Дубатоўк скалануў галавою:
— Сам вінен, свіння. Сам палез, п'яны дурань. Хто б яшчэ падумаў крычаць пра грошы, акрамя яго. Ты ж ведаеш, што ён да яе сватаўся і атрымаў гарбуза. Я ўпэўнены, што пан Андрэй значна больш забяспечаны чалавек, чым Яноўскія. У яго галава, праца і рукі, а ў апошняй жанчыны іхняга роду — маярат, на якім трэба сядзець, як сабаку на сене, здохнуць голадам на скрыні з грашыма.
І звярнуўся да ўсіх:
— Панове, я спадзяюся на гонар усіх нас. Мне здаецца, аб тым, што здарылася, трэба маўчаць. Гэта не робіць гонару Вароне — д'ябал з ім, ён заслугоўвае катаргі, але гэта не робіць гонару і вам, і дзяўчыне, імя якой трапаў на п'яным языку гэты блазнюк… Ну, а мне і пагатоў. Адзіны, хто трымаў сябе як мужчына, гэта Беларэцкі, а ён, як сапраўдны мужчына, сціплы чалавек.
Усе згадзіліся. І госці, відаць, умелі трымаць язык за зубамі, бо па акрузе ніхто і словам не абмовіўся пасля аб гэтым здарэнні.
Калі я ішоў адтуль, Дубатоўк затрымаў мяне на ганку:
— Каня табе даць, Андрусь?
Я ўмею ездзіць, але хацеў прайсціся пехатою і ачуняць пасля ўсяго.
— Ну то глядзі.
Я пайшоў дадому верасоваю пусткаю. Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі. Часам уздрыгваў пад парывамі ветру сухі верас, часам панавала цішыня. Вялізныя стаячыя каменні трапляліся каля дарогі. Панурая гэта была дарога! Цені разрасталіся, перасякалі яе. Мне трохі хацелася спаць, і я жахнуўся ад адной думкі, што трэба ісці дарогаю, абмінаць парк, крочыць каля Волатавай прорвы. Лепей было зноў пайсці пусткаю і адшукаць патаемны лаз у агароджы.
Я збочыў з дарогі, амаль адразу трапіў у нейкую твань, перапэцкаў боты, пасля выбіўся на сухі верас, пасля зноў трапіў у гразь, упёрся ў доўгае і вузкае балота. Лаючы сябе за тое, што зрабіў вялікі круг, я ўзяў налева, бліжэй да зараснікаў на беразе ракі (я памятаў, што там было суха, і да таго ж рака трохі асушае каля сябе вільготную мясцовасць), выбіўся хутка на тую самую сцежку, па якой ішоў да Дубатоўка, і, апынуўшыся ў палове вярсты ад яго хаты, пайшоў ля зараснікаў у напрамку Балотных Ялін. Парк ужо вымалёўваўся верхавінамі дрэў вярсты за паўтары наперадзе, калі нейкае незразумелае пачуццё спыніла мяне. Ці пачуцці мае, абвостраныя ў гэты вечар гарэлкай і небяспекаю, ці нейкае незразумелае шостае пачуццё выразна сказалі мне, што я не адзін на раўніне. Што было гэта, другое, я не ведаў, але быў упэўнены, што яно яшчэ далёка. Я прыспешыў крокі, хутка абмінуў той язык дрыгвяністага месца, у які ўлез нядаўна і які перагароджваў мне шлях. Атрымалася так, што я стаяў амаль ля зараснікаў, проста перада мною ў вярсце быў парк Балотных Ялін, дрыгвяністая лагчына метраў у дзесяць шырынёй аддзяляла мяне ад таго месца, дзе знаходзіўся сорак хвілін таму, дзе сунуўся ў твань (я згубіў гэтыя хвіліны, каб зрабіць круг). За лагчынаю ляжалі пусткі, роўна асветленыя ўсё тым самым няпэўным святлом, а за імі — дарога. Калі павярнуцца назад, то далёка ў правым баку мігцеў апошні агеньчык у хаце Дубатоўка, мірны і ружовы, а ў левым баку, таксама далёка, за пусткамі віднеліся разложыстыя і агромністыя верхавіны Яноўскай пушчы. Але яна была вельмі-вельмі далёка, на мяжы пустак і балот.
Я стаяў і слухаў, хоць нейкае неспакойнае пачуццё і казала мне, што яно зараз бліжэй. Я ж не мог паверыць у прадчуванні: павінна была быць нейкая рэальная прычына для гэтага душэўнага стану. Я не мог нічога бачыць: лёгкі туман укрываў раўніну. Я нічога не чуў. Што ж гэта магло быць, адкуль гэты сігнал? Я лёг на зямлю, прыціснуў да яе вуха і праз палову хвіліны адчуў нейкае раўнамернае страсенне зямлі. Не скажу, што я вельмі смелы чалавек, інстынкт самазахавання ў мяне, можа, нават больш моцны, ніж у іншых, але я заўжды быў вельмі дапытлівы. Я вырашыў чакаць і хутка быў узнагароджаны.
З боку пушчы па пустках рухалася нейкая цёмная маса, даволі вялікая і рухавая. Я доўгі час не мог здагадацца, што гэта такое. Пасля я пачуў дробны і роўны пошчак капытоў. Шамацеў верас. Пасля ўсё знікла, маса, відаць, спусцілася ў нейкую лагчыну, а калі з'явілася зноў — пошчак змоўк. Яна імчалася бязгучна, быццам плыла ў паветры, рабілася ўсё бліжэй і бліжэй. Пасля зрабілася большай, відаць, звярнула і замест галавы паказала мне бок. Яшчэ хвіліна, і я аж надаўся наперад. У хвалях слабага празрыстага туману ясна вымалёўваліся сілуэты коннікаў, якія імчалі шалёным намётам, аж конскія грывы веялі на ветры. Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе. Я яшчэ сумняваўся, калі вецер прынёс аднекуль далёкі водгук паляўнічага рога. Халодны сухі мароз прайшоў па маёй спіне.
Цьмяныя цені коннікаў беглі ад дарогі наўскос да дрыгвяністай лагчыны. Веялі па ветры плашчы-велеісы, коннікі прама, як лялькі, сядзелі ў сядле, і ніводны гук не далятаў адтуль. Менавіта ў гэтым маўчанні і было самае жахлівае. Нейкія светлыя плямы выдзяляліся на гэтым туманным фоне. А дваццаць першы скакаў наперадзе, не матляючыся ў сядле, вочы яго закрываў нізка насунуты капялюх з пяром, твар быў змрочны і бледны, вусны падціснуты.
Дзікі верас спяваў пад іхнімі нагамі.
Я дапытліва глядзеў на вострыя насы, якія тырчалі з-пад капелюхоў, на тонкія, знізу калматыя ногі коней нейкай невядомай пароды.
Бязгучна скакала па верасе дзікае паляванне караля Стаха, імчалі шэрыя, туманныя, нахіленыя наперад постаці.
Я не адразу зразумеў, што яны, блукаючы балотам, натрапілі на мой след і зараз ідуць па ім па маю душу. Яны спыніліся, усё так жа бязгучна, каля таго месца, дзе я ўбіўся ў твань. Да іх было не менш дзесяці метраў праз дрыгву, я бачыў нават, што коні іхнія, туманныя коні, варанога і стракатага колераў, але не пачуў ніводнага гуку, толькі недзе ля пушчы часам спяваў прыглушаны рог. Я толькі бачыў, што адзін з іх павіснуў у сядле, паглядзеў на сляды, зноў выпраміўся. Правадыр махнуў рукою ў той бок, куды пайшоў я, агінаючы лагчыну, і паляванне памчала. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яно, агінуўшы лагчыну, павінна было быць тут. Халодная злосць віравала ў маім сэрцы: ну не, здані вы ці хто, а я вас стрэну па-належнаму!… Рэвальвер, шэсць набояў — і паглядзім. Я хутка сунуў руку ў кішэнь, і… халодны пот выступіў на маім ілбе: рэвальвера не было. Я толькі тут успомніў, што пакінуў яго ў шуфлядзе бюро ў маім пакоі.
«Гэта канец», — падумаў я.
Але чакаць канца, склаўшы лапкі, было не ў маіх правілах. Праз пятнаццаць хвілін будуць тут. Мясцовасць няроўная. Там-сям ёсць балотцы, якія мажліва перабегчы мне, а не коннікам (хоць, можа, калі яны здані, яны пералятуць іх у паветры). Я магу заблытаць сляды.
Я зняў боты, каб у першыя хвіліны не прыцягнуць увагі пагоні гукамі сваіх крокаў, і пайшоў, спачатку няспешна, а пасля, калі лагчына схавалася, хутчэй. Я пятляў, бег па верасе, ногі мае ўзмоклі ад расы. Я накіраваўся спачатку ўздоўж лагчыны, а пасля крута звярнуў да Балотных Ялін хмызамі. Некалькі разоў я бег па вадзе — ці зважаць мне было на гэта? Хутка я зноў дабег да сцежкі, а калі павярнуўся, то пабачыў дзікае паляванне ўжо на гэтым баку. Яно з той самай тупой упартасцю рухалася па маіх слядах. Пагоня імчала, грывы і плашчы рэялі ў паветры.
Карыстаючыся тым, што я схаваны ад іх хмызамі, а сцежка ідзе пад гару, я ўзяў боты ў рукі і даў па сцежцы такі клас бегу, якога не даваў ніколі да гэтага і бадай што ніколі — пасля. Я імчаў так, што вецер свісцеў у вушах, паліла ў лёгкіх, выядаў вочы пот. А тупат за маёй спіною хоць павольна, а набліжаўся. Хутка мне ўжо здавалася, што я ўпаду, я і сапраўды два разы спатыкнуўся, але выправіўся і бег, бег, бег. Павольна, вельмі павольна набліжаўся цёмны парк, а тупат гучаў усё бліжэй і бліжэй.
На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане.
Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка.
Напружыўшы апошнія сілы, я скаціўся з горкі, перасек шырокую сцежку, скокнуў у канаву і пабег па дне, па вадзе. Канава набліжалася да агароджы. Я выскачыў з яе і адным скачком перанёсся да агароджы. Яны былі ў якіх-небудзь дваццаці сажнях ад мяне, але трохі замарудзіліся, і гэта дало магчымасць праскочыць у ледзь прыкметную дзірку і захавацца ў бэзе. На сцежцы было зусім цёмна ад дрэў, і таму, калі яны амаль бязгучна прамчалі паўз мяне, я не змог разгледзець іх. Але я добра чуў, як галаўны прастагнаў: «Да прорвы».