Выбрать главу

— Апошні выпадак ужываньня — трынаццатае стагодзьдзе, Ніжняя Саксонія. Але там нешта ня так зрабілі, і здарыўся пабочны эфэкт. Яны спалохаліся і пакляліся не чапаць да прыходу мэсіі. Дакладна вядома, што яшчэ раз спрабавалі ўжыць у Майнцы супраць пагромшчыкаў. Шаснаццатае стагодзьдзе. Кагал ня даў, устаў на дыбкі.

Дзімка нечакана пачаў выяўляць зьедлівую цікаўнасьць. З павагі не круціў пальцам ля скроні.

— І яна дагэтуль пад Менскам?

Віктар палез у стол і выцягнуў кучу папераў.

— У 39-тым гэтая частка Польшчы адышла Беларусі, — пачаў Віктар, — габрэі з Майнцу пасьля тых пагромаў уцяклі сюды.

Дзімка ўбачыў копіі пратаколаў допытаў.

— НКУС? Глядзець ня буду. У іх такія мэтады былі — любы б прызнаўся, што завэрбаваны марсіянамі.

Але Дзімка ўсё ж паддаўся на Віктаравы ўгаворы і пайшоў да Гасана.

Мяркуючы па чарзе перад уваходам у клюб, справы ў Гасана ішлі добра. Ён адкінуўся на сьпінку канапы, разагнаў сваіх прычэплівых бляндынак, закурыў цыгару і, прыплюшчыўшы чорныя вочы, што нагадвалі дзьве аўтаматныя рулі, сказаў:

— Інвэстыцыю нэ дам. Кагда прынэсёш — купылю.

На большае Дзімка і не разьлічваў.

Віктар узрадаваўся і абвясьціў, што аб'ектаў будзе больш за трыццаць, але пабачыўшы перакошаную Дзімкаву фізіяномію, запрапанаваў абсьледаваць хоць бы палову. Дзімка згадзіўся на пяць. Папярэднія чатыры аказаліся пустымі, застаўся апошні. Забіты дошкамі дом зь ледзь заўважнай зоркай Давіда на франтоне на ўскрайку амаль бязьлюднай вёскі, якая складалася з пахіленых драўляных хатак. Аблупленыя, некалі ружовыя сьцены ў расколінах, зь якіх прабіваўся сівы мох, пустыя прахоны вокнаў, закрытыя мэталічным лістом, застаялы пах сырасьці.

Яны сарвалі дзьверы з завесаў, узялі шуфлі і пачалі разграбаць горы сьмецьця, якімі была завалена падлога. Празь дзьве гадзіны натыкнуліся на каменную пліту з надпісам па-габрэйску. Віктар прынёс кампутар і наладзіў перакладчык. «Не ўсклікайце і не давайце чуць голасу вашага».

Пасьля гэтага праца пайшла весялей. Пліту расчысьцілі і падчапілі тросам. Дзімка сеў у джып, матор зароў, колы шалёна круціліся, выкідаючы з-пад сябе гразь, пліта завібравала і ўстала старчма. У чорнай дзіры паказаліся каменныя прыступкі, што вялі ўніз.

Дзімка спусьціўся і праз хвіліну вярнуўся, асьцярожна трымаючы пад пахай цяжкі футарал.

Яны выйшлі з будынку, дасталі апошнія бляшанкі зь півам, селі на капот, закурылі. Тады Віктар і спытаўся, што ён зьбіраецца рабіць са сваёй доляй.

Дзімка азірнуўся на задняе сядзеньне. Гасан адваліць столькі, колькі яны запатрабуюць. Усю кроў зь яго вып'юць, да апошняга лейкацыта.

Ён усьміхнуўся.

Але ідэя працаваць самому вельмі нават добрая. Ён яшчэ раз зірнуў на цёмны футарал. Якое да д'ябла банкаўскае сховішча. Нават Форт Нокс не павінен утрымацца…

— Давай паспрабуем, — ён павярнуўся да партнэра, — на чым-небудзь.

Віктар задумаўся.

— Дзьмуць трэба адмыслова, — адказаў ён.

— Вядома, — згадзіўся Дзімка. — Адмыслова дык адмыслова.

Зьлез з капота, расчыніў футарал. Рог быў пацямнелы ад часу. Ніякіх надпісаў, знакаў.

— Звычайны, — ён пакруціў трубу ў руцэ, прымерваючыся, — нічога асаблівага.

Віктар зь непрыхаванай цікаўнасьцю сачыў за ягонымі дзеяньнямі. Дзімка стаў перад векавым дубам, накіраваў на яго раструб і дзьмухнуў у тонкі канец. Цішыня. Ён зазірнуў у трубу, спрабуючы ўбачыць нешта на сьвятло.

— Можа, не працуе?

— Табе ж казалі, што трэба адмысловым спосабам. Габрэі на звычайным шафары шэсьць гадоў вучыліся граць, а тут «…калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ хай усклікне гучным голасам, і гарадзкія муры абрынуцца да сваіх падмуркаў», — працытаваў Віктар з патасам, — гэта ж зброя!

Нечакана наляцеў пошуг ветру, трава палегла, дуб закалыхаўся, але гэта толькі падалося.

Дзімка над нечым раздумваў:

— Добра. Ты крычы.

Віктар паціснуў плячмі. Усё ж як-ніяк забава.

Дзімка надзьмуў шчокі, пачырванеў, вылупіў вочы і дзьмухнуў. Віктар адразу зразумеў, што гуку ня будзе, але на ўсялякі выпадак, каб не пакрыўдзіць партнэра, крыкнуў.

— ААААА!

Недзе ўгары пачуўся хруст, абодва прыгнуліся і пачалі азірацца. З дуба ўпала галінка.

— О! — узрадаваўся Дзімка. — Атрымалася.

Яны нахіліліся. Галінка была дарэшты згнілая.

— Так нават банкаўскую ячэйку не раскрыеш, — засьмяяўся Віктар, — зараз я паспрабую.