Прыблізна ў такім настроі быў і я. Сны… Сны… Мне здавалася, што я сяджу з доўбняю на каленях недзе на дрэве і мне страшна злезці, бо пада мною, па зямлі, ідзе нейкі пітэкантрап. І ноч, і стогнуць ваўкі за дрэвамі. У той самы момант я ўпаў і раскрыў вочы.
Проста ў паўцемры рухалася паўз мяне дзіўная істота. Зялёнае старадаўняе ўбранне было ў пыле і павуцінні, галава, доўгая, выцягнутая назад, як боб, задуменна апушчана, павекі, як у жабы, ледзь не закрывалі журботныя вочы, а рукі былі апушчаны ўніз, і доўгія-доўгія пальцы іх амаль даставалі да зямлі.
Малы Чалавек Балотных Ялін прамінуў мяне і праплыў далей, а я сачыў за ім з рэвальверам. Будынак быў яму, відаць, добра знаёмы. Ён адчыніў акно, пасля другое, пасля вылез у адно. Я высунуў за ім галаву і пабачыў, што гэта істота з малпячым спрытам ідзе па вузкім, у тры пальцы, карнізе. Ён амаль бег, як павук, з нечалавечай жвавасцю. Па ходзе справы ён адшчыкнуў з галіны ліпы, якая падыходзіла да сцяны, некалькі плодзікаў. Пачамкаў іх. Адной рукой ён дапамагаў сабе рухацца. Пасля ён зноў пралез у калідор, зачыніў вокны і павольна рушыў кудысьці калідорам, страшны ў сваёй нечалавечнасці. Аднойчы мне пачулася нейкае мармытанне, Малы Чалавек хлопнуў сябе па лбе і знік у цемры, куды не даставала святло далёкай свечкі. Я хутка накіраваўся за істотай, бо баяўся знікнення. Калі я апынуўся ў цемры, я пабачыў два ззяючых вокі, што глядзелі з кута з невымоўнай пагрозай.
Я кінуўся да яго, але яно застагнала цяжка і пабрыло кудысь, хістаючыся на нагах. Утаропіла на мяне свой позірк, пасварылася пальцам.
Аслупянеўшы на імгненне, я апамятаўся, дагнаў Малога Чалавека і схапіў яго за плечы. І радасна страпянулася маё сэрца, бо гэта не была здань.
Калі я выцягнуў гэтую істоту на святло, яна торкнула сябе пальцам у рот і сказала няпэўным рыпячым голасам:
— Гам-гам!…
— Ты хто такі? — трасянуў я яго за плечы.
І Малы Чалавек, былая здань, адказаў завучана:
— Я Базыль. Я Базыль.
І раптам хітрасць, якая бывае і ў ідыётаў, асвяціла яго вочы:
— Я вас… бачыў. Гы-гы! Я сядзеў пад сталом… пад сталом, брат мяне карміў. А вы раптам — шась!
І зноў зачамкаў вялізным, да вушэй, ротам. Я зразумеў усё. Два мярзотнікі — кіраўнік дзікага палявання і Берман — дадумаліся, уласна кажучы, да аднаго і таго ж самага. Берман, які ведаў, што ён з'яўляецца сваяком Яноўскай, прыехаў у Балотныя Яліны і тут напаткаў план хадоў у мурах і слухавак. Пасля гэтага ён таемна паехаў у горад і, кінуўшы маці на волю лёсу, прывёз сюды брата, які не таму ўнікаў людзей, што любіў самоту. Брат проста быў непапраўным ідыётам, і нездарма ў клубе здзівіліся яго дрэннаму выхаванню (Берман, вядома, прывёз у клуб не брата, а нейкага захожага чалавека). Калі ён прывёз яго сюды, ён змясціў яго ў сваім пакоі, карыстаючыся тым, што да яго ніхто не заходзіў, і загадаў сядзець ціха. Пад час аднаго з гадаванняў я і заспеў іх на месцы злачынства. Малы Чалавек тады сядзеў пад сталом, і я мог бы схапіць яго, працягнуўшы руку.
Уначы Берман заводзіў яго ў хады, і той крочыў па начных пераходах, абуджаючы ў слухаўках гукі, якія чулі жыхары дома.
Зрэдку яго выпускалі і ў калідор: у гэтым выпадку ён апранаў назнарок пашыты стары ўбор, а Берман чакаў яго ля адчыненых дзвярэй ходу, бо адчыніць іх Малы Чалавек не мог. Сяды-тады яму дазвалялі пагуляць і на свежым паветры. З малпячым, а хутчэй з павучыным спрытам ён бегаў па карнізах будынка, глядзеў у асветленыя вокны і, у выпадку трывогі, маланкава знікаў за шматлікімі кутамі будынка.
Яму тым лягчэй было гэта рабіць, што ў яго пячорным мазгу зусім адсутнічаў інстынкт самазахавання. Ён ішоў па гэтым карнізе так раўнадушна, як мы часам, забаўляючыся, ідзём па чыгуначнай рэйцы.
Пад час адной такой пагулянкі і адбылося яго спатканне са мною. Што ж здарылася пасля? «Лікол» даслаў мне ліст, у якім, каб выбавіць мяне з хаты, рэкнуў здуру, што ведае штосьці пра Малога Чалавека. Берман, які апошні час сачыў за мною, прачытаў ліст і пайшоў на месца сустрэчы, каб неяк дамовіцца з невядомым. Там яго палічылі за мяне, і адбылася трагедыя, познім сведкам якой я быў.
А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду. Каб я не адчыніў дзверы — ён, напэўна, памёр бы, так і не здагадаўшыся, чаму пакінуў яго той, што заўжды яго гадаваў і песціў.
Што мне было рабіць з ім? Няшчасны малы ідыёт не быў вінен у тым, што яго стварылі такім на свет. Тут ён і выбывае з нашага апавядання. Я нагадаваў яго, абвясціў Яноўскай аб канчыне аднаго з прывідаў, якія насялялі палац Балотных Ялін, і наступнага дня адаслаў яго ў павятовую бальніцу для вар'ятаў.
І ўпершыню гэтым вечарам я бачыў, што надзея загарэлася ў вачах гаспадыні Балотных Ялін цёплым, пакуль што яшчэ слабым агеньчыкам.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
— Ты, Рыгор?
— Я, Андрусь. Праўдзівей, мы.
Я працягнуў Рыгору руку. Гэта ноч, пасля той, у якую я спаймаў Малога Чалавека, была першай за ўвесь час бясхмарнай месячнай ноччу. Поўны месяц заліваў тарфяныя балоты, пусткі, парк Балотных Ялін блакітным срэбрам і далёка-далёка блішчаў у акенцы нейкай самотнай хаты. Ноччу пахаладзела, і зараз балоты «пацелі», нараджаючы ў ямінках касмылі белых рухлівых туманоў.
Рыгор выступіў з-за хмызоў, якія ляжалі ля паваленай агароджы, а за ім з'явіліся з цемры людзі, чалавек дванаццаць.
То былі мужыкі. Усе ў кажухах мехам наверх, у аднолькавых белых магерках, з аднолькавымі чырвонымі лапамі.