І яшчэ адзін запіс:
«Грошы — эманацыя чалавечай улады над статкам іншых (на жаль!). Трэба было б навучыцца рабіць мазгавую кастрацыю ўсім, хто не варты свядомага жыцця. А лепшым даваць бязмернае шчасце, бо такая штука, як справядлівасць, не прадугледжана самой прыродай. Так і са мною. Мне патрэбен спакой, якога тут больш, ніж дзе-небудзь, і грошы, каб вынасіць ідэю, дзеля якой я з'явіўся на свет, ідэю вялікапышнай і надзвычайнай несправядлівасці. І мне здаецца, што першай прыступкаю магла б быць перамога над тым, да чаго імкнецца маё цела і што, аднак, неабходна знішчыць, над гаспадыняй Балотных Ялін. Яна ўсё адно асуджана сляпым лёсам на знішчэнне. На ёй праклён спраўджваецца з'яўленнем дзікага палявання пад мурамі палаца. Яна больш трывалая, ніж я думаў, дагэтуль не звар'яцела. Кароль Стах слабы, і выправіць яго памылкі суджана мне. І, аднак, я раўную яе да ўсіх маладых людзей і асабліва да Беларэцкага. Учора страляў па ім і быў вымушаны на рэтыраду. Дрэнна страляю».
Наступны лісток:
«Магчыма, калі я выканаю ролю боскай сілы, вышэйшага наканавання (бывала ж такое са звычайнымі смертнымі), духі зла пакінуць гэтыя мясціны, і я стану гаспадаром. Пераконваў калісь Беларэцкага, што галоўная небяспека — паляванне. А якая небяспека ад зданяў? Іншая справа Малы Чалавек.
Золата, золата! Тысячы панегірыкаў трэба спяваць уладзе тваёй над душамі людзей. Ты ўсё: пялюшка дзіцяці, купленае табою цела дзяўчыны, сяброўства, любоў і ўлада, мозг найвялікшых геніяў, нават прыстойная яма ў зямлі. І да ўсяго гэтага я праб'юся».
Я скамячыў паперкі і да болю сціснуў пальцы:
— Брыдота!
І раптам сярод іншых паперак рука мая натрапіла на складзены ў чатыры столкі аркуш пергаменту. Я расклаў яго на каленях і толькі галавою хітануў: гэта быў план будынка ў Балотных Ялінах, план ХVІ стагоддзя. І на гэтым плане выразна было азначана, што слухавак у мурах палаца аж чатыры, і яны так схаваны ў плафоне, што адшукаць іх ніяк нельга. Між іншым, адна з іх вяла ад сутарэнняў пад палацам да пакоя ля бібліятэкі (напэўна, каб падслухоўваць размовы вязняў), а другая злучала бібліятэку, закінутыя пакоі для слуг на першым паверсе і… пакой, у якім жыла Яноўская. Дзве другія былі невядома дзе: выхады іхнія былі ў калідоры, дзе жылі я і Яноўская, але далейшы іх ход быў старанна зацёрты пальцамі.
Мярзотнік адшукаў план у архіве і схаваў яго.
І было яшчэ тое-сёе цікавае. У вонкавым муры палаца была пустэча, выразна быў адзначаны вузкі праход і тры нейкія клетушкі. А выхад з прахода быў намечаны якраз за павароткай калідора, дзе я калісьці аддзіраў дзверы ў сапраўды забітым пакоі.
Я лаяўся так, як ніколі ў жыцці. Шмат непрыемнасцей мінула б, калі б я абстукаў там сценкі, абшытыя панелямі. Але не позна было і зараз. Я схапіў свечку, глянуў на гадзіннік (палова на адзінаццатую ночы) і хутка пабег пераходамі да свайго калідора.
Стукаў я, напэўна, з палову гадзіны, пакуль не натрапіў на месца, якое адказала на стук гулкім водгукам, быццам я лупіў дно бочкі. Я шукаў на панелі месца, за якое можна ўзяцца і аддзерці яе ад астатніх, але дарэмна. Пасля пабачыў у адным месцы лёгкія драпіны, пакінутыя як быццам нажом. Таму я дастаў сцізорык і пачаў торкаць ім у ледзь прыкметныя шчыліны між гэтай часткай панелі і астатнімі. Даволі хутка мне ўдалося намацаць лязом нажа нешта, што паддавалася. Я націснуў мацней — нешта зарыпела, і пасля панель павольна пачала паварочвацца вакол свайго цэнтра, кажучы мне вузкую шчыліну. Я паглядзеў на адваротны бок панелі ў тыя месцы, куды торкаў лязом, — там была глухая дошка, знутры панель адчыніць на калідор было нельга. Я нават спусціўся быў уніз прыступак на пятнаццаць, але дзверы за спіною жаласна заспявалі, я пабег да іх і якраз своечасова паспеў прытрымаць іх нагою, каб яны не захлопнуліся. Не, аставацца ў нейкай пацуковай нары аднаму, з пагрозай прасядзець тут да другога прышэсця, ды яшчэ з абгаркам свечкі — гэта было глупствам.
Таму я пакінуў дзверы напаўзачыненымі, паклаўшы ля восі ўласную хустку, а сам сеў непадалёк на падлогу, паклаўшы на калені рэвальвер. Свечку давялося загасіць, бо святло яе магло спудзіць істоту, калі б яна задумала вылезці з патаемнага ходу. І, аднак, свечка за павароткай калідора, якая гарэла ўсю ноч, хоць цьмяна, але асвятляла калідор, ды і ў акно ліўся няпэўны шэры водбліск.
Не ведаю, колькі я так праседзеў, уткнуўшы падбароддзе ў калені. Было каля дванаццаці, калі раптам дрымота пачала падаць на мяне, навальвацца цяжарам, стуляць павекі. І я ўпарта дзюбаў носам, як ні намагаўся змагацца са сном: даліся мне ў знакі мінулыя бяссонныя ночы. У адзін з момантаў прытомнасць адмовіла мне, і я праваліўся кудысьці ў цёмную душную бездань.
Вы спрабавалі калі-небудзь спаць седзячы, прыціснуўшы спіну да мура або, лепей, да дрэва? Паспрабуйце. Вы пераканаецеся, што пачуццё падзення, якое вы часам адчуваеце, лежачы пад цёплай коўдрай, ёсць шостае пачуццё, што перайшло нам у спадчыну ад продка нашага, малпы, што яно было ёй неабходна, каб не ўпасці з дрэва. І, седзячы ля дрэва, вы ў сне будзеце падаць вельмі часта, і адкрываць вочы, і зноў засынаць. І нарэшце дзіўныя сны авалодаюць вашай душой, знікне мільён год чалавечага існавання, і вам здасца, што пад дрэвам дапатопны мамант ідзе на вадапой і вочы пячорнага мядзведзя гараць з-пад скалы.