Выбрать главу

Яна давяла мяне праз гадзіну да майго пакоя (яе пакой быў толькі праз адны дзверы ад майго) і, калі я ўжо адчыняў дзверы, сказала:

— Калі вы цікавіцеся старымі паданнямі — пашукайце ў бібліятэцы, у шафе для рукапісаў. Там павінен быць рукапісны том паданняў, нашых сямейных паданняў. Ну, і яшчэ такія-сякія дакументы.

І дадала:

— Дзякуй вам, пан Беларэцкі.

Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол.

У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе — выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога.

Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку. Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум.

І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву.

Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю.

Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах.

Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя.

Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў.

Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі на вялікай курціне познія астры.

І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя берлагі.

Я вырашыў ісці ў пачынак не раней, як агледзеўшы ўсё тут, і пайшоў па алеі. Чорт ведае, які дурань вырашыў насаджаць у такім змрочным месцы яліны, але гэта было зроблена, і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, ніж славуты лес у Дантэ. Яліны, тоўстыя — дваім не абхапіць, — падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышалкя сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Стаўбуры іх зацягнула сівая барада мхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор'е. Толькі ля самага дома бачны былі там-сям пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты ліпы і адзін каржакаваты дуб, відаць, запаветны, бо ўзносіў сваю макушу на некалькі сажняў вышэй за самыя высокія яліны.

Ногі мае бясшумна ступалі па ігліцы, пасля я пачуў, што злева пацягнула дымком, і пайшоў на пах. Хутка дрэвы расхінуліся, толькі каб паказаць такі ж зарослы флігель з паваленым ганкам і забітымі вокнамі.

«З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй».

Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры.

І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі.