Выбрать главу

Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў:

— А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе — мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму.

Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк.

Калі я з'явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме.

Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач.

— Надзея Раманаўна!

— О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі?

І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха:

— Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта.

Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Гэта ноч прынесла мне разгадку аднаго цікавага пытання, якое выявілася зусім нецікавым, калі не лічыць таго, што я лішні раз пераканаўся ў тым, што подласць жыве і ў дурных, добрых, наогул, душах.

Справа ў тым, што я зноў выйшаў уначы на крокі, пабачыў ахмістрыню са свечкай і зноў прасачыў яе да пакоя з шафай. Але на гэты раз я вырашыў не адступаць. Шафа была пустая, значыцца, шукаць трэба было там. Я пахітаў дошкі ў задняй сценцы (шафа стаяла, засунутая ў нішу сцяны), пакруціў усё, што магчыма было круціць. Пасля паспрабаваў падняць іх угару і пераканаўся, што мае спробы маюць поспех. Бабуля была,напэўна, глухаватая, іначай яна пачула б мае практыкаванні. Я з цяжкасцю пралез у атвор і пабачыў скляпеністы ход, які спускаўся строма ўніз, як быццам у сутарэнне. Збітыя цагляныя прыступкі збягалі ўніз, і ход быў такі вузкі, што я чапляўся плячыма за сценкі. З цяжкасцю спусціўся па прыступках і пабачыў невялічкі, таксама скляпеністы пакоік. Ля сцен яго стаялі скрыні, акутыя палосамі жалеза, дзве шафы. Усё гэта было адчынена, і аркушы пергаменту і паперы ляжалі паўсюль. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол і ля яго грубы табурэт, а на ім сядзела ахмістрыня і разглядала нейкі пажоўклы аркуш. Мяне ўразіў выраз сквапнасці на яе твары.

Калі я ўвайшоў, яна закрычала з перапуду і паспрабавала схаваць аркуш. Я паспеў узяць яе за руку.

— Пані ахмістрыня, дайце мне гэта. І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі?

— Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!… — незадаволена сказала яна. — Усё яму ведаць трэба.

І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй:

— А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся!

Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй:

— Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш?

Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі.

— Грэх вам, пане, — ледзь вымавіла яна. — Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць.

Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: «И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить».

— Ну, і што з гэтага? — спытаў я.

— А тое, бацюхна мой, — з'едліва праспявала ахмістрыня, — што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі. Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш.

— Не дапаможа, — сказаў я. — Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх — іншая справа. Але ён іх не падаў — значыцца, не меў.

Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва:

— А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі.

— А дваццаць год судзіцца вы можаце?

— Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць.

— Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі.