— І не шкада вам гэтай прыгажосці? — павёў я рукою вакол сябе.
— Не, толькі б хутчэй. Я, наогул, даўно гатова знікнуць разам з гэтым гняздом і не шкадавала б ні яго, ні сябе. Але з некаторага часу я заўважыла, што мне робіцца трошкі шкада жыцця. Напэўна, яно не такая дрэнная штука, як я думала. Напэўна, і ў ім ёсць сонца, сябры, пушыстыя дрэвы, смеласць і вернасць.
— Гэта вельмі добра, што вы так думаеце.
— Не, гэта вельмі дрэнна. У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё, ніж так, як я меркавала памерці раней. Раней жах быў звыклым станам маёй душы, зараз ён ператвараецца ў штосьці такое, чаму няма наймення, чаго я не жадаю. І ўсё таму, што я пачала трошкі верыць людзям. Не трэба гэтай веры, не трэба надзеі. Лепей так, як раней. Гэта і спакойна.
Мы памаўчалі, яна нахіліла сабе на калені жоўтую напаўабляцелую галінку клёна і гладзіла яе.
— Людзі не заўсёды хлусяць. Я вельмі ўдзячна вам, пан Беларэцкі, за гэта. Вы павінны мне прабачыць, я чула вашу размову са Свеціловічам, чыстай, добрай душой, адзіным, акрамя вас ды, можа, яшчэ дзядзькі, чалавекам у гэтай акрузе. Дзякую за тое, што не паўсюль на зямлі людзі з плоскімі галовамі, тоўстым чэрапам і чыгуннымі мазгамі.
— Дарэчы, пра Дубатоўка. Як вы лічыце, ці не павінен я адкрыцца яму, каб разам узяцца за выкрыццё гэтай поскудзі?
Веі яе ўздрыганулі.
— Не трэба. Гэты чалавек трыста разоў даказваў сваю адданасць і вернасць нашаму дому, ён добры чалавек, ён не даў Гарабурдзе падаць да сыскання наш вэксаль яшчэ пры бацьку і зрабіў гэта не зусім дазволеным шляхам: вызваў яго на дуэль і сказаў, што ўсе сваякі яго будуць вызываць Гарабурду да таго часу, пакуль справа не скончыцца для яго дрэнна. Але менавіта таму я і не жадаю, каб ён умешваўся. Ён занадта гарачы, дзядзечка.
Вочы яе, прамяністыя і ціхія, заблішчалі раптам.
— Пан Беларэцкі, я даўно жадала сказаць вам нешта. Пасля ўчарашняй нашай размовы, калі вы кляліся, я зразумела, што чакаць нельга. Вы павінны пакінуць Балотныя Яліны, пакінуць сёння, самае позняе заўтра, і ехаць у горад. Хопіць. Адспявалі скрыпкі. У свае правы ўступае смерць. Вам няма чаго рабіць тут. Едзьце. Пакіньце гэты забруджаны стагоддзямі дом, гнілых людзей, іхнія злачынствы таму, што да іх пасуе: ночы, дажджы. Вы занадта жывы для гэтага. І вы чужы.
— Надзея Раманаўна! — залямантаваў я. — Што вы кажаце! Мяне ўжо называлі тут чужынцам. Ці мог я чакакаць, каб і з вашых вуснаў даляцела да мяне тое самае жорсткае слова? Чым я заслужыў яго?
— Нічым, — суха сказала яна. — Але позна. Усё на свеце позна прыходзіць. Вы занадта жывы. Ідзіце да свайго народа, да тых, хто жыве, галадае і смяецца. Ідзіце перамагаць. А мёртвым пакіньце магілы…
Я раззлаваўся да непрытомнасці:
— А вы не мой народ? А гэтыя людзі, запалоханыя і галодныя, гэта не мой народ? А Свеціловіч, якому я павінен буду здрадзіць, гэта не мой народ? А гэтыя праклятыя Богам балоты, дзе чыніцца мярзота, гэта не мая зямля? А дзеці, якія плачуць уначы, пачуўшы пошчак капыт дзікага палявання, якія дрыжаць ад жаху ўсё жыццё, гэта не дзеці маіх братоў? Як вы смелі нават прапанаваць мне такое?!
Яна ламала рукі:
— Пане Беларэцкі… Няўжо вы не разумееце, што позна абуджаць да жыцця гэтую мясцовасць і мяне? Мы стаміліся спадзявацца, не абуджайце нашай надзеі. Позна! Позна! Няўжо вы не разумееце, што вы адзін, што вы нічога не зробіце, што пагібель ваша — гэта будзе жахліва, гэта будзе непапраўна! Я не дарую сабе гэтага. О, каб вы ведалі, якія гэта жахлівыя здані, якія ненажэрныя да чужой крыві!
— Надзея Раманаўна, — сказаў я холадна, — ваш дом — моцная крэпасць. Але калі вы гоніце мяне, я пайду ў менш надзейную, але не пакіну гэтай мясцовасці. Зараз трэба або памерці, або перамагчы. Памерці — калі гэта здані. Перамагчы — калі гэта людзі. Я не паеду адсюль, не паеду нізавошта на свеце. Калі я перашкаджаю вам — іншая справа. Але калі ваша просьба выклікана толькі тым, што вы баіцёся за мяне, не хочаце рызыкаваць маёй скурай, — я застаюся. Урэшце, гэта мая скура, і я маю поўнае права карыстацца ёй, як сам захачу. Разумееце?
Яна паглядзела на мяне разгублена, са слязьмі на вачах.
— Як вы маглі нават падумаць, што я не хачу бачыць вас у гэтым доме?! Як вы маглі падумаць? Вы мужны чалавек. Мне спакойна з вамі. Мне, нарэшце, добра з вамі, нават калі вы такі грубы, як зараз былі. Шляхціц так не сказаў бы. Яны такія гжэчныя, вытанчаныя, так хаваюць свае думкі. Мне так апрыкрала гэта. Я хачу бачыць вас у гэтым доме, я толькі не хачу бачыць вас такім, як учора, або…
— Або забітым, — падхапіў я. — Не хвалюйцеся. Больш вы мяне такім не пабачыце. Зброя са мною. І зараз не я ад іх, а яны ад мяне будуць бегаць, калі хоць кропля крыві ёсць у іхніх бясплотных жылах.
Яна ўстала і пайшла з альтанкі. Ля самага ўвахода пастаяла хвіліну спіной да мяне, павярнулася і, гледзячы ўніз, сказала:
— Я не хацела, каб вы рызыкавалі жыццём. Вельмі не хацела. Але пасля вашага адказу я думаю пра вас у сто разоў лепш. Толькі вельмі сцеражыцеся, Беларэцкі. Не забывайце нідзе зброі. Я… вельмі рада, што вы не паслухаліся мяне, не вырашылі ехаць. І я згодна з вамі, што людзям трэба дапамагчы. Мая небяспека — глупства, але іншыя людзі — усё. Яны, можа, тут больш вартыя шчасця, чым тыя, на сонечных раўнінах, бо яны больш пакутавалі ў чаканні яго. І я згодна з вамі: ім трэба дапамагчы.
Яна пайшла, а я яшчэ доўга сядзеў і думаў пра яе. Я быў уражаны, сустрэўшы ў гэтым балоце такую высакароднасць і прыгажосць душы.
Вы ведаеце, як падвышае і ўзмацняе чалавека веданне таго, што на яго нехта пакладаецца, як на каменны мур. Але я, відаць, дрэнна ведаў сябе, бо наступная ноч належыць да самых жахлівых і непрыемных успамінаў майго жыцця. Год дзесяць пасля я, прыпамятаўшы яе, мыкаў і стагнаў ад ганьбы, і жонка пыталася ў мяне, што са мною здарылася. І я ніколі, аж па сённяшні дзень, не распавядаў пра гэтую ноч і мае думкі нікому.
Можа, і вам не распавёў бы, але мне ў галаву прыйшла думка, што не так важлівыя ганебныя думкі, як тое, ці здолеў чалавек іх перамагчы, ці не прыходзілі яны да яго пасля. І я вырашыў расказаць вам гэта для навукі.
Перад вечарам да мяне прыйшоў Свеціловіч. У гаспадыні балела галава, і яна яшчэ да яго з'яўлення зачынілася ў пакоі. Мы размаўлялі перад камінам удвух, і я расказаў яму пра здарэнні мінулага вечара. Выраз непаразумення адбіўся на яго твары, і я спытаў, што яго так здзіўляе.
— Нічога, — адказаў мне ён. — Ахмістрыня — гэта глупства. Магчыма, яна проста крадзе ў гаспадыні з яе мізэрных набыткаў, магчыма, яшчэ што. Я даўно ведаю гэту бабу: даволі скупаватая і дурная, як бот. У яе мазгі заплылі тлушчам, і на злачынства яна не здатная, хоць пасачыць за ёй, здаецца, нядрэнна. Блакітная Жанчына таксама лухта. У наступны раз, калі пабачыце яе, стрэльніце ў той бок. Я не баюся зданяў-жанчын. А вось вы лепей адгадайце, чаму я так здзівіўся, пачуўшы пра ўчарашняе дзікае паляванне?І
— Н-не ведаю.
— Ну, а скажыце, ці не было ў вас ніякіх падазрэнняў наконт Вароны? Скажам, так. Варона сватаецца да Яноўскай, атрымлівае гарбуза і пасля, каб адпомсціць, пачынае выкідваць жарцікі з дзікім паляваннем. Вы не чулі пра сватанне? Так, так, яшчэ два гады таму, пры жыцці Рамана, ён прапанаваў гэтаму, тады яшчэ дзіцёнку, руку і сэрца. Таму і на вас злуецца, таму і сваркі шукаў, а калі не атрымалася — вырашыў прыбраць вас з дарогі. Я толькі думаў, што гэта будзе трохі пасля.
Я задумаўся:
— Прызнаюся вам, такія думкі ў мяне былі. Магчыма, я нават даў бы ім волю, каб не ведаў, што Варона ляжыць паранены.
То якраз глупства. Адразу амаль пасля вашага адыходу ён з'явіўся да стала, зялёны і змрочны, але амаль цвярозы. Кровапусканне дапамагло. Ён быў закручаны бінтам, як качан капусты, адзін нос і вочы глядзелі. Дубатоўк яму: «Што, хлопча, сорамна, напіўся, як свіння, мяне на дуэль выклікаў, а нарваўся на чалавека, які табе даў чосу?» Варона паспрабаваў усміхнуцца, але ад слабасці хіснуўся: «Сам бачу, дзядзька, што я дурань. І Беларэцкі так мяне правучыў, што я больш ніколі лезці да людзей не буду». Дубатоўк толькі галавою пахітаў: «Вось што гарэлачка, моц божая, з ёлупамі робіць». А Варона яму: «Я думаю, трэба ў яго прабачэння папрасіць. Нязручна. Усё адно як паклікалі ў госці і спрабавалі высцебаць». Пасля падумаў: «Не, — кажа, — прабачэння прасіць не буду, злуюся трохі. І, урэшце, ён задавальненне атрымаў». І я вам скажу яшчэ, ён сядзеў з намі, а мы пілі да самага світання. Дубатоўк да таго напіўся, што пачаў уяўляць сябе хрысціянскім пакутнікам пры Нероне, і ўсё намагаўся пакласці рукі ў блюда са жжонкай. Гэты твой секундант, боўдур год пад сорак, усё плакаў і крычаў: «Матухна, прыйдзі сюды, пагладзь мяне па галоўцы. Крыўдзяць твайго сына, не даюць яму больш гарэлкі». Чалавекі тры так і заснулі пад сталом. Ніхто з іх не выходзіў ані на хвіліну, так што да дзікага палявання ні Варона, ні Дубатоўк дачынення не маюць.