялізная ультрафіялетавая лямпа пад стольлю, мноства інструмэнтаў: адвёрткі, гаечныя ключы, разакі, гарэлкі, балёны з аргонам і кіслародам, чорныя разэткі, шпулькі, датчыкі тэмпэратуры і старадаўні гігромэтар, які мама знайшла на сьметніку, аднавіла і вельмі ім ганарылася.

— Чым будзеш сьнедаць?

Міша думаў.

— Можа, марозіва? — нерашуча пачаў ён.

— Сунічнае? — удакладніла мама. Міша энэргічна заківаў.

Яна ўключыла кампутар і пачала варажыць над графікамі. Крывыя не жадалі падпарадкоўвацца, танчылі, выгіналіся васьмёркамі, імкнуліся выскачыць за межы экрана. Міша асьцярожна пазіраў з-за мамінага пляча, як графікі паступова здаюцца, супакойваюцца і ўваходзяць у патрэбную канфігурацыю. Урэшце мама адарвалася ад клявіятуры і падала штэкер, ад якога ішоў тонкі белы дрот.

— Смачна есьці.

Міша ўставіў штэкер у гняздо ў левым баку.

Спачатку трошкі паколвала, але пасьля ўсё запоўніў смачны пяшчотны холад. Ён быў салодкі, сакавіты, хрусткі, ярка-чырвоны, пах сьвежасьцю і вясною. Міша заплюшчыў вочы ад задавальненьня. Ён трымаўся абедзьвюма рукамі за стол і зьлёгку гайдаўся.

Хлопчык зь бялявымі валасамі лез угару па вяровачнай лесьвіцы. На ім была белая кашуля зь сінімі палоскамі. Міша аднекуль ведаў, што гэта матроская форма. Хлопчык сьпяваў:

А ну-тка песьню засьпявай, вясёлы вецер,

Вясёлы вецер, вясёлы вецер!

Моры і горы ты аблазіў усе на сьвеце

І ўсе на сьвеце песенькі пачуў…

Міша бачыў мора, хвалі, хлопчык лез усё вышэй і вышэй, да самага сонца.

— Смачна? — пачуў Міша мамін голас. — Добрага памаленьку.

Міша расплюшчыў вочы.

— Можна яшчэ, — папрасіў ён, — кропельку?

Мама адарвалася ад экрана.

— Шмат салодкага — шкодна. Ты ж ведаеш — не шкада. Але што рабіць, калі ў цябе зноў пачнецца…

Яны былі ў гасьцях, і Каця ўпотайкі зацягнула яго на кухню, сунула штэкер і накарміла сочывам. Увечары Мішу зрабілася дрэнна. Мама ніяк не магла зразумець, чаму ён лётае як шалёны, не жадае адпачываць, хоць было ўжо позна. Яна ледзь злавіла, калі ён амаль што выскачыў у акно. Мішу хацелася лётаць. Мама выклікала лекараў, яны прыехалі праз шаснаццаць хвілін, выявілі парушэньне ў групе рухальных функцый, якое выклікала замыканьне цыклу. Доўга чысьцілі працэсарны блёк, спрачаліся, ці трэба пераўсталёўваць сыстэму, мама пасьля сказала, што гэта называецца «ладзіць кансыліюм», так і не прыйшлі да адзінага меркаваньня, віруснае гэта ці ўзроставае, вырашылі пакінуць усё як ёсьць і паназіраць.

А раніцай зьявілася Каця, яе прывялі бацькі, яна раўла на ўсё горла і расказала пра сочыва.

Міша выцягнуў штэкер.

— Можна, я пайду па вясёлку? — засмучана спытаўся ён.

Мама прыцягнула яго да сябе і пацалавала ў лоб.

— Дык я пайду? — удакладніў Міша.

— Толькі ня доўга, — сказала мама, але Міша ня чуў, ён бег уніз па лесьвіцы.

На вуліцы было ня горача, каля трыццаці. Сонца не было, неба было зацягнута шэрай смугою, з боку мора пахла нечым незнаёмым, кіслым.

Пад нагамі было сьлізка. У чорнай застылай шклістай масе, якая пакрывала ўсё да пачатку бэтоннай паласы, адлюстроўваліся дамы, сілавыя лініі на мэталічных апорах і рэдка-рэдка аўтаматычны дрон, што пралятаў у бок рэактару.