Выбрать главу

Зараз саскочыць!

Ён падрыхтаваўся кінуцца напярэймы, але ў гэты момант пачуў Яе.

Голас быў патрабавальны. Ён павярнуўся, паспрабаваў разгледзець, што адбываецца за яблынямі, але нічога не пабачыў. Рыжая таксама ўважліва глядзела ў бок саду.

Ты будзеш скакаць ці не?

Котка перадумала. Ён ужо сабраўся падбегчы да плота, але яго зноў паклікалі.

Халера.

Ён павольна патрухаў да адрыны.

Спачатку нічога не было зразумела.

Здалося, што ідзе нейкая гульня. Людзі трымалі адно аднаго рукамі. Нашто гэта? Пасьля зразумеў, што спрабуюць выцягнуць нешта нейкае, што моцна захрасла ў зямлі.

— Давай, — сказала Яна, — давай, Жук. Будзь малайчынкай.

Дзяўчынка працягнула палку. Ён з гатовасьцю ўчапіўся зубамі. Дзяўчынка засьмяялася.

— Ого! — узрадаваўся мужчына. — Справа пойдзе.

Ён папляваў на рукі, паглядзеў на жанчыну, якая ўсьміхнулася ўсімі зморшчынамі, абхапіла мужчыну за талію, і ўзяўся за зялёныя лісты. Дзяўчынка адной рукой схапіла жанчыну за спадніцу, а ў другой надалей трымала палку. Палка была нясмачная. З рота закапала сьліна.

— Цягнем-пацягнем, — скамандаваў мужчына. Яны нейкі час напружана саплі, — выцягнуць ня можам.

— Цягнем-пацягнем…

Не, куры не памочніцы. Не.

— Куды ты, Жук? — пачуў ён Яе. — Куды?

— Кінь, Марылька, — сказаў мужчына наўздагон, — дарма.

Ён ужо ляцеў да плота. Рыжая скончыла сябе вылізваць. Нейкі час вагалася, але ўсё ж саскочыла і пабегла сьледам.

Мужчына пускаў з рота сівы дым і глядзеў на комін, што тырчаў з страхі. Тым часам бусел праляцеў над імі, трымаючы ў дзюбе жабу.

— Ну добра, — мужчына выкінуў цыгарэту, — перакур скончаны.

Жанчына зноў усьміхнулася, дзяўчынка ўчапілася ў спадніцу, другой рукой працягнула палку.

Котка недаверліва памацала дрэва лапай. Ён ціха гыркнуў:

Рабі, як я!

Котка рашуча ўпілася ў палку ікламі.

— Усе гатовы? — спытаўся мужчына.

— Так! — радасна крыкнула дзяўчынка.

— Цягнем-пацягнем…

Твар у мужчыны пасінеў ад напругі, жылы на лбе ўспухлі, рукі задрыжалі.

— Выцягнуць ня можам… — раздаўся дружны расчараваны выдых.

Не, я не пабягу. Не пабягу. Хай хто іншы бегае.

Рыжая адышлася ўбок і зноў пачала аблізвацца. Яму здалося, што яна ўсьміхаецца. Гэта яшчэ больш раззлавала.

Ён зрабіў кола вакол градкі, зьвярнуў у лес і пабег па сьцежцы. Пару разоў падскокваў, лавіў пах.

Урэшце зьявіліся бэтонныя слупы, і ён кінуўся проста праз кустоўе, напралом. Праз сэкунду выскачыў на шырокую прасеку, пятляючы сярод нізенькіх ялінак.

Недзе тут. Зусім побач. Вось.

Ён спыніўся перад норкай.

Яна мусіць быць там. Мусіць.

Праз імгненьне зьявілася вострая шэрая мордачка. Ён пяшчотна сьціснуў сківіцы, сабраўся бегчы назад, але прыпыніўся. Вада была зусім блізка. Павярнуў направа, убачыў край яру, чорную лужыну ўнізе, сьветлыя гліняныя схілы.

Не было ніякай вялізнай пашчы, ніякіх іклаў і падманлівага цёплага паху. Нічога. Глупства ўсё гэта, цьвёрда вырашыў ён. Бабуліны казкі.

Мышка ў ягоных зубах ледзь чутна папісквала.

Карціна 

Яны спыніліся перад высокім стэлажом. Гмурман зірнуў у паперку, якую трымаў у руках, паглядзеў угору і павярнуўся да лейтэнанта.

— Тут? — спытаўся Жыгалка. Гмурман кіўнуў.

Памяшканьне дыхала пылам. Старыя мікраскопы, партрэты рабінаў у цяжкіх рамах, храномэтры ў драўляных скрынках, вазы з драконамі, сталовыя наборы, музычныя інструмэнты…

Гмурман падкаціў драбіны на колцах.

— Людзі ўжо даўно забыліся, што яны паходзяць ад малпы, — ён устаў на прыступку, — але сякія-такія навыкі… — ён узьлез яшчэ вышэй, — сякія-такія навыкі захаваліся.

Стары ўзяўся сьцягваць cа стэлажа вялікі пляскаты прадмет, загорнуты ў радно.

— Трымайце, малады чалавек, — сказаў ён, — яно ня лётае, яно падае.

Жыгалка падхапіў прастакутнік і беражліва апусьціў на падлогу. Гмурман спусьціўся і схапіўся за печань. На лбе выступілі кроплі поту. Ён аддыхаўся, агледзеў прадмет з усіх бакоў.

— Нясіце, малады чалавек, — зьвярнуўся ён да лейтэнанта, — гэта самае тое.

Пстрыкнуў выключальнік, хлам на стэлажах зноў патануў у цемры.

Яны прайшлі ў другі пакой, частку якога займаў прылавак, а на паліцах ляжаў такі самы хлам, толькі ня пыльны. Старыя фотаапараты, пераносныя радыёпрыймачы ў драўляных карпусах, кубачкі з партрэтамі забытых правадыроў, на сьценах віселі падробкі пад малых галяндцаў…