Выбрать главу

Я схаваў ліст. А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і… пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу — пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з'ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з'явілася — не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале. Блакітная Жанчына!

Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку — не, я не спаў.

Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.

Пасля пайшла па сходах па першы паверх.

І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д'ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:

— Надзея Раманаўна, вы спіце?

У адказ я пачуў соннае мармытанне.

Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Калі мы наступнага дня гулялі з ёй у алеі, я расказаў ёй пра здарэнні мінулай ночы. Можа, мне і няварта было рабіць гэтага, не ведаю, але я ніяк не мог пазбавіцца думкі, што тут нешта нячыста з ахмістрыняю. Яна не здзівілася, паглядзела на мяне вялікімі рахманымі вачыма і адказала павольна:

— Бачыце, а я ў гэту ноч так перахвалявалася за вас, што спачатку не спала, а потым заснула так моцна, што нават нічога не чула. Няварта вам уставаць уначы, пане Беларэцкі. Калі што-небудзь здарыцца, я гэтага сабе не дарую… А наконт ахмістрыні вы памыляецеся. Уласна кажучы, яна можа хадзіць паўсюль, я не датрымліваюся старых правіл, што ахмістрыня можа прыходзіць на другі паверх толькі тады, калі яе клічуць. Тут самае жахлівае не яна, а Блакітная Жанчына. Зноў яна з'явілася. Неадменна здарыцца нешта дрэннае.

І з суровай мужнасцю дадала:

— Хутчэй за ўсе гэта будзе смерць. І я маю ўсе падставы думаць, што памру я.

Мы сядзелі ў старой альтанцы, закінутай глыбока ў зарасніках. Камень ад старасці ўвесь аброс мохам, які пасля апошніх дажджоў молада зазелянеў. Пасярэдзіне альтанкі стаяла мармуровая дзеўка з адбітым вухам, і па твары яе поўз слімак. Яноўская паглядзела на яе і сумна ўсміхнулася:

— Вось так і мы. Брыдота запусцення наша жыццё. Вы казалі, што не зусім верыце ў тое, што гэта здані. Я з вамі не згаджаюся. Але хоць бы і так — што мяняецца? Ці не ўсё адно, ад каго пакутаваць, калі пакутаваць трэба, трэба скупляць грахі.

— Вы іх скупілі гэтымі двума гадамі, — пачаў я. Але яна не слухала мяне.

— Людзі грызуцца, як павукі ў банцы. Шляхта памірае. Калісьці мы былі моцнымі, як камень, а зараз мы… ведаеце, калі раскалоць камень са старога будынка, у ім будуць слімакі. Невядома, чым яны там жывяцца, але варта стукнуць такі камень, як ён разваліцца. Так і мы. І няхай стукаюць хутчэй.

— І не шкада вам гэтай прыгажосці? — павёў я рукою вакол сябе.

— Не, толькі б хутчэй. Я, наогул, даўно гатова знікнуць разам з гэтым гняздом і не шкадавала б ні яго, ні сябе. Але з некаторага часу я заўважыла, што мне робіцца трошкі шкада жыцця. Напэўна, яно не такая дрэнная штука, як я думала. Напэўна, і ў ім ёсць сонца, сябры, пушыстыя дрэвы, смеласць і вернасць.

— Гэта вельмі добра, што вы так думаеце.

— Не, гэта вельмі дрэнна. У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё, ніж так, як я меркавала памерці раней. Раней жах быў звыклым станам маёй душы, зараз ён ператвараецца ў штосьці такое, чаму няма наймення, чаго я не жадаю. І ўсё таму, што я пачала трошкі верыць людзям. Не трэба гэтай веры, не трэба надзеі. Лепей так, як раней. Гэта і спакойна.