Выбрать главу

Яна вельмі не хацела разгортваць тканіну. Згадзілася паказаць толькі ражок, але Гмурман усё ж настаяў. Ён не знайшоў у карціне нічога дзіўнага… Павешаная жанчына выглядала вельмі натуралістычна. Тоўстая вяроўка, галава павернута набок, зблытаныя даўгія валасы, босыя ступакі, белая начная кашуля. Жанчына вісела сьпінай, здавалася, што трагедыя здарылася толькі што і яна працягвае гайдацца па інэрцыі… Арыгінальнасьць палягала ў тым, што карціна была напісаная на люстэрку, а не на палатне, і любы, хто на яе глядзеў, ствараў фон, на якім разгортвалася дзея. Крыху нязвыкла, вядома. На аматара.

Гаспадыня нэрвавалася, кусала вусны і крыху супакоілася, калі карціну зноў прыкрылі.

— На колькі гадоў вы хочаце здаць яе ў заклад? — Гмурман адарваўся ад запісу і паглядзеў на Марту Яўгенаўну.

Прыгожая, яна ведала сабе цану і, напэўна, дагэтуль круціла галовы, але цяпер ёй было не да таго. Чорныя кругі пад вачыма, заўважная дрыготка ў руках. Яна пацікавілася, які максымальны тэрмін магчымы і, пачуўшы, што пяць гадоў, згодна заківала.

Гмурман падаў квітанцыю, выпісаў дакумэнт для банку, яна расьпісалася, на квіток нават не зірнула, працягнула свайму спадарожніку. У яго стварылася ўражаньне, што грошы ёй былі непатрэбныя. Хлопца, які яе суправаджаў, Гмурман зусім ня памятаў, але быў упэўнены, што гэта быў сын.

Ягор, значыць, яго звалі, падумаў ён.

— Мы патаемна праверылі ўсе ячэйкі ў банку, — пад сакрэтам паведаміў лейтэнант, —  там было шмат цікавага. Усяго разам гадоў на сто пяцьдзясят — дзвесьце.

— Мяне ў нечым падазраюць? — спытаўся Гмурман на ўсялякі выпадак.

— Я не магу выключыць таго факту, — Жыгалка ўважліва глядзеў на старога, — што частка злачынцаў на свабодзе, і вам можа пагражаць…

— Малады чалавек, — перапыніў Гмурман, — прыходзьце заўтра. З ордэрам.

Стары падняў анучку, якая валялася на падлозе, і паклаў на крэсла, да якога была прыхіленая карціна. Ён аглядаў яе каля месяца таму, калі страхавая кампанія патрабавала правесьці інвэнтарызацыю ў лямбардзе. Гмурман адгарнуў тканіну, пабачыў пад шклом краявід з магільнай плітой, вянкамі, чыгуннай агароджай і адразу прыкрыў выяву, нават не прачытаўшы выгравіраваныя даты.

Лейтэнант выцягнуў цыгарэты і азірнуўся, шукаючы попельніцу. Гмурман тыцнуў у таблічку «Не курыць» і кіўнуў на дзьверы. Жыгалка ўстаў у дзьвярным праёме. На дарозе гулялі дзеці. Яны вішчалі, ганялі на ролікавых каньках, у руках у іх былі клюшкі. Лейтэнант адварочваўся, выпускаў дым на двор і працягваў глядзець на карціну.

— Дакладна месца злачынства. Адзін да аднаго. Адсюль зусім відавочна…

Жыгалка выкінуў недапалак і вярнуўся ў пакой. Гмурман падсунуў фатэль і паглыбіўся ў свае ўліковыя кнігі.

Лейтэнант памацаў пальцам шкло, агледзеў раму, перавярнуў карціну. З тыльнага боку нічога не было. Ніякіх надпісаў, штампаў, датаў.

Звычайнае люстэрка.

— У лябараторыі разьбяруцца, — Жыгалка выпрастаўся, калені хруснулі, і пайшоў да выхаду.

Гмурман на імгненьне адарваўся ад запісаў.

— Да пабачэньня, малады чалавек.

Яму не адказалі, дзьверы зачыніліся.

Гмурман паглядзеў у акно. Лейтэнант дагаварыў па тэлефоне, сеў у шэрую таёту і на шалёнай хуткасьці рвануў. Дзеці расступіліся, пачакалі, пакуль машына праедзе, і працягнулі высьвятляць адносіны сьценка на сьценку. У шлемах, налакотніках, накаленьніках, з клюшкамі наперавес.

Лета, падумаў Гмурман. Ён усьміхаўся. Ягоны ўнук гэтаксама ганяў па праезнай частцы, у такім самым шлеме, толькі на другім баку Зямлі, сярод кенгуру.

Стары раптам скеміў, што крэсла з прыхіленай карцінай усё яшчэ стаіць пасярэдзіне памяшканьня. Ён зашаркаў наводзіць парадак. Узяў радно і зірнуў на карціну, зьбіраючыся яе прыкрыць. Шэрая таёта коламі дагары, языкі полымя з капота, чорны дым. Насілкі, перавязаная галава, нерухома зьвешаная рука… У вольнай прасторы люстэрка адбіваліся Гмурманавы ногі ў мяккіх разношаных чаравіках і лёгкіх летніх нагавіцах шэрага колеру.

Стары пайшоў у другі пакой і вярнуўся з маленькім вазочкам. Крэкчучы, ён засунуў карціну ў радно і завёз туды, дзе яна пылілася раней. Ён не ўсьцягнуў яе на верхнюю паліцу, хоць і быў упэўнены, што заўтра па яе ніхто ня прыйдзе...

Гэта

— Ёсьць хто жывы?

Яна празь нейкі час паказалася з-за стэлажа і пахмурна адказала:

— Няма.

— Гэта што? — спытаўся я.

Яна дастала з кішэні халата нататнік і пагартала.

— Гэта нямецкае. Тэрмін захаваньня канчаецца.