Выбрать главу

— Памыляешся, — амаль спакойна сказаў Варона. — Хто першы абразіў, той першы і ў чарзе. А пасля ўжо справа будзе і з табою, хоць і забі мяне.

— Алесь, — амаль благаў Дубатоўк. — Не рабі ганьбы маёй хаце.

— Ён будзе біцца са мною, — цвёрда сказаў Варона.

— Ну і добра, — нечакана згадзіўся гаспадар. — Нічога, пан Беларэцкі. Будзьце мужнымі. Гэты свінтух зараз такі п'яны, што не зможа трымаць пулгака. Я, бадай што, стану поруч з вамі, гэта будзе самае небяспечнае ад куль месца на ўсім месцы дуэлі.

— Што вы, пане Рыгор… — я паклаў далонь яму на члячо. — Не трэба. Я не баюся. Будзьце мужнымі і вы.

Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы:

— Я яшчэ не скончыў. Страляцца будзем не ў садзе, іначай гэты фацэт уцячэ. І не заўтра, іначай ён ад'едзе адсюль. Страляцца будзем тут, зараз, у пустым пакоі ля імшаніка. І кожнаму па тры кулі. У цемры.

Дубатоўк зрабіў пратэстуючы жэст, але ў маю душу ўжо закралася халодная вар'яцкая ярасць. Мне было ўсё адно, я ненавідзеў гэтага чалавека, забыў Яноўскую, працу, сябе.

— Я падпарадкоўваюся вашаму жаданню, — з'едліва сказаў я. — А вы скарыстаеце цемру, каб уцячы ад мяне? Зрэшты, як хочаце.

— Ільвяня! — пачуў я перарывісты голас Дубатоўка.

Я глянуў на яго і ўразіўся. На старога шкада было глядзець. Твар яго перакрывіўся, у вочках была нялюдская туга і сорам, такі сорам, такі сорам, хоць лусні… Ён ледзь-ледзь не плакаў, і на канцы носа вісела нейкая падазроная кропля. Ён нават у вочы мне не зірнуў, павярнуўся і махнуў рукою.

Імшанік прылягаў да дома, вялізнае памяшканне з сівым мохам у пазах сценак. Павуцінне, як раскручаныя сувоі палатна, вісела з саламянай страхі і хіталася ад крокаў. Два шляхціцы неслі свечкі і праводзілі нас у пакой ля імшаніка, зусім пусты, з шэрай бруднай атынкоўкай і без акон. Тут пахла мышамі і брыдотай запусцення.

Калі сказаць сумленна, я баяўся, і вельмі баяўся. Пачуцці мае былі падобнымі да пачуццяў быка на бойні або чалавека, які сядзіць у дантыста. І кепска, і брыдка, але ўцякаць нельга.

«Ну што будзе, як ён вось зараз возьме і стрэльне і трапіць мне ў жывот? Ах, гэта жахліва! Уцячы б куды».

Мне чамусьці асабліва жахлівай здавалася рана ў жывот. А я яшчэ толькі што пад'еў.

Я ледзь не замычаў ад тугі і агіды. Але своечасова схамянуўся і паглядзеў на Варону. Ён стаяў з секундантамі ля процілеглай сцяны, заклаўшы левую руку ў кішэнь чорнага фрака, а ў правай, апушчанай уніз, трымаў дуэльны пулгак. Два другія яму заклалі ў кішэні. Яго жоўты, сухі і нейкі грэблівы твар быў спакойны. Не ведаю, ці мог я сказаць тое самае пра свой твар.

Два мае секунданты (адзін з іх быў Дубатоўк) далі і мне пулгак, два другія пулгакі паклалі ў кішэні — я нічога не заўважаў, я глядзеў на твар чалавека, якога я павінен забіць, бо іначай ён заб'е мяне. Я глядзеў на яго з нейкай прагнасцю, як быццам жадаючы зразумець, за што ён заб'е мяне, за што ён мяне ненавідзіць.

«За што я яго заб'ю? — падумаў я, як быццам толькі я стаяў тут з пулгакам у руцэ. — Не, яго нельга забіваць. І нават не ў тым, не ў тым справа, а вось гэта тонкая, такая слабая чалавечая шыя, якую так лёгка перарваць». Я не хацеў паміраць таксама, я вырашыў выкручвацца, дабіцца таго, каб Варона стрэліў тры разы, і тым скончыць дуэль.

Секунданты выйшлі і пакінулі нас двух у пакоі. Пасля дзверы зачыніліся. Мы апынуліся ў поўнай цемры. Хутка прагучаў голас аднаго з секундантаў Вароны:

— Пачынайце.

Я зрабіў левай нагою два «крокі» ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны.

Мы маўчалі. Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск.

Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы.

Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне.

Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок.

Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна.

Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу.

Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся.

А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.

— Што там такое? — прагучаў голас за дзвярыма. — Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць.

І тады я ўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю.

У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела.

— Хутчэй сюды! — крыкнуў я. — Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго.

Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў.

Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам:

— Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж!

Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар'яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і…

— Не жадаю, не жадаю я больш!

— Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, — пачуў я голас Дубатоўка. — Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну… ну… ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца.

— Не трэба мне вашых двух стрэлаў! Не жадаю! — крычаў я, як дзіцёнак, і ледзь не тупаў нагамі. — Дарую яму гэтыя два стрэлы!

Варону падхапілі мой секундант і яшчэ нейкі шляхціц, у якога ўвесь твар складаўся з вялізнага кірпатага носа і няголенай барады. Яны панеслі яго кудысьці.

— Хай бярэ сабе гэтыя два стрэлы!

Толькі тут я зразумеў, які гэта жах забіць чалавека! Лепей, напэўна, здохнуць самому. І не тое каб я быў такім ужо святым. Зусім іншая справа, калі такое здарыцца ў сутычцы, у бітве, у запале. А тут цёмны пакой і чалавек, які хаваецца ад цябе, як пацук ад факстэр'ера. Я стрэліў з абодвух пулгакаў у сценку ля столі, кінуў іх на зямлю і пайшоў.

Калі я зайшоў у пакой, дзе адбылася свара, Варону паклалі ўжо ў адным з дальніх пакояў пад нагляданнем сваякоў Дубатоўка, а кампанія зноў сядзела за сталом. Я хацеў ісці адразу ж — не пусцілі. Дубатоўк пасадзіў мяне поруч з сабою і сказаў:

— Нічога, хлопча. Гэта ад нерваў у цябе. Ён жывы, будзе здаровы — чаго яшчэ? І ён будзе цяпер ведаць, як насыкацца на сапраўдных людзей. На, выпі… Я скажу табе, што ты сапраўдны чалавек. Так д'ябальскі хітра і так мужна чакаць усіх трох стрэлаў — гэта мала хто мог зрабіць. І гэта добра, што ты высакародны, ты ж мог забіць яго дзвюма астатнімі кулямі — і не зрабіў гэтага. Мая хата зараз да апошняга крыжа ўдзячна табе.

— І ўсё ж гэта дрэнна, — сказаў адзін з шляхцюкоў. — Такая вытрымка, яна не ад чалавека.