Яе рука з удрыгваючымі пальцамі лягла на мой рукаў.
— Чуеце, я вас вельмі-вельмі прашу…
Я быў такі няўважлівы, што сказаў:
— У канцы гэтага ліста да нябожчыка Свеціловіча стаіць подпіс, частка яго, «Лікол…». Ці няма ў наваколлі шляхціца, у якога імя або прозвішча пачыналася б так?
Твар яе адразу спахмурнеў, як хмурнее дзень, калі знікае сонца.
— Не, — уражаным і дрыжачым, як ад крыўды, голасам адказала яна. — Хіба што Лікаловіч… Гэты прыдомак да прозвішча нябожчыка Кульшы.
— Ну, гэта наўрад ці, — раўнадушна сказаў я.
Я толькі праз гадзіну зразумеў, якой я быў грубай жывёлінай. Гэта здарылася, калі я глянуў на яе і пабачыў, як з-пад далоні, якой яна прыкрыла вочы, выкацілася і папаўзла ўніз цяжкая, нечалавеча самотная сляза, хутчэй знемагаючага ад адчаю мужчыны, чым дзяўчыны-напаўдзіцёнка.
Я заўжды жаласна губляюся і раблюся Сліняём Кісялёвічам ад жаночых і дзіцячых слёз, а гэта сляза была такая, якой крый Божа пабачыць камусьці ў жыцці, ды яшчэ ад жанчыны, для якой бы ахвотна распляскаўся ў блін, каб толькі яна была вясёлай.
— Надзея Раманаўна, што вы? — замармытаў я, і вусны мае мімаволі склаліся ва ўсмешачку прыблізна такога гатунку, якая бывае на твары дурня, калі ён прысутнічае на пахаванні.
— Нічога, — амаль спакойна ўжо адказала яна. — Проста я ніколі не буду… сапраўдным чалавекам. Я плачу… па Свеціловічу… па вас, па сабе. І нават не па ім я плачу, а па загубленай яго маладосці, — я добра разумею гэта! — па шчасці, якое нам заказана, па шчырасці, якой у нас няма. Знішчаюць лепшых, знішчаюць вартых. Памятаеце, як казалі колісь: «Не імамы князя, правадыра і прарока і, як лісце, мяцемся па грэшнай зямлі». Нельга спадзявацца на лепшае, самотна сэрцу і душы, і ніхто не адкажа ім. І дагарае жыццё.
Устала, сутаргавым рухам зламала галінку, якую трымала ў руках.
— Бывайце, дарагі пан Беларэцкі. Можа, мы і не пабачымся больш. Да канца жыцця я буду ўдзячная вам… Вось і ўсё. І канец.
І тут мяне на хвіліну прарвала. Не адчуваючы, што паўтараю словы Свеціловіча, я выпаліў:
— Няхай заб'юць — і мёртвым прыцягнуся сюды!…
Нічога не адказала, толькі зноў паклала руку мне на рукаў, моўчкі глянула ў вочы, пайшла. Я застаўся адзін.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Можна было меркаваць, што сонца зрабіла адно абяртанне (я ўжываю слова «меркаваць» толькі таму, што сонца не паказвалася з-за хмар), калі я апоўдні з'явіўся ў павет. Гэта быў плоскі, як праснак, гарадок, горшы за самае дрэннае мястэчка, і аддзялялі яго ад яноўскага наваколля толькі вёрст васемнаццаць — дваццаць чэзлых лясоў. Конь мой цокаў капытамі па брудных вуліцах, вакол былі замест хат нейкія куратнікі, і адзіным, што адрознівала гэта ад вёскі, былі паласатыя будкі, ля якіх стаялі вусатыя цэрберы ў латаных мундзірах, ды яшчэ дзве-тры каменныя крамы на высокіх арках. Худыя яўрэйскія козы іранічнымі вачыма глядзелі на мяне з гнілых стрэх.
Затое трохі далей узвышаліся магутныя замшэлыя муры даўняй уніяцкай царквы з дзвюма вялізнымі стральчастымі вежамі над чатырохкутнікам змрочнай каменнай плебаніі.
І над усім гэтым вісела такая самая, як і паўсюль, брыдота запусцення: на дахах, паміж рабрыстых лат, раслі даволі вялікія бярозкі.
На галоўнай плошчы бруд быў па калена, перад абшарпаным шэрым будынкам павятовага суда, амаль на ганку, ляжала штук шэсць свіней, якія дрыжалі ад холаду і часам рабілі дарэмныя спробы падлезці пад сябровак, каб сагрэцца. Гэта кожны раз суправаджалася эксцэсамі ў выглядзе пакрыўджанага рохкання.
Я прывязаў каня да канавязі і падняўся па рыпучых прыступках у калідор, дзе кісла пахла папяровым пылам, чарнілам і мышамі. Дзверы ў канцылярыю, абабітыя пашарпанай цыратай, ледзь адарваў, так яны набраклі. Увайшоў і спачатку нічога не разгледзеў: такое скупое, у тытунёвым дыме, святло прабівалася праз вузкія маленькія вокны. Лысы скурчаны чалавечак, у якога ззаду з прарэхі выбіваўся хвосцік кашулі, узвёў на мяне вочы і лыпнуў імі. Тут я вельмі здзівіўся: верхняе павека засталося нерухомым, а ніжняе закрыла ўсё вока, як у жабы. Я назваў сябе.
— Вы з'явіліся? — здзівіўся чалавек-жаба. — А мы…
— А вы думалі, — працягнуў я, — што я не з'яўлюся ў суд, ад'еду адсюль, уцяку. Вядзіце мяне да вашага суддзі.
Пратакаліст вылез з-за канторкі і патопаў перада мною ў глыб гэтага дымнага пекла.
У наступным пакоі за вялікім сталом сядзелі тры чалавекі ў сурдутах, зашмальцаваных да таго, што нагадвалі стары мультан.
Твары павярнуліся да мяне, і я заўважыў у вачах аднолькавы выраз хцівасці, здзіўлення перад тым, што я ўсё ж з'явіўся, і нахабства.
Гэта былі суддзя, пракурор і адвакат, адзін з тых «аблакатаў», што абдзіралі кліентаў як ліпку, а пасля здраджвалі. Галодны, хцівы і прадажны судовы кручок з галавою, падобнай на агурок.
І наогул гэта былі не бацькі і не дзеці судовай рэформы, а хутчэй пад'ячыя дапятроўскіх часоў.
— Пан Беларэцкі, — мятым голасам прагаварыў суддзя, — мы ажыдалі вас. Очань прыемна… Мы паважаем людзей са сталічным бляскам. — І ён, не запрашаючы мяне сесці, утаропіўся ў нейкую паперку. — Вы, навернае, ведаеце, што зрабілі что-та падобнае да крыміналу, кагда пабілі прыстава за какой-та нявінны жарт? Гэта — дзействіе ўгалоўна наказуемае, іба какурат супярэчыць норавам нашага наваколля, а такжа і зводам законаў імперыі Расейскай.
І ён паглядзеў на мяне праз акуляры з вельмі ганарлівым выглядам. Ён быў цалкам задаволены, гэты нашчадак Шамякі, задаволены тым, што чыніць суд і расправу ў павеце.