Выбрать главу

Цікаўнасць мая дайшла да мяжы немагчымага. Не, я не паеду адсюль заўтра, як думаў, я павінен разгадаць усё гэта. Жанчына, якая падаравала мне сёння яшчэ адзін добры ўспамін, вар'яцее тут ад жаху, тут робіцца нешта несумяшчальнае з законамі натуры, а я паеду? Але хто дапаможа мне? Хто? Хто дапаможа мне ў пошуках? І прыпомніліся мне словы Свеціловіча: «Прыпаўзу да яе ног і памру». Так, з ім я і павінен сустрэцца. Мы спаймаем гэтую поскудзь, а калі не — я паверу ў існаванне зялёных зданяў і анелаў божых.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

Праз дзень я падыходзіў да дома Дубатоўка. Я не жадаў ісці, але гаспадыня сказала: «Ідзіце, я загадваю. Мне не будзе тут страшна».

І я пайшоў. Пайсці мне давялося зусім у другі бок ад дома, па паўднёвы ўсход. Зарослая травою алея, паабапал якой стаяў змрочны, як лес, парк, давяла мяне да агароджы. У адным месцы тут не было прэнта (гэта была таямніца Надзеі Яноўскай, якую яна мне выкрыла), і можна было пралезці. Гэта было добра, бо мне не давялося, такім чынам, ісці на поўнач, па той алеі, па якой я прыехаў, абмінаць увесь парк і толькі тады ісці да дома Дубатоўка. А так я пралез праз агароджу і выбраўся па роўнае месца. Злева і наўпрост ад мяне былі бязмежныя верасовыя пусткі з рэдкімі купамі дрэў, справа нейкія зарасці, за імі поўная, як вока, рэчка, потым балотны скарлючаны лес, а пасля, відаць, сапраўдная і безнадзейная дрыгва. Недзе вельмі далёка віднеліся за верасовымі пусткамі верхавіны дрэў, відаць, абсада дома Дубатоўка.

Я павольна ішоў пусткаю, толькі часам трапляючы на штосьці падобнае да сцежкі. І хоць асенняе поле было змрочным і непрытульным, хоць двойчы над маёй галавою пралятаў вялізны крук — мне было тут лёгка пасля Балотных Ялін. Тут было ўсё звычайным: імхі на купінах балотцаў, сухі верас паміж імі, мышка-малютка, якая цягнула з высокага бадзяку белы пух, відаць, у сваё гняздо, гатуючыся на зіму.

Я падышоў да дома Дубатоўка толькі ў прысмерку, калі вокны яго былі ярка асветлены. Гэта быў самы звычайны шляхецкі дом. Старажытнай пабудовы, прысадзісты, з вельмі маленькімі акенцамі, ён быў крыты гонтай, чыста пабелены, меў ганак з чатырма калонамі. Правінцыяльны архітэктар не ведаў, відаць, вядомага сакрэту, і таму калоны здаваліся трохі пукатымі ўсярэдзіне, як бачонкі. Акружала дом старая абсада з жоўтых, амаль ужо абляпаных агромністых ліп. За домам вялікі пераважна фруктовы сад, за ім — хустка ўзаранай зямлі.

Я, відаць, спазніўся, бо за вокнамі ўжо грымелі галасы. Сустрэлі мяне горача і страсна.

— Бацюхны, свентыя пакутнічкі! — крычаў Дубатоўк. — З'явіўся-такі, з'явіўся, блудны сын. За стол яго, за стол. Антось, дзе ты там, лабідуда? Разгонную госцю. Прахлопалі, чэрці, нават не салютавалі яму, страмянной не паднеслі. У, ёлупы…

За сталом сядзела чалавек дзесяць, усё мужчыны. Знаёмыя мне былі толькі Свеціловіч, Алесь Варона і Стахоўскі. Амаль усе ўжо былі даволі п'яныя і разглядалі мяне чамусьці з павышанай цікаўнасцю. Стол ламаўся ад страў: відаць, Дубатоўк быў з мясцовых заможных шляхцюкоў. Заможнасць была, аднак, адносная. Есці і піць было што, але пакоі, праз якія я ішоў, не вызначаліся багатым абсталяваннем. Сцены пабеленыя, аканіцы разьблёныя і ярка афарбаваныя, мэбля старая і не вельмі прыгожая, затое вельмі цяжкая. Старасвеччына глядзела з кожнага кута. У сталовай, акрамя шырокага дубовага стала, табурэтаў, абцягнутых зялёнай шаўкавістай палаценкай, двух данцыгскіх крэслаў, абабітых пазалочаным саф'янам, ды трайнога люстэрка ў карычневай раме, якая перадавала горад з царкоўнымі главамі, нічога не было. Страката апранутыя госці глядзелі на мяне.

— Што вы вочы ўтаропілі! — гаркнуў Дубатоўк. — Сталічнага чалавека не бачылі, мядзведзі, ці што? Ану, дапамажыце госцю, пакладзіце на яго блюда, што вам па густу.

Валасатыя зяпы заўсміхаліся, лапы началі рухацца. Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з бруснічным варэннем, індыковая ножка з яблыкамі, салёныя грыбы, дзесятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было:

— А вось пампушкі з часнаком… А вось, пане, кавалак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць. Памяццю маці заклінаючы — вазьміце… А вось цудоўная… А вось незвычайны…

— Вось як у нас па-беларуску частуюць, — рагатаў гаспадар, пабачыўшы, што я зусім разгубіўся.

Перада мною вырасла гара. Я паспрабаваў пратэставаць, але выклікаў такі выбух абурэння (у аднаго з гасцей нават слёзы пацяклі; праўда, ён быў трохі нападпітку), што я здаўся.

Лабідуда Антось прынёс мне на падносе «разгонную» чарку. Я вельмі моцны на хмель чалавек, але тут я разгубіўся. У чарцы было не менш як на бутэльку нейкай жоўтай празрыстай вадкасці.

— Не магу.

— Як гэта не магу? Не можа толькі цнатлівая дзеўка, ды і тая хутка згаджаецца.

— Многа, пан Дубатоўк.

— Многа, калі тры жонкі ў хаце, ды і то не для кожнага… Э-э, хлопцы, нас не паважаюць. Прасіце шаноўнага госця.

— Не чыніце крыўды… Выпіце, — зараўлі госці мядзведжымі галасамі.

Давялося выпіць. Вадкасць апаліла ўсе мае вантробы, вогненныя кругі захадзілі ў галаве, але я стрымаўся, не скрывіўся.

— Мужчына! — пахваліў Дубатоўк.

— Што гэта? — праглынуўшы добры кавалак шынкі, спытаў я.

— Го! Старку польскую ведаеш, гарэлку ведаеш, хахлацкі спатыкач таксама, а нашага «трыс дзівінірыс» не ведаеш. Гэта, браце, па-літоўску (Тут маюцца на ўвазе балты-жамойты. (Заўв. рэдактара))«тройчы дзевяць», гарэлка на дваццаці сямі травах. Мы яе сакрэт у літоўцаў выведалі стагоддзі таму. Зараз яе і самі літоўцы забылі, а мы яшчэ памятаем. Пі на здароўечка, пасля я цябе стаўным мёдам пачастую.