Выбрать главу

— Дык вось, — казаў далей апякун, — акрамя гэтага, пані належыць амаль усё яноўскае наваколле, але гэта дрыгва, тарфяныя балоты і пустэчы, на якіх не расце нічога, акрамя верасу. На гэтай зямлі не жывуць колькі сягае ў гады памяць чалавечая. Значыцца, возьмем толькі 50 дзесяцін, якія здаюцца ў арэнду за другі сноп. Зямля няўгноеная, вырошчваюць на ёй толькі жыта, і гэта дае трыццаць, сама больш сорак пудоў з дзеснціны. Кошт жыта — 50 капеек пуд, значыцца — дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі.

Я пахітаў галавою. Гаспадыня вялікага маёнтка атрымлівала трохі больш двухсот рублёў прыбытку ў месяц. А сярэдні чыноўнік атрымліваў 125 рублёў. У Яноўскай было дзе жыць і было што есці, але гэта была непрыхаваная галеча, галеча без прасвятлення. Я, галяк, вучоны і журналіст, аўтар чатырох кніг, меў рублёў чатырыста ў месяц. І мне не трэба было рамантаваць гэтую прорву — палац, рабіць падарункі слугам, трымаць у адносным парадку парк. Я быў поруч з ёю Крэз.

Мне было шкада яе, гэтага дзіцёнка, на плечы якога ўпаў такі непасільны цяжар.

— Вы вельмі небагаты чалавек, — сумна сказаў Дубатоўк. — На руках у вас, уласна кажучы, застаюцца пасля ўсіх выдаткаў капейкі.

І ён кінуў позірк у мой бок, вельмі выразны і шматзначны позірк, але мой твар не выразіў нічога. Ды і сапраўды, якое гэта мела дачыненне да мяне?

Дакументы перадалі новай гаспадыні. Дубатоўк абяцаў даць загады Берману, пасля пацалаваў Яноўскую ў лоб і выйшаў. Мы ўсе таксама выйшлі ў залу, дзе публіка паспела ўжо замарыцца ад танцаў.

Дубатоўк адразу зноў выклікаў выбух запалу, уздыму і весялосці. Я не ўмеў скакаць нейкага мясцовага танца, і таму Яноўскую адразу памчаў Варона. Пасля яна кудысьці знікла. Я глядзеў на танцы, калі раптам адчуў нечы позірк. Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю.

Я не бачыў, адкуль ён з'явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку:

— Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт… былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі… за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым:

— Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах.

Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся:

— Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі. Здаецца, такая-сякая кропля крыві гэтых былых дэйноўскіх князькоў цячэ яшчэ і ў жылах Гарабурды, але яго сваяцтва, як і сваяцтва Грыцкевічавых, не даказаў бы ніводны знаўца геральдыкі… Гэта проста радавое паданне. А сапраўдная Яноўская толькі адна яна.

Твар яго памякчэў, стаў задумлівым.

— І наогул, усё гэта глупства. Усе гэтыя геральдычныя казусы, князькі, магнацкія маяраты. Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў. Гэта толькі прычына для вялікіх пакут сумлення. Мне здаецца, гэта і ў Надзеі Раманаўны так.

— А мне сказалі, што Надзея Раманаўна адзіная з Яноўскіх.

— Вядома, так. Я вельмі далёкі сваяк, і да таго ж мяне лічылі памёршым. Я не наведваўся ў Балотныя Яліны пяць год, а зараз мне дваццаць тры. Бацька адаслаў мяне адсюль, бо я ў васемнаццаць год паміраў ад кахання да трынаццацігадовай дзяўчыны. Уласна кажучы, гэта нічога, варта было пачакаць два гады, але бацька верыў у старажытную сілу праклёну.

— Ну і як, дапамагла вам высылка? — спытаў я.

— Ані на шэлег. Мала таго, дзвюх сустрэч было дастаткова, каб я адчуў, што старое абажанне перарасло ў каханне.

— І як глядзіць на гэта Надзея Раманаўна?

Ён пачырванеў так, што ў яго нават слёзы навярнуліся на вочы.

— О!… Вы здагадаліся! Я вельмі прашу вас маўчаць пра гэта! Справа ў тым, што я не ведаю яшчэ. Ды гэта не так важліва, паверце… паверце мне. Мне гэта не важліва. Мне проста добра з ёю, і нават калі яна будзе раўнадушнай да мяне, мне, паверце, будзе таксама шчасна і хораша жыць на зямлі: яна ж будзе існаваць на ёй таксама. Яна незвычайны чалавек. Вакол яе такое бруднае свінства, непрыхаванае рабства, а яна такая чыстая і добрая.

Я ўсміхнуўся ад раптоўнага замілавання да гэтага хлапчука з добрым і ясным тварам, а ён, відаць, палічыў усмешку за кпін.

— Ну вось, вы ўсміхаецеся таксама, як нябожчык бацька, як дзядзька Дубатоўк. Сорамна вам…

— Я і не думаю смяяцца, пан Андрэй. Мне проста добра чуць ад вас такія словы. Вы чысты і харошы чалавек. Толькі не трэба вам камусьці яшчэ казаць пра гэта. Вось вы тут вымавілі імя Дубатоўка.

— Дзякуй вам за добрае слова. Але няўжо вы думалі, што я камусьці казаў пра гэта, што я такі нягоднік? Вы ж здагадаліся. І дзядзька Дубатоўк таксама чамусьці здагадаўся.

— Добра, што здагадаўся Дубатоўк, а не Алесь Варона, — сказаў я. — Іначай справа скончылася б дрэнна для кагосьці з вас. Дубатоўк — гэта нічога. Ён апякун, яму цікава, каб Надзея Раманаўна знайшла добрага мужа. І ён, мне здаецца, добры чалавек, нікому не скажа, як і я. Але вам трэба наогул маўчаць пра гэта.