— А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі:
Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!
А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы.
Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.
Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.
Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям.
Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.
Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі.
— Чуеце?
Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна.
Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет.
Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з'яўляліся зноў.
— Чуеце? Топ-топ-топ…
— Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?!
— Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу.
З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну.
Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора.
Што заставалася рабіць? Ваяваць з тым, каго не бачыш? Я ведаў, што гэта дарэмная справа, але я стукнуў качаргою проста ў тое месца, адкуль чуліся крокі. Качарга прарэзала пустое паветра і са звонам упала на падлогу.
Смешна? Мне было ў той час, як вы здагадваецеся, не да смеху. У адказ на мой дастахвальны і рыцарскі ўдар нешта жаласна і глуха застагнала, пасля пачуліся яшчэ два-тры крокі — і ўсё сціхла.
Толькі тут я ўспомніў, што гаспадыня засталася адна ў гэтай вялізнай цёмнай зале, і заспяшаўся да яе.
Я чакаў, што яна страціла прытомнасць, звар'яцела ад жаху памерла, але толькі не таго, што пабачыў. Яноўская стаяла ля каміна, і твар яе быў суровы, змрочны, амаль спакойны, толькі з тым самым незразумелым выразам у вачах.
— Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго.
— Каго «яго»?
— Малога Чалавека Балотных Ялін.
— А гэта што такое?
— Не ведаю. Але ён з'яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго.
— Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі.
Яна рэзка адкінула галаву:
— Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур'ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека.
— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.
— А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень.
Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат.
Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў:
— А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін?
— Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральная выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі: мы назнарок пасля спрабавалі адчыніць — нельга.