Выбрать главу

Я падняўся, падзякаваў гаспадару і выйшаў.

«І чаго ён так перапалохаўся? — падумалася мне. — Пальцы бегаюць, твар белы! У, халасцяк чортаў, людзей пачаў баяцца…»

І, аднак, нейкая думка свідравала мой мозг.

«Чаму? Чаму? Не, нешта тут нячыста. І чамусьці круціцца ў галаве слова «рукі». Рукі. Рукі. Пры чым тут рукі? Нешта павінна ў гэтым слове хавацца, калі яно так лезе з падсвядомасці».

Я выходзіў ад яго з цвёрдай думкаю, што тут трэба трымацца пільнасці. Не падабаўся мне гэты лялечны чалавечак, і асабліва пальцы, пальцы, у два разы даўжэйшыя за нармальныя, якія выгіналіся на стале, як змеі.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Дзень быў шэры і змрочны, такі раўнадушна-шэры, што плакаць хацелася, калі я накіраваўся ў фальварак Жабічы, які належаў Кульшам. Нізкія шэрыя хмары паўзлі над тарфянымі балотамі. Казарменны, нудны ляжаў перада мною далягляд. На роўнай карычневай паверхні раўніны там-сям поўзалі брудныя плямы: пастух пасвіў авечак. Я ішоў краем Волатавай прорвы, і воку літаральна не было на чым адпачыць. Нешта цёмнае ляжала ў траве. Я падышоў бліжэй. Гэта быў вялізны, метры тры ў даўжыню, каменны крыж. Павалілі яго даўно, бо нават яма, у якой ён стаяў, амаль зраўнавалася з зямлёю і зарасла травой. Літары на крыжы былі ледзь бачныя: «Раб божы Раман памёр тут наглай смерцю. Лёзныя людзі, маліцеся за душу яго, каб і за вашу хтось памаліўся, злашча модлы вашы асабліва Богу да душы».

Я доўга стаяў ля яго. Вось, значыцца, месца, дзе загінуў Раман Стары!…

— Пане, пане літасцівы, — пачуў я голас за спіною.

Я павярнуўся. Жанчына ў фантастычных лахманах стаяла за мною і працягвала руку. Маладая, яшчэ даволі прыгожая, яна мела такі абцягнуты жоўтай скурай страшны твар, што я апусціў вочы. На руках яе ляжала дзіця. Я падаў ёй.

— Мо хлеба трошкі будзе ў пана? Я, баюся, не дайду. І Ясік памірае…

— А што з ім?

— Не ведаю, — бязгучна сказала яна.

У маёй кішэні знайшлася цукерка, я даў яе жанчыне.

Але дзіцёнак не еў.

— Што ж мне рабіць з табою, любая?

Селянін на валакушы ехаў дарогаю. Я паклікаў яго, даў яму рубель і папрасіў завезці жанчыну ў Балотныя Яліны, каб яе там накармілі і далі дзе-небудзь адпачыць.

— Дай вам Божа здароўечка, пане, — бязвольна сказала жанчына. — Нам нідзе тут не давалі есці. Пакарай Божа тых, хто зганяе людзей з зямлі.

— А хто сагнаў?

— Пан.

— Які пан?

— Пан Антось. Худы такі…

— А як яго прозвішча, дзе ваша вёска?

— Не ведаю. Тут, за лесам. Добрая вёска. У нас і грошы былі, пяць рублёў. Але сагналі.

І ў вачах яе было здзіўленне перад тымі, хто не ўзяў нават пяці рублёў і сагнаў іх з зямлі.

— А муж дзе?

— Забілі.

— Хто забіў?

— Мы крычалі, плакалі, не хацелі ісці. Язэп таксама крычаў. Пасля стралялі. Ён лёг. А ўночы прыйшло дзікае паляванне і зацягнула ў багну самых большых крыкуноў. Яны зніклі… Больш ніхто не крычаў.

Я паспяшыў адправіць іх, а сам пайшоў далей, не памятаючы сябе ад роспачы. Божа мой, якая цемра! Якая забітасць! Як звараціць гэту гару? У Дубатоўка мы зжэрлі столькі, што хапіла б сорак Ясікаў выратаваць ад смерці. Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць. За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце? Які забаронены яблык з'еў першы Адам майго племя?

Адны жэрлі не ў сябе, другія паміралі пад іхнімі вокнамі. Вось павалены крыж над адным, які шалеў ад тлушчу, а вось паміраючы дзіцёнак. Вякамі ішла гэтая мяжа паміж аднымі і другімі — і вось канец, лагічнае завяршэнне: адзічэнне, цемра ва ўсёй дзяржаве, тупы жах, голад, вар'яцтва. І ўся Беларусь — адзінае поле смерці, над якім вые вецер, гной пад нагамі тлустай, задаволенай усім худобы.

Не памоляцца над табою лёзныя людзі, Раман Стары. Плюне кожны на твой пахілы крыж. І дай Божа мне сілы выратаваць апошнюю з твайго роду, якая ні ў чым не вінаватая перад няўмольнай праўдай мачыхі нашай, беларускай гісторыі.

Няўжо такі забіты, няўжо такі мёртвы мой народ?

…Мне давялося хвілін сорак прадзірацца праз невысокі, вельмі вільготны лясок за Волатавай прорвай, пакуль я не выбіўся на сцежку, зарослую і вузкую. Паабапал яе стаялі амаль абляцелыя асіны. Сярод іх чырвонага масіву плямамі выдзяляліся жоўтыя бярозы і амаль зялёныя яшчэ дубы. Сцежка спусцілася ў яр, дзе бег ручай з карычневай, як густы чай, вадою. Берагі ручаіны былі зялёнымі і мяккімі ад імхоў, і такія самыя зялёныя масты з бураломных дрэў злучалі іх. Па бураломінах ручай і пераходзілі, бо на некаторых мох быў здзёрты.

Глуха і бязлюдна было тут. Зрэдку цінькала ў верхавінах дрэў маленькая птушка, ды яшчэ самотныя лісцікі падалі і павісалі на павуціне паміж дрэў. Вада ручаіны несла сумныя жоўтыя і чырвоныя чоўнікі лісцяў, а ў адным месцы, дзе быў вір, лісце круцілася ў вечным танцы, быццам там вадзянік варыў з яго суп на вячэру. Каб перайсці цераз ручай, мне давялося зламаць на падпорку даволі тоўстую, але зусім сухую асінку, зламаць адным ударам нагі.

За ярам лес зрабіўся зусім густым. Сцежка знікала ў непралазным гушчары, яе акружалі джунглі з малінніку, сухой крапівы, ажыны, дудніку і іншай дрэні. Хмель бег на дрэвы, як зялёнае полымя, абкручваў іх, выдзіраўся на волю і цэлымі снапамі звісаў, чапляючы мяне за галаву. Хутка з'явіліся першыя адзнакі жыцця: кусты здзічэлага бэзу сярод дрэў, прамакутнікі лепш угноенай зямлі (былыя курціны), спадарожнік чалавека — вялізны дзядоўнік. Хутка бэз стаў такім густым, што не пралезеш. Я ледзь выдзерся з яго на маленькую галявіну, на якой стаяў надзейна схаваны дом. На каменным высокім падмурку, з каменным ганкам і драўлянымі калонамі, якія за памяці дзядоў былі, напэўна, пафарбаваныя ў белы колер, ён нахіліўся на мяне, як смяротна паранены, які вось-вось упадзе. Перакошаныя ліштвы, абадраная ашалёўка, шыбы, вясёлкавыя ад старасці. На парадным ганку паміж прыступкамі выраслі лопухі, ваўчкі, магутны скрыпень, які амаль закрываў дзверы. А да чорных дзвярэй праз калюжу былі пакладзены дзве цагліны. Дах быў зялёны, тоўсты ад тлустых пушыстых імхоў. У шэрае акенца ўнутранасць хаты здавалася панурай і занядбанай. Словам, хатка на курыных ножках. Не хапала толькі бабы-ягі, якая ляжала б на дзевятай цагліне і казала: «Фу-фу, чалавечым духам тхне!»