Выбрать главу

— А вы што, і Дубатоўка падазравалі?

— А чаму не? — жорстка сказаў Свеціловіч. — Я нікому зараз не давяраю. Справа ідзе пра Надзею Раманаўну. Што ж я Дубатоўка буду адсюль, з падазроных, выключаць? З якой прычыны? Што добры ён? У-га як чалавек прыкінуцца можа! Я і сам… учора нават не падыходзіў да вас пад час дуэлі, каб не падазравалі, калі яны злачынцы. І зараз не буду падыходзіць, не трэба. Я і вас падазраваў: раптам… ды пасля схамянуўся. Вядомы этнограф ідзе ў бандыты! Ха! Так і Дубатоўк мог ягняткам прыкінуцца. А галоўнае, не спадабаўся мне ягоны гэты падарунак, партрэт Рамана Старога. Як быццам назнарок, каб дзяўчыну з каляі выбіць.

— А што, — схамянуўся я, — сапраўды падазрона… Яна зараз нават ля каміна сядзець баіцца.

— То-та ж бо, — прыгнечана сказаў Свеціловіч. — Значыцца, не ён кароль Стах. Падарунак гэты якраз на яго карысць кажа. І ўчарашняя падзея.

— Слухайце, — сказаў я. — А чаму б не дапусціць, што кароль Стах — гэта вы. Вы ж пайшлі ўчора пазней мяне, вы да мяне без усякай падставы раўнуеце. Вы, можа, мне проста вочы замыльваеце, а на самай справе, ледзь толькі я выйшаў, як вы: «На коні, хлопцы!»

Я ні на хвіліну не думаў так, але мне не спадабалася, што даверлівы шчыры хлопец сёння трымае сябе як недаверлівы дзед.

Свеціловіч глядзеў на мяне, як ачмурэлы, лыпнуў разы са два вачыма і раптам зарагатаў, адразу ператварыўшыся зноў у добрага чыстага юнака.

— То-та ж бо, — адказаў я ягоным тонам. — Не плявузгайце на такіх старых, як Дубатоўк, дарэмна. Абразіць чалавека нядоўга.

— Ды я і не думаю зараз на яго, — усё яшчэ рагочучы, адказаў ён. — Я ж вам казаў, яны былі са мною. Калі пачало днець, Вароне зрабілася вельмі дрэнна, пайшла зноў кроў, пачаў трызніць. Паслалі аднаго за дзедам-знахарам, пасля нават урача прывезлі, не паленаваліся ў павет паехаць. Прыехаў ён зусім нядаўна і прыгаварыў Варону да тыдня ў ложку. Сказалі, што атрымалася выпадкова.

— Ну, а хто б яшчэ мог быць?

Мы перабралі ўсё наваколле, але ні на кім не спыніліся. Думалі пра Бермана нават і хоць разумелі, што ён — цялё, вырашылі напісаць ліст да знаёмых Свеціловіча ў губернскі горад і даведацца, як ён там жыў раней і што ён за чалавек. Гэта было патрэбна таму, што ён быў адзіны з людзей яноўскага наваколля, пра якога мы нічога не ведалі. Мы гадалі і так і сяк, але ні да чаго не маглі дадумацца.

— Хто багацейшы ў ваколіцах Балотных Ялін? — спытаў я.

Свеціловіч падумаў:

— Яноўская, здаецца… Хоць багацце яе мёртвае. Пасля ідзе Гаровіч (ён не жыве тут), пасля пан Гарабурда — між іншым, галоўны наследнік Яноўскай у тым выпадку, калі б яна памерла зараз. Пасля ідзе, пэўна, Дубатоўк. Зямлі ў яго мала, гаспадарка і хата, самі бачыце, бедныя, але, відаць, ёсць прыхаваныя грошы, бо ў яго заўсёды ядуць і п'юць госці. Астатнія — дробязь.

— Вы кажаце — Гарабурда наследнік Яноўскай. Чаму ён, а не вы, яе сваяк?

— Я ж вам казаў, бацька сам адмовіўся ад права на спадчыну. Небяспечна, маёнтак не дае даходу, на ім вісяць нейкія вэксалі, як кажуць.

— А вы не думаеце, што Гарабурда…

— Гм. А якая яму выгада злачынствам зарабляць тое, што ўсё адно можа належаць яму. Скажам, Яноўская выйдзе замуж — вэксаль у яго, калі гэта не байка. Ды ён і баягуз, якіх мала.

— Так, — задумаўся я. — Тады пойдзем другім шляхам. І вось якім: трэба даведацца, хто выбавіў у той вечар Рамана з дому. Што мы ведаем? Што дзіцё было ў нейкіх Кульшаў? А можа, Раман зусім не па яго выехаў? Я ж гэта ведаю са слоў Бермана. Буду пытаць у Кульшаў. А вы навядзіце спраўкі пра жыццё Бермана ў губернскім горадзе.

Я праводзіў яго да дарогі і вяртаўся ўжо ў прыцемку алеяю. Брыдка і непрыемна было мне на душы. Алея, уласна, даўно ператварылася ў сцежку і ў адным месцы агінала вялізны, як дрэва, круглы куст бэзу. Мокрыя сэрцападобныя лісты, яшчэ зусім зялёныя, цьмяна блішчалі, з іх падалі празрыстыя кроплі, і куст плакаў.

Я абмінуў яго і адышоў крокаў на дзесяць, калі раптам нешта суха луснула ззаду. Я адчуў пякучы боль у плячы.

Сорамна сказаць, але ў мяне адразу затрэсліся жылкі. «Вось яно, — падумаў я, — зараз пекануць яшчэ раз». Трэба было стрэльнуць проста ў бэз ці нават проста кінуцца бегчы — усё было б разумней таго, што я зрабіў. А я, з вялікага перапуду, павярнуўся і кінуўся бегчы проста на куст, грудзьмі на кулі. І тут я пачуў, што ў хмызах нешта затрашчала, хтосьці кінуўся ўцякаць. Я гнаўся за ім, як шалёны, і толькі здзівіўся, чаму ён не страляе. А ён, відаць, дзейнічаў таксама інстынктыўна: уцякаў ва ўсе лапаткі і так хутка, што храбусценне сціхнула, а я так і не пабачыў яго.

Тады я павярнуўся і пайшоў дадому. Я ішоў і амаль роў ад крыўды. У пакоі я агледзеў рану: глупства, драпіна верхняга плечавога мускула. Але за што? За што? З песні слова не выкінеш, напэўна, пасля ўзрушэння апошніх дзён выявіўся ў мяне агульны заняпад нерваў, але я гадзіны дзве літаральна курчыўся ад жаху на сваім ложку. Ніколі б я не падумаў, што чалавек можа быць такім мізэрным смаўжом. Я ледзь не плакаў.

Прыпомнілася папярэджанне, крокі ў калідоры, жахлівы твар у акне. Блакітная Жанчына, бег па верасовых пустках, гэты стрэл у спіну.

Заб'юць, неадменна заб'юць. Мне здавалася, што цемра глядзіць на мяне нябачнымі вачыма нейкай пачвары, што вось нехта падкрадзецца зараз і схопіць. Сорамна сказаць, але я накінуў коўдру на галаву, каб не схапілі з боку падушкі, як быццам коўдра магла абараніць. І мімаволі невядома адкуль з'явілася подленькая думка: «Трэба ўцякаць. Ім лёгка на мяне пакладацца. Няхай самі разбіраюцца з гэтымі агідамі і з гэтым паляваннем. Звар'яцею, калі яшчэ тыдзень пабуду тут».

Ніякія маральныя крытэрыі не дапамагалі, я калаціўся як асінавы ліст, а калі заснуў, то быў такім выснажаным, быццам век вазіў каменні. Напэўна, калі б прагучалі крокі Малога Чалавека, я б залез у той вечар пад ложак, але таго, на шчасце, не было.

Ранак надаў мне мужнасці, я быў надзіва спакойны.

Я вырашыў у той дзень пайсці да Бермана, тым больш што гаспадыня яшчэ хварэла. За домам стаялі вялізныя, вышэй чалавека, ужо засыхаючыя лопухі. Праз іх я дабраўся да ганка і пастукаў у дзверы. Мне не адказалі, я пацягнуў дзверы на сябе, і яны адчыніліся. Невялічкі перадпакой быў пусты, вісела толькі паліто Бермана. Я кашлянуў. Нешта зашарудзела ў пакоі. Я пастукаў — голас Бермана сказаў перарывіста:

— Х-хто? Заходзь-це.

Я ўвайшоў. Берман прыўзняўся з-за стала, тым самым жэстам захінаючы халат на грудзях. Твар яго аж збялеў.

— Дзень добры, пан Берман.

— С-сядайце, сядайце, калі ласка, — ён замітусіўся так, што мне зрабілася нязручна.

«Чаго прыплёўся да яго? Чалавек любіць самоту. Бач ты, як спалохаўся…»

А Берман ужо адышоў.

— Сядайце, сядайце, шматпаважаны, сядайце, шаноўны пан.

Я паглядзеў на крэсла і пабачыў на ім талерку з нейкай недаедзенай стравай і дэсертную лыжку. Берман хутка схапіў яе.

— Прабачце, вырашыў задаволіць свой, так бы мовіць, апетыт.

— Калі ласка, ешце, — сказаў я.

— Што вы, што вы!… Есці ў прысутнасці гжэчнага пана… Я не магу.

Вусны фарфоравай лялькі прыемна крывіліся.

— Вы не заўважылі, васпан, якое гэта непрыемнае відовішча, калі чалавек харчуецца? О, гэта жахліва! Ён тупа плямкае, чамкае і нагадвае нейкую худобу. Ва ўсіх людзей так выразна праяўляецца падабенства да якога-небудзь звера. Той жарэ, як леў, той чамкае, як, прабачце, тая жывёла, якую пасвіў блудны сын. Не, пане-дабрадзею, я ніколі не ем на людзях.

Я сеў. Пакой быў вельмі сціпла абстаўлены. Жалезны ложак, які нагадваў гільяціну, стол, два крэслы, яшчэ стол, увесь завалены кнігамі і паперамі. Толькі абрус на стале быў незвычайны, вельмі цяжкі, сіні з золатам. Звісаў ён да самай падлогі.