Выбрать главу

Я пайшоў за ёю. У перадпакоі ляжалі на падлозе кажух, побач з ім сядло, віселі на сцяне бізун і некалькі закарэлых лісіных шкур. Акрамя таго, тут стаяў трохногі зэдлік і ляжаў бокам партрэт нейкага мужчыны, брудны і прадзёрты наўскос. А ў наступным пакоі быў такі гармідар, як быццам тут змяшчаўся чатырыста год таму філіял Грунвальдскай бітвы і з тых часоў тут больш не змяталі пылі і не мылі шыб. Стол з ножкамі ў выглядзе антычных гермаў быў пастаўлены коса, ля яго крэслы, падобныя на ветэранаў вайны, бязногіх і ледзь дыхаючых. Шафа ля сцяны нахілілася і пагражала ўпасці камусь на галаву. Ля дзвярэй стаяў на падлозе вялікі бюст Вальтэра, вельмі падобнага на гаспадыню, і какетліва на мяне паглядаў з-пад анучы, якая замест лаўраў вянчала ягоную галаву. У адным кутку прыткнулася трумо, запэцканае нечым вельмі падобным на птушыны памёт. Апрача таго, верхняя палова трумо была пакрыта шарам пылу, затое з ніжняй паловы пыл быў старанна сцёрты. Чарапкі пасуды, скарынкі хлеба, косткі рыбы пакрывалі падлогу. Усё гэта было, як у гняздзе птушкі-зімародка, дно якога выслана рыбнай лускою. І сама гаспадыня нагадвала зімародка, гэту змрочную і дзівосную птушку, якая любіць самоту.

Яна павярнулася да мяне, я пабачыў зноў яе твар, на якім нос павіс амаль да падбародка, і рот з вялікімі зубамі. Зубы здаваліся асабліва вялікімі, бо былі адкрыты разам з дзяснамі, як быццам на твары не хапіла скуры на тое, каб прыкрыць рот.

— Рыцар, чаму б вам не сцерці гэты пыл, з верхняй паловы трумо? Я хацела б бачыць сябе ва ўвесь рост. Ва ўсёй прыгажосці.

Я толькі хацеў было выканаць гэта, як яна раптам сказала:

— А вы вельмі падобны да майго нябожчыка мужа. Ух, які гэта быў чалавек! Ён жыўцом узнёсся на неба, першы з людзей пасля Іллі-прарока. А Раман жывым трапіў у апраметную. Гэта ўсё злы геній яноўскага наваколля — дзікае паляванне караля Стаха. З таго дня я пакінула прыбіраць у гэтым доме на знак сваёй жалобы. Праўда, прыгожа? І так рамантычна!

Яна какетліва ўсміхнулася да мяне і пачала строіць вочкі па няпісаных правілах пансіёнаў высакародных дзявіц: «Вочкі на субяседніка, пасля ўбок з лёгкім нахілам галавы, зноў на субяседніка, у верхні кут залы і ў зямлю».

Гэта была злосная пародыя на чалавечыя пачуцці. Усё адно як малпа пачала б нечакана спяваць песню Афеліі ў англійскім арыгінале.

— Тут прыгожа. Толькі жахліва! Уй, як жахліва! Бр-р-р!… Бр-р-р!…

Яна раптам кінулася ад мяне на падлогу і залезла галавою пад купу нейкіх брудных ануч.

— Прэч! Прэч адсюль! Вы кароль Стах!

Жанчына білася і крычала, яе жоўтая нага выглядала з пыльных рызманоў. Я з жахам падумаў, што, магчыма, такі будзе лёс усіх людзей наваколля, калі незразумелы жах будзе і далей чорным крылом вісець над гэтай зямлёй.

Я збіраўся адступіць, як нечая рука лягла на маё плячо і грубы мужчынскі голас сказаў:

— Чаго вы тут? Хіба вы не бачыце, што яна трохі… дзівачка?

Хлоп пайшоў у перадпакой, прынёс адтуль прадзёрты партрэт мужчыны ў фраку і з «Уладзімірам» у пятлічцы і паставіў яго на стол. Пасля выцягнуў жанчыну з рызманоў, пасадзіў яе перад партрэтам.

— Пані Кульша, гэта не кароль Стах, не. Гэта з'явіўся пан фельдмаршал паглядзець на славутую тутэйшую красуню. А кароль Стах, вось ён, на партрэце, ён зусім мёртвы і нікога не можа забіць.

Жанчына паглядзела на партрэт. Сціхла. Мужчына дастаў з-за пазухі кавалак хлеба, чорнага, як зямля. Старая паглядзела на невядомага, засмяялася радасна і пачала шчыкаць пальцамі хлеб і класці яго ў рот, усё гледзячы на партрэт.

— Кароль Стах. Мужанёк ты мой. Што вароціш свой твар?!

Яна то драпала партрэт, то радасна нешта шаптала яму і ўсё ела хлеб. Мы атрымалі магчымасць размаўляць. Я глядзеў на мужчыну, апранутага ў сялянскую світку і поршні — скураныя палескія лапці, а ён глядзеў на мяне.

Мужчына быў год пад трыццаць, выключна высокі і добра складзены, з магутнымі пукатымі грудзьмі, трохі гарбаватай, калі сядзеў, спіною і загарэлай шыяй. Доўгія вусы рабілі твар суровым і жарсткаватым. Гэтаму ўражанню дапамагалі яшчэ дзве зморшчкі паміж броваў і шырока пастаўленыя пякучыя вочы. Белая магерка была насунута нізка на лоб. Чымсьці вольным, лясным веяла ад яго.

— Вы, пэўна, Рыгор, вартаўнік Кульшы?

— Так, — адказаў ён з іроніяй. — А вы, напэўна, новы госць пані Яноўскай? Чуў я пра такую птушку. Добра спяваеце.

— І вы заўжды так з ёю? — Я паказаў на старую, якая засяроджана плявала ў партрэт.

— Заўжды. Вось ужо два гады, як яна такая.

— А чаму вы яе не завязеце ў павет лячыць?

— Шкода. Як была здаровая, дык госці ездзілі, а зараз ніякая сабака… Шляхта! Паночкі нашы, туды іх…

— І цяжка даводзіцца?

— Ды не, калі я на паляванні, дык Зося глядзіць за ёю. Ды яна не часта шалее. І не патрабуе многа. Толькі хлеба вельмі многа есць, а так нічога не хоча. Ён выцягнуў з кішэні яблык і працягнуў старой:

— На, пані шаноўная.

— Не хачу, — адказала тая, упісваючы хлеб. — Паўсюль атрута, толькі хлеб чысты, божы.

— Бачыце, — сказаў Рыгор змрочна. — Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу.

І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся.

— І чаго гэта яна?

— Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам.

— Ну, а Яноўскай таксама?

— Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада.

Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік.

— Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе.

— Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася.

— Я вырашыў разблытаць гэтую справу з паляваннем караля Стаха. Разумееш, ніколі не бачыў прывідаў, хачу рукамі памацаць.

— Прывіды… — гмыкнуў ён. — Добрыя прывіды, калі іхнія коні самым сапраўдным гноем свае сляды пэцкаюць. І потым, навошта вам гэта, пан ласкавы? Якія такія прычыны?

— Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына — што ж… цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей.

— Так. Пра гаспадыню і я чую, — скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. — Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў.

Я быў уражаны:

— Адкуль ведаеш?

— У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць. Уцякаў ты, як чалавек з розумам. А вось горш тое, што я іхнія сляды заўжды губляю. І пачынаюцца яны, і канчаюцца на гасцінцы.

Я распавёў яму пра ўсё, з самага пачатку. Рыгор сядзеў нерухома, вялікія шурпатыя рукі яго ляжалі на каленях.

— Я даслухаў, — сказаў ён проста, калі я скончыў. — Ты мне падабаешся, пан. З мужыкоў, ці што? І я так думаю, што ты калі і не з мужыкоў, дык ля мужыкоў блізка ляжаў. І сам я даўно думаў гэтых зданях трахануць, каб пер'е паляцела, ды таварыша не было. Калі не жартуеш, давай разам. Але ж, бачу я, ты гэта толькі зараз прыдумаў: звярнуцца да мяне. Чаму раптам так прыдумаў? І чаго хацеў да гэтага?

— Чаму вырашыў, сам не ведаю. Пра цябе казалі, што ты Яноўскую, калі яна сіратой засталася, шкадаваў. Надзея Раманаўна казала, што ты нават хацеў вартаўніком у Балотныя Яліны перайсці, ды не атрымалася. Ну і потым спадабалася мне, што ты незалежны, што хворую так даглядаеш. А да гэтага я проста жадаў спытаць, чаму якраз у той вечар, калі загінуў Раман, дзяўчынка затрымалася ў Кульшаў?

— Чаму затрымалася, я ведаю. У той дзень у маёй гаспадыні дзяўчаты сабраліся з навакольных фальваркаў. Весела было. А вось чаму яе, Яноўскую, запрасілі сюды — я не ведаю, яна ж тут колькі гадоў да гэтага не была. Але пані, самі бачыце, якая, яна не скажа.

— Чаму не, — усміхнулася раптам амаль разумна старая. — Я скажу. Я зусім не звар'яцела, мне проста так зручна і бяспечна. Папрасіў запрасіць бедную Надзейку пан Гарабурда. І ягоная ж пляменніца была тады ў мяне. Такому рыцару, як вы, пан фельдмаршал, я ўсё скажу. Так, так, гэта Гарабурда даў тады такую параду ўзяць дзіця. У нас усе такія добрыя. Нашыя вэксалі ў пана Дубатоўка — ён іх не падаваў да сыскання. Гэта, маўляў, залог, што будзеце часта ездзіць да мяне ў госці, піць віно. Я вас зараз нават сілаю магу запрасіць піць гарэлку… Так, усе запрашалі Надзейку. Гарабурда, і фельдмаршал Каменскі, і Дубатоўк, і Раман і кароль Стах. Вось гэты. А бедная ж твая галовачка! А ляжаць жа твае косы залатыя поруч з бацькавымі касцямі.