Выбрать главу

— Пачынайце.

Я зрабіў левай нагою два «крокі» ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны.

Мы маўчалі. Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск.

Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы.

Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне.

Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок.

Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна.

Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу.

Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся.

А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.

— Што там такое? — прагучаў голас за дзвярыма. — Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць.

І тады я ўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю.

У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела.

— Хутчэй сюды! — крыкнуў я. — Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго.

Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў.

Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам:

— Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж!

Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар'яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і…

— Не жадаю, не жадаю я больш!

— Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, — пачуў я голас Дубатоўка. — Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну… ну… ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца.

— Не трэба мне вашых двух стрэлаў! Не жадаю! — крычаў я, як дзіцёнак, і ледзь не тупаў нагамі. — Дарую яму гэтыя два стрэлы!

Варону падхапілі мой секундант і яшчэ нейкі шляхціц, у якога ўвесь твар складаўся з вялізнага кірпатага носа і няголенай барады. Яны панеслі яго кудысьці.

— Хай бярэ сабе гэтыя два стрэлы!

Толькі тут я зразумеў, які гэта жах забіць чалавека! Лепей, напэўна, здохнуць самому. І не тое каб я быў такім ужо святым. Зусім іншая справа, калі такое здарыцца ў сутычцы, у бітве, у запале. А тут цёмны пакой і чалавек, які хаваецца ад цябе, як пацук ад факстэр'ера. Я стрэліў з абодвух пулгакаў у сценку ля столі, кінуў іх на зямлю і пайшоў.

Калі я зайшоў у пакой, дзе адбылася свара, Варону паклалі ўжо ў адным з дальніх пакояў пад нагляданнем сваякоў Дубатоўка, а кампанія зноў сядзела за сталом. Я хацеў ісці адразу ж — не пусцілі. Дубатоўк пасадзіў мяне поруч з сабою і сказаў:

— Нічога, хлопча. Гэта ад нерваў у цябе. Ён жывы, будзе здаровы — чаго яшчэ? І ён будзе цяпер ведаць, як насыкацца на сапраўдных людзей. На, выпі… Я скажу табе, што ты сапраўдны чалавек. Так д'ябальскі хітра і так мужна чакаць усіх трох стрэлаў — гэта мала хто мог зрабіць. І гэта добра, што ты высакародны, ты ж мог забіць яго дзвюма астатнімі кулямі — і не зрабіў гэтага. Мая хата зараз да апошняга крыжа ўдзячна табе.

— І ўсё ж гэта дрэнна, — сказаў адзін з шляхцюкоў. — Такая вытрымка, яна не ад чалавека.

Дубатоўк скалануў галавою:

— Сам вінен, свіння. Сам палез, п'яны дурань. Хто б яшчэ падумаў крычаць пра грошы, акрамя яго. Ты ж ведаеш, што ён да яе сватаўся і атрымаў гарбуза. Я ўпэўнены, што пан Андрэй значна больш забяспечаны чалавек, чым Яноўскія. У яго галава, праца і рукі, а ў апошняй жанчыны іхняга роду — маярат, на якім трэба сядзець, як сабаку на сене, здохнуць голадам на скрыні з грашыма.

І звярнуўся да ўсіх:

— Панове, я спадзяюся на гонар усіх нас. Мне здаецца, аб тым, што здарылася, трэба маўчаць. Гэта не робіць гонару Вароне — д'ябал з ім, ён заслугоўвае катаргі, але гэта не робіць гонару і вам, і дзяўчыне, імя якой трапаў на п'яным языку гэты блазнюк… Ну, а мне і пагатоў. Адзіны, хто трымаў сябе як мужчына, гэта Беларэцкі, а ён, як сапраўдны мужчына, сціплы чалавек.