І, галоўнае, незразумела было, якая Берману ў гэтым выгада?
Але такі вырадак пекла можа нешта прыдумаць. Я ўзяў у Яноўскай асабісты архіў Рамана і прагледзеў матэрыялы яго апошніх дзён. Нічога суцяшальнага, хіба толькі запіс, што Берман пачынае яму не падабацца, знікае кудысь з хаты, занадта цікавіцца генеалогіяй Яноўскіх, разглядае старыя планы палаца. Гэта быў ужо знамянальны факт! Чаму не выказаць меркаванне, што і ў з'яўленні Малога Чалавека, праўдзівей казаць, яго крокаў, вінен таксама Берман. Мог жа ж ён адкапаць старыя планы, скарыстацца нейкай акустычнай таямніцай палаца і кожную ноч пужаць людзей крокамі.
Я паразмаўляў з Рыгорам, і той сказаў, што гэта цалкам магчыма, абяцаў нават дапамагчы, бо ягоныя дзядзька і дзед былі мулярамі Яноўскіх яшчэ пры прыгоне.
— Хаваецца недзе тут, зладзюга, але хто ён, дзе хады ў сценах, як ён трапляе туды — невядома, — буркнуў Рыгор. — Нічога, адшукаем. Знойдзем. Толькі вы вельмі сцеражыцеся. Толькі і бачыў я на сваім вяку, што двух людзяных паноў, дык адзін ужо загінуў. Шкада будзе, калі і з табою што здарыцца. Тады і ўся гэта ваша паскудная парода не мае права хлеб харчыць і паветра псаваць.
Бермана вырашылі пакуль што не выдаляць, каб не спудзіць перадчасна.
Пасля гэтага я ўзяўся за дакладны аналіз ліста невядомага да Свеціловіча. Я перапэцкаў дванаццаць аркушаў паперы, пакуль не аднавіў крыху тэкст ліста.
«Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем караля Стаха і тым, што Надзеі Раманаўне пагражае небяспека: (далей нічога не атрымлівалася) …мая до… (зноў вялікі пропуск) …пакутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен са мною і пайшоў у павет… Дрыкганты — галоўныя ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкіна… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч… Тв… ся… Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты… (зноў выпалена многа) …одзь.
Твой добразычлівы Лікол…»
Д'ябал ведае, што такое! Я амаль нічога не атрымаў ад гэтай расшыфроўкі. Ну, пераканаўся, што тут было нешта злачыннае. Ну, даведаўся яшчэ, што невядомы «Лікол…» (што за паганскае імя!) спрытна выкарыстаў нашы адносіны, пра якія мог толькі здагадвацца. І нічога! Нічога больш! А між тым вялізны шэры камень лёг на магіле чалавека, які быў або мог быць (чалавек — гэта тое, чым ён будзе, а не тое, чым ён з'яўляецца зараз) для маёй краіны чымсьці ў сто разоў большым за мяне. І не сёння, дык заўтра такі менавіта камень мог прыціснуць і мяне. Куды тады падзенецца Надзея Раманаўна?
Той дзень прынёс яшчэ адну навіну: прынеслі цыдульку, у якой высакапышнымі словамі і на адменна дрэннай паперы мяне выклікалі ў суд да павятовага мястэчка. Трэба было ехаць. Я дамовіўся з Рыгорам наконт каня, перадаў яму свае меркаванні пра ліст, а ён распавёў, што за хатай Гарабурды сочаць і нічога падазронага не заўважаюць.
Думкі мае зноў звярнуліся да Бермана.
У гэты спакойны і не па-асенняму ціхі вечар я доўга думаў над тым, што чакае мяне ў павеце, і вырашыў ні ў якім разе не затрымлівацца там. Я зусім быў збіраўся пайсці адсыпацца перад дарогаю, калі раптам, звярнуўшы за паваротку алеі, пабачыў на замшэлай лаве Яноўскую. Чорна-зялёнае ад векавых ялін святло клала празрыстыя адбіткі на яе блакітную сукню, на рукі з заламанымі пальцамі, якія ляжалі на каленях, на вочы, трохі неасэнсаваныя, як гэта заўжды бывае ў чалавека, які цалкам паглыбіўся ў свае думкі.
Слова, што я даў самому сабе, было цвёрдым, памяць мёртвага друга зрабіла гэтае слова яшчэ больш моцным, і ўсё ж я некалькі хвілін з нейкім лікуючым захапленнем думаў пра тое, што мог бы абняць гэтую худзенькую постаць, прыціснуць да грудзей, да ўсяго сябе. І пакутліва білася маё сэрца, бо я ведаў, што ніколі гэта не будзе.
Але выйшаў я да яе з-за дрэў амаль спакойны. Вось узняла галаву, пабачыла мяне, і якім мілым, цёплым агнём заззялі прамяністыя вочы.
— Гэта вы, пан Беларэцкі. Сядайце тут, поруч.
Памаўчала і сказала з дзіўным перакананнем:
— Я не пытаюся ў вас, чаму вы пабілі гэтага чалавека. Я ведаю, калі вы зрабілі гэта, значыць, іначай нельга было. Але я вельмі непакоюся за вас, Вы павінны ведаць, суда тут няма. Гэта кручкі, гэта хлусы, гэта… дрэнныя і наскрозь прадажныя людзі. Яны могуць засудзіць вас. І, хоць невялікая правіна шляхціцу пабіць паліцэйскага, яны могуць выслаць вас адсюль. Яны ўсе, разам са злачынцамі, утвараюць адзіны вялізны саюз. Дарэмна маліць іх аб правасуддзі: няхутка, можа, нават ніколі, не пабачыць яго гэты высакародны і няшчасны люд. Нашто вы зрабілі гэта?
— Я заступіўся за жанчыну, Надзея Раманаўна. Вы ведаеце, у нас такі звычай.
І тут яна так пранікнёна глянула мне ў вочы, што я пахаладзеў. Адкуль гэты дзіцёнак мог навучыцца чытаць у сэрцах, што надало яму такую сілу?
— Гэтая жанчына, паверце, магла і пацярпець. Занадта дорага, калі вас вышлюць, заплоціць гэтая жанчына за насалоду, якую вы атрымалі, даўшы па зубах пшутаватаму пошламу дурню.
— Не непакойцеся, я вярнуся. А гэты час ваш спакой будзе абараняць Рыгор.
Вочы яе закрыліся панура. Пасля яна сказала:
— Ах, нічога вы не зразумелі… Хіба справа ў гэтай небяспецы? Не трэба, не трэба вам ехаць у павет… Пражывіце тут яшчэ дзень-два і пакіньце Яліны назаўжды.