Калі агледзеліся, то выявілася, што дом яны паспелі прадаць і знікнуць невядома куды. Пачалі даведвацца і даведаліся, што і наогул гэтыя Берманы зусім не Берманы, а хто — невядома.
— Н-да… — сказаў я. — Не шмат мы даведаліся. Цікавае тут толькі тое, што Берман — злачынец. Але ён абдурыў такога самага драпежніка: не мне яго ганіць за гэта. Ён яшчэ атрымае па заслугах, але гэта пасля. Значна больш цікавае тут другое. Па-першае, куды падзеліся яго маці і брат? Па-другое, хто ён сам, які ў яго сапраўдны твар? Тое, што ён з'явіўся тут, зразумела. Яму трэба было схавацца. А вось хто ён, хто ягоныя сваякі — гэта трэба з'ясаваць. І я гэтым абавязкова зацікаўлюся. А ў мяне, Свеціловіч, амаль ніякіх навін няма, хіба што даведаўся, ды і тое з вуснаў вар'яткі, што выбавіў Рамана ў тую фатальную ноч з хаты Гарабурда. А я нават не запомніў яго пысы, калі ён быў на вечары ў Яноўскіх.
— Нічога, яшчэ даведаемся.
Мы падышлі да ляска і заглыбіліся ў яго. Гэта быў адзіны з ляскоў у наваколлі, у якім былі пераважна ліставыя пароды. І там, на невялікай галявіне, мы пабачылі Рыгора, які трымаў на каленях доўгую стрэльбу, а спіною прыхіліўся да таўшчэразнага стаўбура-вываратня. Пабачыўшы нас, ён устаў, па-мядзведжы скасавурыўся і зручней узяўся за стрэльбу.
— Сцеражыцеся выходзіць на балоты, сцеражыцеся парку і асабліва яго паўдзённай і ўсходняй ускраін, — прамармытаў ён замест прывітання.
— Чаму? — спытаў я, пазнаёміўшы яго са Свеціловічам.
— А вось чаму, — буркнуў ён. — Гэта не здані. Яны занадта добра ведаюць патаемныя сцежкі праз Волатаву прорву. Вы здзіўляецеся, што яны мчаць без дарогі, а яны проста ведаюць усе сховішчы акругі і ўсе сцежкі да іх, яны карыстаюцца дужа старажытнымі падковамі, якія прыбіты навенькімі гакамі. Што праўда, то праўда, іхнія коні ходзяць, як мядзведзь, спачатку левымі, а пасля правымі нагамі, і крок у іх машысты, шырэйшы, чым у якога іншага каня ў наваколлі. І яны для зданей занадта слабыя. Здань праходзіць паўсюль, а гэтыя толькі праз паваленую агароджу ля прорвы… Што я даведаўся яшчэ: іх было ў мінулы раз не больш як дзесяць чалавек, бо толькі палова коней ідзе так, як ідзе конь, калі ў яго на спіне звычайная чалавечая вага. На астатніх, напэўна, штосьці лягчэйшае. Той, хто мчыць наперадзе, мае гарачы нораў: дзярэ каню рот цуглямі. І яшчэ — адзін з іх нюхае табаку: я знайшоў пыл зялёнай табакі ля месца, дзе яны спыняліся перад апошнім набегам і натапталі шмат слядоў. Месца гэта — вялікі дуб непадалёк ад паваленай агароджы.
— Дзе можа быць месца іх збораў? — спытаў я.
— Гэта я ведаю зараз добра, — спакойна адказаў Рыгор. — Гэта недзе ў Яноўскай пушчы. Я прасачыў сляды. Вось паглядзіце. — Ён пачаў крэсліць лазінкаю па зямлі: — Вось пушча. Тады, калі быў забіты Раман, сляды зніклі вось тут, амаль ля балота, якое акружае пушчу. Калі яны гналіся за табою, пасля вячэры ў Дубатоўка, сляды зніклі паўночней першага месца, а пасля той гісторыі ля Яноўскага палаца, калі яны наважыліся крычаць, — яшчэ трохі паўночней. Бачыш, шляхі амаль сыходзяцца.
— Праўда, — падхапіў я. — І калі іх прадоўжыць, яны сыдуцца ў адным пункце, недзе на балоце.
— Я быў там, — скупа, як аб самым звычайным, буркнуў Рыгор. — Балота лічыцца ў тым месцы гіблым, але я пабачыў, што на ім там-сям расце трава сівец. А там, дзе расце сівец, там заўжды зможа паставіць нагу конь паскудніка, калі паскудніку будзе для гэтага пільная патрэба.
— Дзе гэта месца? — збялеў раптам Свеціловіч.
— Ля Халоднай лагчыны, дзе ляжыць камень, Ведзьмакова ступа.
Свеціловіч яшчэ больш збялеў. Нешта хвалявала яго, але ён авалодаў сабою.
— Яшчэ што? — спытаў я.
— Яшчэ тое, — панура мармытаў Рыгор, — што ты памыляешся, Беларэцкі. Хоць выклікаў тады з хаты Рамана Гарабурда, але ён да дзікага палявання не мае дачынення. У тыя дзве ночы, калі яно з'яўлялася ў апошні раз, Гарабурда сядзеў у сваім берлагу, як хамяк у нары. Я ведаю, яго дом добра пільнавалі.
— Але ж ён зацікаўлены ў смерці або вар'яцтве Яноўскай. Яму гэта карысна. Ён прымусіў Кульшаў запрасіць у той вечар Надзею Яноўскую да сябе, ён паслаў да Кульшаў і сваю дачку і затрымаў усіх да ночы.
Рыгор задумаўся. Пасля мармытнуў:
— Можа, і так. Ты разумны, ты ведаеш. Але Гарабурды там не было, я адкажу галавою. Ён дрэнны яздок. Ён баягуз. І ён увесь час сядзіць у палацы. Але ж ён можа і намовіць на тую агіду кагосьці іншага. Можа, гэта і так. Такі можа.
І тут Свеціловіч яшчэ больш збялеў і ўтаропіўся кудысьці вачыма, як быццам абдумваў штосьці важлівае. Я не перашкаджаў яму: захоча — сам скажа. Думаў ён, аднак, нядоўга.
— Браты, я, здаецца, ведаю гэтага чалавека. Разумееце, вы наштурхнулі мяне на гэта. Першае: «Ведзьмаковая ступа». Я сёння бачыў там чалавека, вельмі знаёмага мне чалавека, на якога ніколі б не падумаў, і гэта мяне бянтэжыць. Ён быў вельмі стомлены, брудны, ён ішоў да багны. Пабачыў мяне, накіраваўся да мяне: «Што вы тут робіце, пан Свеціловіч?» Я адказаў жартам: «Шукаю ўчарашняга дня». А ён зарагатаў і пытае: «Хіба ўчарашні дзень, хай яго д'ябал, прыходзіць у сённяшні?» А я яму кажу: «Ва ўсіх нас учарашні дзень на шыі вісіць». Ён: «Але ж не прыходзіць?» А я яму: «А дзікае паляванне? З мінулага аж у сёння прыйшло». Той аж у твары змяніўся: «Хай яго ліха… Не памінайце вы яго!» І паехаў ля дрыгвы на поўнач. Я накіраваўся да вас, пан Беларэцкі, а калі азірнуўся, то бачу: ён паехаў назад і ўжо ў лажок спускаецца. Спусціўся і знік.